СУ́ДНА,

плывучае збудаванне для перавозкі грузаў і пасажыраў, воднага промыслу, здабычы карысных выкапняў, навук. даследаванняў, спорту, ваен. мэт. Рухаюцца па вадзе (надводныя С., у т. л. глісеры), пад вадой (падводныя лодкі, батыскафы) і над вадой (судны на паветранай падушцы, судны на падводных крылах). Бываюць самаходныя (прыводзяцца ў рух суднавымі рухавікамі з дапамогай суднавых рухачоў) і несамаходныя (ліхтэры, баржы). Паводле тыпу гал. энергет. устаноўкі (ЭУ) падзяляюцца на параходы (з котлатурбіннай або котла-машыннай ЭУ), цеплаходы (з дызельнай ЭУ), пара- і газатурбаходы (з парасілавымі ўстаноўкамі, газатурбіннымі рухавікамі; гл. Турбаход), электраходы (з эл. рухавікамі, што сілкуюцца ад уласных крыніц электраэнергіі, у т. л. турба- і дызель-электраходы) і атамаходы (з ядзернай сілавой устаноўкай).

Транспартныя С. бываюць грузавыя (сухагрузныя судны, у т. л. кантэйнеравозы, рэфрыжэратары, С. з гарыз. грузаапрацоўкай — ролкеры для перавозкі колавай тэхнікі, кантэйнераў і інш. штучных грузаў з пагрузкай і выгрузкай па апарэлях; наліўныя — танкеры і сухагрузна-наліўныя), пасажырскія і грузапасажырскія. Прамысл. С. абсталёўваюць для лоўлі рыбы, здабычы марскіх звяроў, крабаў, для перапрацоўкі здабычы (рыбапрамысловыя судны, сейнеры, траўлеры). Да прамыслова-здабыўных С. адносяць золатаздабыўныя драгі, кабельныя судны, нафтабуравыя, лесасплаўныя. Да навукова-даследчых адносяць С. для комплексных акіянічных, геафіз., гідрабіял. і інш. даследаванняў. Сярод спартыўна-турысцкіх С. адрозніваюць вёславыя судны, ветразевыя судны і маторныя; трэніровачныя, гоначныя, прагулачныя (гл. Спартыўныя судны). Абслуговыя С. забяспечваюць работу С. інш. прызначэння. Гэта буксірныя судны, брандвахты, ледаколы, плывучыя докі і маякі, выратавальныя, гідраграфічныя, днопаглыбныя, бункеровачныя. Ваен. С. падзяляюцца на баявыя (гл. Карабель ваенны), ваенна-транспартныя і забяспечвальныя, у т. л. дапаможныя. Асн. ч. С.: корпус (з каркаса, у т. л. набору, і абалонкі — вонкавай абшыўкі і насцілу верхняй палубы); суднавыя прыстасаванні (рулявое, якарнае, швартовае, буксірнае, шлюпачнае, грузавое, выратавальнае і інш.); суднавыя сістэмы (трубаправоды і арматура для вадкасцей і газаў, якія забяспечваюць жывучасць судна, эксплуатац., бытавыя і інш. патрэбы, у т. л. проціпажарную бяспеку, водазабеспячэнне, вентыляцыю); сродкі сувязі (візуальныя — флагі, пражэктары; гукавыя — сірэны, тыфоны; радыётэхн. — перадатчыкі, прыёмнікі, тэлекамеры, унутр. радыётрансляцыйная сетка, тэлефоны, перагаворныя трубы і г.д.); навігацыйныя сродкі (аўтарулявы, компасы, курсографы, лагі, лоты, радыёлакацыйныя станцыі, секстанты і інш. навігацыйныя прылады). Спецыфічныя ўласцівасці С. — мараходныя якасці, якія характарызуюць паводзіны С. ў плаванні і яго бяспеку. Памеры С. вызначаюць яго даўжыня, шырыня, вышыня борта, асадка, водазмяшчэнне і ўмяшчальнасць, у грузавых таксама грузападымальнасць і грузаёмістасць. Тэарэт. і практычныя пытанні ваджэння С. вывучае суднаваджэнне.

Першымі С. былі плыты з дрэў, чароту ці папірусу. З часоў неаліту вядомы драўляныя лодкі. У 3-м тыс. да н.э. ў Стараж. Егіпце будавалі С. з прыгнаных і прасмоленых кавалкаў дрэва. У 10 ст. да н.э. ў фінікійцаў ужо меліся асн. элементы канструкцыі С.: кіль, шпангоўты, штэўні, абшыўка з дошак. На Пн лёгкія чаўны выраблялі з дрэва, кары, косці і абцягвалі іх скурай (напр., каякі). У Міжрэччы з 8 ст. да н.э. вядомы круглыя лодкі (карзіны, абцягнутыя скурай або пакрытыя смалой). У народаў узбярэжжа Індыйскага ак., астравоў Акіяніі і інш. былі пашыраны плыты, вёславыя і ветразевыя С. тыпу катамаранаў, у індзейцаў-карыбаў — пірогі, у Паўд.Усх. Азіі — джонкі. Ва Усх. Еўропе з 4 ст. будавалі т.зв. набойныя ладдзі, з 11 ст. — насады, з 16 ст. — казацкія чайкі, з 19 ст. — астраханскія бударкі. Суднавымі рухачамі напачатку былі шасты (жэрдкі) і вёслы, з 3-га тыс. да н.э. — ветразі (са скуры, трысняговых цыновак, драўляных планак). На вёславых С. ветразі былі дапаможнымі (выкарыстоўваліся толькі пры спадарожным ветры). У 10—13 ст. у Міжземнамор’і, Скандынавіі і Кітаі з’явіліся чыста ветразевыя судны. Яны маглі рухацца і супраць ветру, зменьваючы галсы. У 7 ст. з’явіліся універсальныя вёславыя С. — галеры, у 16 ст. — галеасы, у 17 ст. — яхты. З 12—13 ст. у Зах. Еўропе будавалі С., прыдатныя для акіянскіх плаванняў (каравелы, брыганціны, нефы і інш.). Найвышэйшага развіцця ветразевыя С. дасягнулі ў 2-й пал. 19 ст.: іх даўжыня да 90 м, грузападымальнасць да 5 тыс. т., скорасць 33 км/гадз і больш (гл. Барк, Брыг, Шхуна). Апошнім тыпам ветразевага С. быў кліпер. Першае жалезнае С. пабудавана ў 1787 у Вялікабрытаніі (Дж.​Уілкінсан). Пазней карпусы пачалі рабіць са сталі (на пачатку кляпаннем, потым зваркай). У пач. 19 ст. з’явіліся параходы, у 1-й пал. 19 ст. на марскіх параходах замест грабных колаў пачалі ставіць грабныя вінты. На мяжы 19 і 20 ст. пачалі выкарыстоўваць паравыя турбіны і рухавікі ўнутр. згарання (у 1903 у Расіі пабудаваны першы дызель-электраход «Вандал»). Да сярэдзіны 20 ст. з’явіліся С. з энергет. ўстаноўкамі на ядз. паліве (атамаходы).

На Беларусі са стараж. часоў выкарыстоўваліся разнастайныя рачныя С.: лодкі, выдзеўбаныя са ствала дрэва (камяга, човен, дуб), з 7 ст. ладдзі, з 15 ст. віціны, з 17 ст. баркі, з канца 19 ст. баржы і інш. Розныя тыпы С. (байдаркі, брандвахты, яхты, барліны, баржы, параходы, цеплаходы, С. тыпу «рака-мора» і інш.) выпускалі: Крычаўская суднаверф, Пінскі, Рэчыцкі, Гомельскі, Петрыкаўскі суднабудаўніча-суднарамонтныя з-ды (гл. адпаведныя арт. і Суднабудаванне). Рамантавалі С. суднарамонтныя майстэрні ў Віцебску, Гомелі, Бабруйску, Петрыкаве. Гл. таксама Рачны транспарт, Суднаходства.

Літ.:

Рябчиков П.А. Морские суда. М., 1959;

Нойкирхен Г. Мореплавание вчера и сегодня: Пер. с нем. Л., 1977;

Допатка Р., Перепечко А. Книга о судах: Пер. с нем. Л., 1981;

Шапиро Л.С. Самые быстрые корабли. 2 изд. Л., 1989;

Бережных О.А. Самые большие корабли: С древнейших времен до наших дней. Л., 1985;

Материалы по истории деревянного судостроения, XVIII—XIX вв. М., 1991;

Шитарев В.С. Паруса над океаном: Из глубины веков — до наших дней. М., 1996;

Макливи Р. Суда на подводных крыльях и воздушной подушке: Пер. с англ. Л., 1981;

Суда и судоходство будущего: Пер. с нем. Л., 1981;

Перспективные типы судов: Сб. науч. тр. М., 1991.

У.​Я.​Калаткоў, У.​М.​Сацута.

Судны: 1 — рымскае гандлёвае (зернявоз, 50—200-я г. н.э.); 2 — венецыянскае грузавое (неф, 11—14 ст.); 3 — ганзейскае гандлёвае (ког, 14—16 ст.); 4 — першы металічны трансатлантычны параход з вінтавым рухачом «Вялікабрытанія» (1843); 5 — грузапасажырскі атамаход «Саванна» (ЗША. 1959); 6 — круізны 17-палубны суперлайнер «Вояджэр оф зе Сіс» (ЗША, 2000).

т. 15, с. 251

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)