МАРАЛІТЭ́ (франц. moralité),
жанр павучальнай алегарычнай драмы зах.-еўрап. тэатра 15—16 ст. Узнік у Францыі (п’еса «Разважлівы і Неразумны», 1436). Быў пашыраны ў Англіі, Галандыі, Швейцарыі, Італіі. Асн. дзейныя асобы — алегарычныя персанажы, якія ўвасаблялі розныя дабрадзейнасці і заганы (Вера, Справядлівасць, Сквапнасць і інш.) і вялі барацьбу паміж сабой за душу чалавека. Сюжэты М., рэліг. па духу, але свецкія па форме, узнаўлялі пэўныя сітуацыі рэальнага жыцця, што адрознівала яе ад містэрыі і міракля. Шырока ўжывалася ў школьнай драме 18 ст.
т. 10, с. 104
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)