АРФВЕДСАНІ́Т (ад прозвішча швед. хіміка Арфведсана),
мінерал, манаклінны шчолачныамфібол NaNa2Fe24+Fe3+Si8O22(OH)2. Натрый можа замяшчацца кальцыем. Утварае прызматычныя крышталі, прамянёва-шаставатыя агрэгаты, зерні. Колер цёмна-зялёны да чорнага. Паўпразрысты. Бляск шкляны. Цв. 5,5—6. Шчыльн. 3,4—3,5 г/см³. Пародаўтваральны мінерал. Пашыраны ў масівах нефелінавых сіенітаў і іх пегматытах, некаторых шчолачных гранітах, метасаматытах і карбанатытах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГМАТЫ́ЗМ,
працэсы ўтварэння, пранікнення ў горныя пароды і ўзаемадзеяння з імі, вывяржэння і крышталізацыі магмы. М. — праяўленне глыбіннай актыўнасці Зямлі; цесна звязаны з яе развіццём, цеплавой гісторыяй і тэктанічнай эвалюцыяй. Адрозніваюць М. геасінклінальны, платформавы, акіянічны; па глыбіні праяўлення (умовах застывання магмы) — абісальны, гіпабісальны, субвулканічны, паверхневы (гл.Вулканізм); паводле саставу — ультраасноўны, асноўны, сярэдні, кіслы, шчолачны. М. сучаснай геал. эпохі развіты ў межах Ціхаакіянскага геасінклінальнага пояса, сярэдзінна-акіянічных хрыбтоў, рыфтавых зон Афрыкі і Міжземнамор’я і інш. На Беларусі да геасінклінальнага М. адносяць архей-раннепратэразойскі і раннепратэразойскі, да платформавага — познапратэразойскі і дэвонскі. Гл. таксама Магматычныя горныя пароды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРА́КС,
крышталегідрат натрыю тэтрабарату Na2B4O7∙10H2O. У прыродзе мінерал класа баратаў. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Бясколерныя ці белыя крышталі, суцэльныя зямлістыя масы, скарынкі, лінзы, пражылкі ў гліністых пародах. Бляск шкляны. Паўпразрысты. Цв. 2—2,5. Шчыльн. 1,7 г/см³. Мае саладкавата-шчолачны смак. Раскладаецца моцнымі кіслотамі. Утвараецца пры выпарэнні салёных азёр, у выглядзе выцветаў на глебе ў засушлівых рэгіёнах і інш. Пры награванні да 380 °C ступеньчата абязводжваецца; бязводны крышталічны прадукт мае tпл 742 °C, tкіп 1675 °C; раствараецца ў вадзе лепш, чым крышталегідрат. Выкарыстоўваюць у вытв-сці злучэнняў бору, аптычнага і каляровага шкла, эмаляў і палівы, мыйных сродкаў, пры пайцы і зварцы металаў, дубленні скуры, як мікраўгнаенне, кансервант, мед. прэпарат.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВОГНЕТУШЫ́ЦЕЛЬ,
апарат для тушэння мясц. узгаранняў. Бываюць: пераносныя (да 20 кг), перасовачныя і стацыянарныя (больш за 25 кг); хім. пенныя, паветрана-пенныя, вуглекіслотныя, вадкасныя, хладонавыя (на аснове галаідаваных вуглевадародаў) і парашковыя.
Найб. пашыраны хім. пенныя вогнетушыцелі. Пена ў іх утвараецца ад рэакцыі паміж воднымі растворамі шчолачы і сернай кіслаты. Выкарыстоўваюцца для тушэння ўзгаранняў гаручых вадкасцей і цвёрдых матэрыялаў. Вуглекіслотнымі вогнетушыцелямі тушаць узгаранні электраўстановак, рухавікоў унутр. згарання, кнігасховішчаў, вадкаснымі — дрэнназмочвальных матэрыялаў (напр., бавоўны), хладонавымі — электраўстановак і тлеючых матэрыялаў, парашковымі — газаў, лёгкіх на загаранне вадкасцей, электраўстановак (да 380 В) пад напружаннем.
Вогнетушыцелі: а — вуглекіслотны (1 — вуглякіслы газ пад высокім ціскам, 2 — вентыль, 3 — шланг з раструбам для распырсквання кавалачкаў сухога лёду); б — кіслотна-шчолачны (1 — раствор бікарбанату натрыю, 2 — шкляная ампула з сернай кіслатой, 3 — сапло).
горныя пароды, якія ўтварыліся з расплаўленай магмы пры яе зацвярдзенні і крышталізацыі. Складаюць (паводле Ф.Кларка) 95% аб’ёму зямной кары. У залежнасці ад умоў зацвярдзення магмы ў нетрах Зямлі або на яе паверхні адрозніваюць інтрузіўныя горныя пароды і эфузіўныя горныя пароды. М.г.п. звычайна складзены з сілікатаў. Па колькасці крэменязёму (SiO2) падзяляюцца на групы: ультраасноўныя (SiO2 < 40%, дуніты, алівініты, перыдатыты і інш.), асноўныя (40—55%, піраксеніты, габра, базальты і інш.), сярэднія (55—65%, гранадыярыты, дыярыты, андэзіты і інш.) і кіслыя (SiO2 > 65%, граніты, рыяліты, дацыты і інш.). Па колькасці шчолачаў у кожнай групе вылучаюць нармальны, субшчолачны і шчолачны рады. Спалучэнні групы і рада вызначаюць сем’і гэтых парод. М.г.п. развіты ў складкавых абласцях, фундаменце і чахле платформ, на шчытах, у сучасным акіяне. З імі звязаны карысныя выкапні, напр., з кіслымі М.г.п. — волава, вальфрам, золата, з асноўнымі — тытанамагнетыт, медзь, з ультраасноўнымі — хром, плаціна, нікель, са шчолачнымі — тытан, фосфар, апатыт, цырконій, рэдкія землі. М.г.п. выкарыстоўваюцца як буд. матэрыял (лабрадарыты, туфы і інш.), абразіўны і цеплаізаляцыйны (пемза, перліт), як сыравіна для вылучэння каштоўных кампанентаў (напр., алюмінію з нефелінавых сіенітаў) і інш.