Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІМ ХАНДО́ (псеўд.Тан Вон, Тан Гу, Са Нын, Камін, Каса Сахо, Кадза; 1760, Карэя — 1820),
карэйскі жывапісец. Рабіў партрэты, пейзажы і жанравыя кампазіцыі на тэмы нар. жыцця ў традыцыях нац. жывапісу тушшу і вадзянымі фарбамі, выкарыстоўваў вопыт еўрап. мастацтва. Творам уласцівы лінейна-графічная манера, вастрыня жыццёвых назіранняў: «Вадаспад дзевяці драконаў», «Скалы ў моры», «Вяртанне кітайскага навукоўца Му-і», «Месяц над кустамі», «Хлопчык іграе на флейце», 2 альбомы «Пейзажы, ажыўленыя персанажамі, жывёламі і птушкамі», аўтапартрэт, васьмістворкавая шырма «Групавая выява бессмяротных» і інш.
Кім Хандо. Вадаспад дзевяці драконаў. Канец 18 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАНДАРО́ЎНА,
гераіня аднайм. песні-балады, пашыранай на Беларусі, Украіне, часткова ў Літве і Польшчы. Твор узнік у 18 ст., звязаны з учынкамі старосты г. Канеў М.Патоцкага, які прымусам браў прыгожую дзяўчыну замуж, а нацешыўшыся ахвярай, забіваў яе і наладжваў пышнае пахаванне. Падобны сюжэт і ў аснове нар. балады, толькі там гордая дзяўчына нават пад пагрозай смерці не згаджаецца на дамаганні пана. У вобразе Бандароўны адлюстравана нар. ўяўленне пра маральную чысціню і стойкасць, чалавечую годнасць і прыгажосць. Першы баладу пра Бандароўну апубл. Я.Чачот. Яе запісалі Е.Раманаў, М.Федароўскі, У.Вярыга, П.Шэйн, Р.Шырма і інш. Я.Купала на аснове балады стварыў паэму «Бандароўна».
Літ.:
Балады. Мн., 1978. Кн. 2. С. 343—354;
Салавей Л.М. Беларуская народная балада. Мн., 1978. С. 173—183.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ СТУДЭ́НЦКІ САЮ́З (БСС),
арганізацыя студэнтаў-беларусаў Віленскага ун-та ў 1920—39. Створаны 1.12.1920. У розны час БСС узначальвалі А.Абрамовіч, Т.Куніцкі, І.Гагалінскі, М.Марцінчык і інш. Меў 4 секцыі (культ.-асветную, навуковую, выдавецкую, працы), бібліятэку. Друкаваныя органы — час.«Новы шлях», «Студэнцкая думка». Гал. мэты: аб’яднанне сваіх членаў на грунце навук. пазнання Беларусі, выхавання нац. самасвядомасці народа. Вёў асв.-прапагандысцкую дзейнасць, у аснове якой было чытанне сярод насельніцтва Зах. Беларусі лекцый рознай тэматыкі. Пры БСС працавалі завочныя каап. Курсы, адкрыта студэнцкая сталовая. Быў арганізатарам суботнікаў, экскурсій, дыскусійных вечарын, канцэртаў, тэатр. пастановак. Існаваў на ахвяраванні розных арг-цый, т-ваў, асобных грамадзян. Спыніў дзейнасць у сувязі з закрыццём ун-та ў вер. 1939.
Хор Беларускага студэнцкага саюза (у цэнтры Р.Шырма і М.Забэйда-Суміцкі). Вільня.Члены Беларускага студэнцкага саюза. Вільня.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛКО́ЎСКІ ((Галкаўскас; Galkauskas) Канстанцін Міхайлавіч) (16.6.1875, г. Вільня — 20.2.1963),
літоўскі і бел. кампазітар, дырыжор, педагог. Беларус. Нар.арт. Літвы (1955). Праф. (1947). Скончыў Пецярбургскую кансерваторыю (1908, вучань М.Рымскага-Корсакава, А.Глазунова, А.Лядава). З 1908 вёў пед. дзейнасць у Вільні (з 1945 у кансерваторыі), арганізаваў сімф. аркестр (1909) і муз. школу (1919). У 30-я г. ўдзельнічаў у культ. жыцці Зах. Беларусі. Многія яго вак. творы засн. на бел.муз. фальклоры, напісаны на вершы бел. паэтаў: ансамблі, рамансы і хары на вершы Ф.Багушэвіча, Я.Купалы, Я.Коласа, М.Танка, З.Бядулі, К.Буйло; апрацоўкі бел.нар. песень, нар. харавыя сюіты «Дуда» і «Каханне» (апошняя з сімф. аркестрам). Аўтар лібрэта няздзейсненай оперы «Сымон-музыка» (паводле Я.Коласа). Сярод інш. твораў: оперы «Цыганы» (1908) і «Мізэрэрэ» (1909), муз. камедыі «Ласка Амура» (1925), «Алімпіяда» (1926), балет «Прывід маці» (1930), сімфонія «Масква» (1948), камерна-інстр. творы, хары, рамансы.
Літ.:
Шырма Р.Р. Мастацкая песня ў Заходняй Беларусі // Песня — душа народа. Мн., 1976;
Matulaityte A. Konstantinas Galkauskas. Vilnius, 1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІЦЬВІ́НКА (Васіль Дзмітрыевіч) (н. 7.12.1941, в. Верхні Церабяжоў Столінскага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. фалькларыст. Канд.філал.н. (1984). Скончыў БДУ (1970). Настаўнічаў, з 1966 працуе ў БДУ (з 1982 заг.н.-д. лабараторыі бел. фальклору). З 1991 старшыня Бел. саюза фалькларыстаў. Збірае і даследуе бел. фальклор і этнаграфію. Аўтар кніг «Зімовыя святкі», «Веснавыя святы і абрады» (абедзве 1995), «Святы і абрады беларусаў» (2-е выд. 1998). Сааўтар выданняў «Беларускі фальклор у сучасных запісах» (1973), «Беларуская народная творчасць савецкага часу» (1978), «Узроўні фальклорных уплываў» (1982), «Песня на ўсё жыццё» (1983) і інш. Складальнік зб-каў прыказак і прымавак «Слова міма не ляціць» (1985, з Л.Царанковым), «Калыханкі і забаўлянкі» (1992), «Песня — душа народа» (1993), «Дзіцячы спеўнік», «Песні і строі Піншчыны» (з М.Раманюком і У.Раговічам, абедзве 1994), «Беларускі фальклор у сучасных запісах. Традыцыйныя жанры. Мінская вобласць» (1995), фотаальбома «Рыгор Шырма» (1995). Выдае «Каляндар свят і абрадаў беларусаў» (з 1994). Вядучы фальклорнай тэлепраграмы «Запрашаем на вячоркі» (з 1978).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАВА́ЙНЫЯ ПЕ́СНІ,
вясельныя песні, прысвечаныя вясельнаму рытуальнаму хлебу—караваю. Найб. пашыраны ў беларусаў і ўкраінцаў. На Беларусі вядомы ўсюды, але значна пераважаюць на Палессі. Тут яны адлюстроўваюць усе моманты каравайнага абраду: «як матка маладой (маладога) запрашае каравайніц гатаваць каравай», «як каравай расчыняюць», «як яго месяць», «як саджаюць у печ», «як каравай пячэцца», «як яго з печы вынімаюць», «як пільнуюць каравай, каб хлопцы не ўхапілі», «як ставяць каравай на стол», «як упрыгожваюць яго», «як нясуць каравай з дому маладога ў дом маладой», «як аб’ядноўваюць абодва караваі (маладога і маладой)», «як крояць каравай», «як яго дзеляць», а таксама шмат песень, якія ўхваляюць сам каравай, урачыстых і жартаўлівых песень-зваротаў да каравайніц. Напевы К.п. прыўзнята «буйнага» характару са звонкімі воклічамі; пераважаюць тыпавыя, агульныя для многіх вясельных песень, але ёсць і спецыфічныя (напр., «Да рана-рана нешта ў лесе звінела»).
Публ.:
Шырма Р.Р. Беларускія народныя песні. Т. 4. Мн., 1976;
Вяселле: Песні. Кн. 2. Мн.,1981;
Вяселле: Мелодыі. Мн., 1990;
Можейко З.Я. Песни белорусского Полесья. Вып. 1. М., 1983.
Літ.:
Никольский Н.М. Происхождение и история белорусской свадебной обрядности. Мн., 1956.