КІСЦЯНІ́,

гарадзішча мілаградскай культуры каля в. Кісцяні Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл. Датуецца 2-й пал. 1-га тыс. да н. э. — пач. 1 ст. н. э. Даследаваннямі выяўлены рэшткі наземнай пабудовы слупавой канструкцыі, фрагменты ляпных яйцападобных пасудзін, жал. сярпы, шпілька, кольцы, бронзавыя ўпрыгожанні, касцяныя праколкі, шкляныя і гліняныя пацеркі і інш. Існуе меркаванне, што ў 6—7 ст. н. э. гарадзішча выкарыстоўвалася як сховішча.

т. 8, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІ́МІЯ,

гарадзішча штрыхаванай керамікі культуры каля в. Кімія Барысаўскага р-на Мінскай вобл. Помнік датуецца 6 ст. да н.э. — 4 ст. н.э. Выяўлены рэшткі наземнага жытла, каменная пляцоўка, агнішча з пляскатых камянёў, горнаў для выплаўкі жалеза і інш. Знойдзены жал. сярпы, нож, посахападобныя шпількі, бронзавы бранзалет, касцяныя шпілька і вастрыё, гліняныя прасліцы, грузікі дзякаўскага тыпу, камяні зерняцёрак і інш. Ляпная штрыхаваная кераміка формай падобна да керамікі мілаградскай культуры.

т. 8, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРАДЗІ́НСКІ СКАРБ, Бесарабскі скарб,

рэчавы скарб, знойдзены ў 1912 каля г.п. Барадзіно (зараз Таруцінскі р-н Адэскай вобл.). Датуецца 16—15 ст. да нашай эры. Знаходзіўся ў глінянай пасудзіне, належаў военачальніку ці правадыру племя. Складаўся з 6 каменных баявых сякер (1 з нефрыту), 3 булдавешак для булавы з алебастру, 2 наканечнікаў коп’яў, утулкі ад наканечніка кап’я, сярэбраных кінжала і шпількі. Рэчы рознага паходжання: наканечнікі коп’яў аналагічныя знаходкам з сеймінска-турбінскіх могільнікаў у Прыўраллі, каменныя вырабы — знаходкам з Каўказа, шпілька і кінжал — з Цэнтр. Еўропы. Захоўваецца ў Гіст. музеі ў Маскве.

Барадзінскі скарб.

т. 2, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АТВЕ́РЖЫЧЫ,

бескурганны могільнік і 2 селішчы зарубінецкай культуры, курганны могільнік 10—11 ст. каля в. Атвержычы Столінскага р-на Брэсцкай вобласці. Даследавалі ў 1950—60-я г. Ю.​У.​Кухарэнка і К.​В.​Каспарава. На бескурганным могільніку ўскрыта 97 пахаванняў з трупаспаленнем у авальных або круглых ямах (1 ст. да нашай эры — 1 ст. нашай эры). Знойдзена шмат ляпнога посуду, металічныя фібулы, буйныя шпількі, трапецападобныя падвескі, бранзалеты, скураны пояс, упрыгожаны бронзавымі пласцінамі і бляшкамі, і інш. На адным з селішчаў раскапана паўзямлянка памерам 4,8×3 м, заглыбленая ў зямлю на 0,7 м, з рэшткамі глінабітнай печы дыям. 0,65 м.

Бронзавыя шпілька і фібулы з бескурганнага могільніка Атвержычы.

т. 2, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕНАВЕ́НТЭ-І-МАРЦІ́НЕС ((Benavente y Martinez) Хасінта) (12.8.1866, Мадрыд — 14.7.1954),

іспанскі драматург. Аўтар 172 п’ес: бытавых, псіхалагічных, маральна-філас., сімвалічных і інш. У п’есах «Вядомыя людзі» (1896), «Трапеза драпежных звяроў» (1898), «Пошласць» (1901) і інш. крытыка быту «свецкага» грамадства спалучаецца з пагардай да народа. У лялечным фарсе ў стылі італьян. камедыі масак «Гульня інтарэсаў» (1907) і яго працягу «Горад вясёлы і бесклапотны» (1916), дзе матэрыяльныя інтарэсы выступаюць як рухальная спружына паводзін, паліт. барацьбы і вайны, прапаведаваў маральнае самаўдасканаленне. Тое ж характэрна для яго маральна-філас. п’ес («Пані гаспадыня», 1908; «Няшчасная», 1913). У 1940—50-я г. пісаў пераважна пацяшальныя камедыі («Дон Хуан з’явіўся», 1952; «Шпілька ў роце», 1953, і інш.). Нобелеўская прэмія 1922.

Літ.:

Плавскин З.Н. Испанская литература XIX—XX веков. М., 1982. С. 125—129.

Х.Бенавентэ-і-Марцінес.

т. 3, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)