ХАРЭ́Й (грэч. choreios ад choreia танец),

1) у антычнай паэзіі трохдольная стапа з 2 складоў — доўгага і кароткага (-◡).

2) У сілаба-танічным вершаскладанні 2-складовая стапа з рытмічным націскам на 1-м складзе:

Снег, завея; вецер вее, Круціць, дзьме.
Віхар гонкі, гучны, звонкі
У белай цьме.
(У.​Жылка. «Зімовае»)

Ва ўсходнеслав. паэзіі самы пашыраны від стапы (пасля ямба). Шырока выкарыстоўваецца ў вусн. нар. творчасці.

У бел. пісьмовай паэзіі з’явіўся з зараджэннем і развіццём сілаба-тонікі. Шырока выкарыстоўваецца ў сучаснай бел. паэзіі.

В.​П.​Рагойша.

т. 16, с. 558

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)