ВАЮ́,

у ведыйскай і індуісцкай міфалогіі бог ветру. Ваю народжаны двума светамі, з’яўляецца раніцай, запаўняе паветраную прастору. Ён тысячавокі, хуткі, як думка, у яго зіхатлівая калясніца і мноства коней, у калясніцы з ім бог грому Індра. Ваю шчодры, добразычлівы, узнагароджвае ахвяравальніка сынам, дае патомства, маёмасць, славу і інш. У слав. міфалогіі Ваю часткова адпавядае Вій.

А.В.Гурко.

т. 4, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯЛЕ́ВІЧ Антон Пятровіч

(27.5.1914, в. Дуброўка Уздзенскага р-на Мінскай вобл. — 11.4.1978),

бел. паэт. Вучыўся ў Магілёўскім педтэхнікуме, у 1933—35 — у Магілёўскім палітасветным ін-це. Друкаваўся з 1937. У першым зб. «Чалавек з Дубровы» (М., 1945, на рус. мове) — творы ваен. часу. У творчасці Бялевіча ўслаўленне подзвігу народа ў Вял. Айч. вайну, жыццё калгаснай вёскі. Яго паэзіі ўласцівыя традыцыйна-фалькл. вобразнасць, нар.-песенны лад, выразнасць маст.-выяўл. сродкаў, даступнасць лексікі, адкрытасць выказвання. Аўтар сатыр. і гумарыстычных твораў (зб-кі «Хлеб і нахлебнікі», 1957; «Маштабны Міканор», 1963), вершаў, казак і паэм для дзяцей. Выступаў як празаік і публіцыст (зб-кі нарысаў «Людзі робяць вясну», 1959; «Споведзь сэрца», 1978; нарыс «Хатынь: боль і гнеў», 1971; аповесць «Малюнкі маленства», 1977; кн. літ. партрэтаў пісьменнікаў «Чарадзеі», 1970). Пераклаў на бел. мову паэму А.Твардоўскага «За даллю — даль» (1962), паасобныя творы А.Пракоф’ева, М.Бажана, А.Малышкі, У.Няходы і інш. На словы Бялевіча напісалі песні М.Аладаў, А.Багатыроў, Я.Цікоцкі і інш.

Тв.:

Выбр. тв. Т. 1—2. Мн., 1969;

Сонечны гадзіннік. Мн., 1978;

Мой шчодры бор. Мн., 1985.

І.У.Саламевіч.

т. 3, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГРЭ́СТ

(Crossularia),

род кустовых раслін сям. агрэставых. Больш за 50 відаў, пашыраных у Паўн. Амерыцы, Еўропе, Азіі і Паўн. Афрыцы. На Беларусі культывуецца агрэст адхілены (G. reclinata). Каля 10 відаў інтрадукаваны Цэнтр. бат. садам АН Беларусі як ягадныя і дэкар. расліны.

Агрэст адхілены вядомы з 11 ст. Родапачынальнік большасці культурных сартоў. Выш. кустоў 60—120 см. Цвіце ў 1-й пал. Мая. Плады — несапраўдныя ягады, голыя або апушаныя, белыя, жоўтыя, зялёныя, чырвоныя, пурпурныя. Маюць цукру 5—12%, арган. к-т 1—2%, пекцінавыя рэчывы, вітамін С, карацін. Пладаносны пачынае на 3-і год. Размнажаецца насеннем, чаранкамі, атожылкамі. Лепш расце на дастаткова вільготных угноеных сугліністых глебах. Ураджайнасць 10—15 т/га. Сарты, пашыраныя на Беларусі: Яравы, Куршу дзінтарс, Беларускі, Малахіт, Шчодры. Ягады спажываюцца свежыя і перапрацаваныя (джэм, варэнне, мармелад, сок). Агрэст мае радыепратэктарныя ўласцівасці (садзейнічае вывядзенню з арганізма радыенуклідаў). Выкарыстоўваецца ў нар. медыцыне. Асн. шкоднікі: пільшчыкі, агрэставы пядзенік: хваробы: сфератэка, іржа, антракноз, септарыёз.

Літ.:

Бурмистров А.Д. Ягодные культуры. 2 изд. Л., 1985;

Сергеева К.Д. Крыжовник. М., 1989.

т. 1, с. 87

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)