МАГМАТЫ́ЗМ,

працэсы ўтварэння, пранікнення ў горныя пароды і ўзаемадзеяння з імі, вывяржэння і крышталізацыі магмы. М. — праяўленне глыбіннай актыўнасці Зямлі; цесна звязаны з яе развіццём, цеплавой гісторыяй і тэктанічнай эвалюцыяй. Адрозніваюць М. геасінклінальны, платформавы, акіянічны; па глыбіні праяўлення (умовах застывання магмы) — абісальны, гіпабісальны, субвулканічны, паверхневы (гл. Вулканізм); паводле саставу — ультраасноўны, асноўны, сярэдні, кіслы, шчолачны. М. сучаснай геал. эпохі развіты ў межах Ціхаакіянскага геасінклінальнага пояса, сярэдзінна-акіянічных хрыбтоў, рыфтавых зон Афрыкі і Міжземнамор’я і інш. На Беларусі да геасінклінальнага М. адносяць архей-раннепратэразойскі і раннепра́тэразойскі, да платформавага — познапратэразойскі і дэвонскі. Гл. таксама Магматычныя горныя пароды.

т. 9, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)