НАРМАЛЯМЕ́Р,

прылада для вымярэння даўжыні агульнай нармалі цыліндрычных зубчастых колаў са знешнім зачапленнем. Бываюць накладныя (накладваюцца на зубчастае кола) і стацыянарныя (зубчастае кола ставяць на прыладу). Складаецца з корпуса, вымяральнай і перастаўной губак, штангі і адліковага прыстасавання. Мяжа вымярэнняў 700 мм. Цана дзялення адліковага прыстасавання 0,005 і 0,01 мм.

Нармалямер: 1,4 — вымяральная і перастаўная губкі; 2 — адліковае прыстасаванне; 3 — штанга; 5 — нармаль; W — даўжыня нармалі.

т. 11, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛЫБІНЯМЕ́Р,

прылада для вымярэння глыбіні адтулін, пазоў, вышыні ўступаў і інш. у дэталях машын. Падзяляюцца на штангенглыбінямеры (мяжа вымярэння да 500, памер адліку 0,05 і 0,1 мм), мікраметрычныя (мяжа вымярэння да 150, цана дзялення 0,01 мм; гл. таксама Мікрометр) і індыкатарныя (адпаведна да 100 і 0,01 мм).

Глыбінямеры: а — штангенглыбінямер (1 — ноніус, 2 — мікраметрычны механізм, 3 — штанга, 4 — рамка з асновай); б — індыкатарны (1 — індыкатар, 2 — аснова, 3 — вымяральны стрыжань).

т. 5, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРА́НТ (ад грэч. hydōr вада),

стацыянарнае прыстасаванне для адбору вады са знадворнай водаправоднай сеткі. Адрозніваюць гідранты пажарныя (найб. пашыраныя), паліўныя і прамыўныя; падземныя (размяшчаюцца ў закрытых накрыўкамі калодзежах) і наземныя (сумяшчаюцца з водаразборнымі калонкамі). Для далучэння пажарных рукавоў, гнуткіх шлангаў з наканечнікамі на падземны гідрант накручваецца пажарная калонка, якая мае патрубкі з вентылямі (у наземнага гідранта пажарная калонка стацыянарная).

Падземны гідрант: 1 — напорныя патрубкі; 2 — вентылі; 3 — штанга.

т. 5, с. 230

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВО́ЯДЖЭР»

(англ. Voyager),

назва амерыканскіх аўтам. міжпланетных станцый для даследавання планет-гігантаў Сонечнай сістэмы і іх спадарожнікаў з пралётнай траекторыі.

«Вояджэр-2» і «Вояджэр-1» (маса кожнага 798 кг), запушчаныя 20.8 і 5.9.1977, праляцелі адпаведна 9.7 і 5.3.1979 на адлегласцях 648 тыс. км і 280 тыс. км ад Юпітэра; адкрыты кальцо і 3 спадарожнікі. Станцыі зрабілі гравітацыйны манеўр у полі прыцягнення Юпітэра і ў 1980—81 праляцелі каля Сатурна; выяўлена 6 спадарожнікаў, мноства кольцаў Сатурна, даследавана іх тонкая структура. Пасля гэтага «Вояджэр-1» выйшаў за межы экліптыкі. «Вояджэр-2» пасля карэкцыі траекторыі праляцеў 24.1.1986 каля Урана, была пацверджана наяўнасць кольцаў вакол планеты, выяўлены 10 спадарожнікаў, 20.4.1989 праляцеў каля Нептуна, адкрыты 4 кальцы, 6 спадарожнікаў, праведзены даследаванні спадарожніка Трытон. Апошняя інфармацыя з «Вояджэра-2» атрымана на пач. 1990 (панарама з 6 планет Сонечнай сістэмы). У выніку палётаў «Вояджэра» вызначаны састаў і дынаміка атмасфер планет, удакладнены мадэлі іх унутр. будовы і паходжання Сонечнай сістэмы. На борце «Вояджэра-1» і «Вояджэра-2» знаходзяцца пасланні пазаземным цывілізацыям. Станцыі працягваюць аддаляцца ад Сонца; сувязь з імі плануецца падтрымліваць да 2000.

Н.​А.​Ушакова.

Аўтаматычная міжпланетная станцыя «Вояджэр»: 1 — тэлевізійныя камеры; 2 — дэтэктары плазмы, касмічных прамянёў і зараджаных часціц; 3 — востранакіраваная і маланакіраваная антэны; 4 — штанга з магнітометрамі; 5 — радыеізатопныя энергетычныя ўстаноўкі; 6 — мікрарухавікі; 7 — антэны для рэгістрацыі радыёвыпрамянення планет і хваль у плазме; 8 — радыятар; 9 — ультрафіялетавы і інфрачырвоны спектрометры.
Да арт. «Вояджэр». Траекторыя палёту аўтаматычнай міжпланетнай станцыі «Вояджэр-2».

т. 4, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)