КА́ЎФМАН ((Kauffmann) Марыя Ганна Ангеліка) (Анжэліка) Катарына (30.10.1741, г. Кур, Швейцарыя — 5.11.1807),

швейцарскі жывапісец і графік; прадстаўніца класіцызму. Вучылася ў бацькі — аўстр. жывапісца І.І.Каўфмана. Працавала ў Італіі, Аўстрыі, Англіі. Элегантны, свецкі стыль яе твораў склаўся пад уплывам англ. партрэтнага жывапісу, вызначаецца гладкай манерай пісьма і дасканалай прапрацоўкай дэталей. Майстар партрэта (аўтапартрэт, 1762; «Агюст Тысо», 1783; «Баранеса дэ Крудэнер з сынам», 1786; партрэт І.В.Гётэ, 1787), у т. л. параднага (партрэты Паўла I, Іосіфа II, Людовіка IV Баварскага і інш.). Аўтар сентыментальна-пачуццёвых сцэн на міфалагічныя, рэліг., гіст. і літ. сюжэты: «Развітанне Абеляра і Элаізы», «Музыка і жывапіс» (1782), «Каранаванне Марыі» (1802). Працавала ў афорце, кніжнай ілюстрацыі («Месіяда» Ф.Г.Клопштака).

т. 8, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)