Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́ТРАЗЕВАЕ СУ́ДНА,
марское ці рачное судна, якое рухаецца пры дапамозе ветразяў. Адрозніваюць па колькасці мачтаў (ад 1 да 7) і тыпу ветразевага ўзбраення. Бываюць з прамымі ветразямі (брыг, кліпер), косымі (шхуна), камбінаванымі (барк, баркенціна, брыганціна). Кіруюць ветразевым суднам (мяняюць курс, скорасць і інш.) узгоднена рулём і ветразямі. У сучасным флоце выкарыстоўваюцца як спартыўныя, турысцкія, прагулачныя, вучэбныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВЕ́ГА»,
драўляная, парусна-паравая зверабойная шхуна (пабудавана ў 1873; водазмяшчэнне 360 т), на якой рус.-швед.навук. арктычная экспедыцыя Н.А.Э.Нордэншэльда ў 1878—79 упершыню прайшла Паўночна-Усходнім праходам уздоўж паўн. ўзбярэжжа Еўропы і Азіі з З на У з Атлантычнага ак. ў Ціхі ак. Абагнуўшы Еўразію, «Вега» праз Суэцкі канал вярнулася ў Швецыю (з адным зімаваннем за 200 км ад Берынгава м.).