Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ТЫК (ад грэч. attikos атычны),
сценка над карнізам, якая завяршае будынак і мае дэкар. значэнне. Часам адпавядае невысокаму паверху (т.зв. атыкавы паверх). Узнік у архітэктуры Стараж. Грэцыі, пашыраны ў Стараж. Рыме ў выглядзе высокай сценкі, якая завяршала трыумфальную арку і афармлялася рэльефамі або надпісамі. Выкарыстоўваўся ў архітэктуры готыкі, найб.шырока — у архітэктуры Адраджэння, барока, класіцызму. Асн. разнавіднасці атыка: суцэльны, балюстрадны і аркадны, грабеньчаты, шчытавы. На Беларусі вядомы з 16 ст. ў рэнесансавых палацах, грамадскіх будынках, храмах. Пашыраны ў 1950-я г. ў архітэктуры жылых і грамадскіх пабудоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕА́НДР,
геаметрычны арнамент у выглядзе ламанай пад прамым вуглом лініі, якая ў цэлым глядзіцца як вузкая паласа аднолькавых звязаных паміж сабой матываў. Распрацаваны і шырока выкарыстоўваўся ў мастацтве Стараж. Грэцыі (арх. дэкор, вазапіс, аздабленне тканін і інш.), распаўсюдзіўся ў еўрап. мастацтве. На Беларусі найб.пашыраны ў пач. 20 ст. ў стылі мадэрн: арх. дэкор (фрыз будынка б. мужчынскай гімназіі ў Гомелі), маст. ліццё (балконы б. дома губернатара ў Віцебску, жылыя дамы ў Гродне) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КОРД,
сякучая зброя блізкага бою з адналязовым простым або злёгку выгнутым клінком; пераходны варыянт ад мяча да шаблі. Быў пашыраны ў сярэдневяковай Зах. Еўропе. На Беларусі шырока выкарыстоўваўся ў 15—17 ст., калі стаў уваходзіць у баявы рыштунак шляхецкага войска. Пазней доўга заставаўся асабістай зброяй дробнай шляхты. У пісьмовых крыніцах 16—18 ст. К. часта называлі сякучую зброю з доўгім клінком. На Беларусі цэлы К. знойдзены археолагамі каля Ліды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЗНАЦВЕ́Т, восеннік (Colchicum),
род кветкавых раслін сям. лілейных. Каля 60 відаў. Пашыраны пераважна ў Міжземнамор’і, Іране і на У — да Паўн. Індыі. На Беларусі 1 цэнтр.-еўрап. рэліктавы від — П. асенні (C. autumnale), занесены ў Чырв. кнігу Як дэкар. расліну вырошчваюць П. цудоўны (C. speciosum).
Шматгадовыя клубнецыбульныя расліны з кароткім сцяблом. Лісце лінейнае або шырока-ланцэтнае. Кветкі (1—8) буйныя, рознай афарбоўкі, у некат. відаў паяўляюцца ў канцы лета ці восенню (адсюль назва). Плод — каробачка. Лек., дэкар. расліны. Ядавітыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРНІ́К,
адзін з відаў ахаванага грунту для вырошчвання агародніны, кветкавых культур і іх расады. Тыпы П.: аднасхільны, двухсхільны; паглыблены, наземны (стацыянарны і пераносны). Найб.пашыраны паглыблены П., які размяшчаюць з У на З для лепшага выкарыстоўвання сонечнага святла. Укрываюць зашклёнымі рамамі, шырока выкарыстоўваюць празрыстую плёнку. Крыніцы абагрэву П.: сонца, біяпаліва (часцей конскі гной), падагрэтая вада, электраэнергія і інш. П. дае магчымасць атрымліваць ураджай на 7—25 сут раней і некалькі разоў за сезон.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРАЛІТЭ́ (франц. moralité),
жанр павучальнай алегарычнай драмы зах.-еўрап. тэатра 15—16 ст. Узнік у Францыі (п’еса «Разважлівы і Неразумны», 1436). Быў пашыраны ў Англіі, Галандыі, Швейцарыі, Італіі. Асн. дзейныя асобы — алегарычныя персанажы, якія ўвасаблялі розныя дабрадзейнасці і заганы (Вера, Справядлівасць, Сквапнасць і інш.) і вялі барацьбу паміж сабой за душу чалавека. Сюжэты М., рэліг. па духу, але свецкія па форме, узнаўлялі пэўныя сітуацыі рэальнага жыцця, што адрознівала яе ад містэрыі і міракля. Шырока ўжывалася ў школьнай драме 18 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРСІ́Ў (ням. Kursiv ад позналац. cursivus літар. які бяжыць),
1) адзін з абрысаў друкарскага шрыфту з нахілам асн. штрыхоў літар направа. Нагадвае рукапісны почырк. Выкарыстоўваецца пераважна для выдзялення асобных частак набору, найб.шырока — у энцыклапедычных і інш. даведачных выданнях. Упершыню ўжыты ў т.зв. альдзінах — выданнях венецыянскіх друкароў 15—16 ст. Выкарыстоўваўся ў бел. кірылічных выданнях друкарні Мамонічаў у канцы 16 ст. 2) Скарапісны почырк лац. і грэч. пісьма. Найб.стараж.ант. К. 1—2 ст.; у візант.-грэч. пісьме быў пашыраны ў 9 ст. ў канцылярскай, дыпламат. і гандл. перапісцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МАТЛО́Т»,
«Матлёт» (франц. matelote ад matelot матрос), бел. гарадскі бытавы танец. Паходзіць ад франц. матроскага танца, блізкага да англ.жыгі. Муз. памер 2/4 або 2/2. Выконваецца ў жвавым тэмпе з характэрнымі прыстукваннямі, элементамі чачоткі. На пач. 19 ст.пашыраны як характарны і жанравы, у пач. 20 ст.шырока вядомы як эстрадны і бальны танец. Зафіксаваны па ўсёй Беларусі. На Віцебшчыне танцоры выконваюць асн. комплекс рухаў і заканчваюць танец паваротамі і полькай па крузе, у Докшыцкім р-не суправаджаецца прыпеўкамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЛЫ ВЕРШ,
нерыфмаваны верш у сілабічным і сілаба-танічным вершаскладаннях. Узнік у 16 ст. як імітацыя ант. паэзіі, у якой адсутнічала рыфма. Традыцыйны яго памер — пяцістопны ямб. Форма белага верша дае магчымасць паэту шырока карыстацца размоўнымі пластамі нац. мовы, свабодна і гнутка будаваць фразу, узмацняць інтанацыйную і сэнсавую ролю рытму. Асабліва пашыраны ў драматургіі («Гамлет», «Кароль Лір» У.Шэкспіра, «Вільгельм Тэль» Ф.Шылера, «Барыс Гадуноў» А.Пушкіна). У бел. л-ры ўпершыню белы верш ужыты Сімяонам Полацкім у творах на лац. мове. Найчасцей ім карысталіся аўтары драм. паэм П.Глебка («Над Бярозай-ракой»), П.Панчанка («Маладосць у паходзе»), М.Танк («Люцыян Таполя») і інш.