Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
А́БРАХАМС ((Abrahams) Пітэр Генры) (н. 19.3.1919, Врэдэдарп каля Іаганесбурга, ПАР),
пісьменнік Паўд.-Афрыканскай Рэспублікі. Піша на англ. мове. Літ. дзейнасць пачаў у 1942. У творах закранае сац., паліт. і нац. праблемы краін афрыканскага кантынента. Аўтар раманаў «Шахцёр» (1945), «Сцежкаю грому» (1948; па гэтым рамане Бел. тэатр оперы і балета паставіў балет, муз. К.Караева, 1960), «Дзікі захоп» (1950), «Вянок для Удома» (1956; на бел. мову пераклаў С.Дорскі, 1959), «Ноч належыць ім» (1965), «Наш востраў сёння» (1966).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЗАІ́ (Ysaye, Ysaÿe) Эжэн (16.7.1858, г. Льеж, Бельгія — 12.5.1931), бельгійскі скрыпач, кампазітар, дырыжор, педагог. Адзін з буйнейшых скрыпачоў канца 19 — пач. 20 ст. З 1874 вучыўся ў Брусельскай кансерваторыі ў Г.Вяняўскага, у 1876—79 у Парыжы ў А.В’ётана. З 1886 праф. Брусельскай кансерваторыі. У 1918—22 кіраўнік сімф. аркестра ў г. Цынцынаты (ЗША). Выступаць з сольнымі канцэртамі пачаў у Расіі (1882). Яго выканальніцкае майстэрства зацвердзіла сусв. значэнне бельг. скрыпічнай школы. Заснавальнік струннага квартэта (1888), арганізатар, дырэктар і дырыжор «Канцэртаў Ізаі» (1895). Аўтар скрыпічных твораў, у т. л. санат для скрыпкі сола, дзе выкарыстаў шэраг тэхн. прыёмаў, якія раскрылі гучанне скрыпкі з нечуванай да яго паўнатой і маляўнічасцю; оперы «Шахцёр П’ер» (1931), шматлікіх транскрыпцый. Сярод вучняў М.Прэс, М.Эрдэнка. У Бруселі праводзяцца міжнар. конкурсы скрыпачоў (з 1937) і піяністаў (з 1938) імя І.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛІГО́РСКІ РАЁН Размешчаны на Пд Мінскай вобл. Утвораны 6.1.1965. Пл. 2,5 тыс.км². Нас. 41,5 тыс.чал. (2001), гарадскога 25,5%. Сярэдняя шчыльн. 17 чал. на 1 км². Цэнтр — г.Салігорск. Уключае г.п.Старобін і Чырвоная Слабада, 168 сельскіх населеных пунктаў, Старобінскі і Чырвонаслабодскі пасялковыя Саветы, 15 сельсаветаў: Акцябрскі, Гаўрыльчыцкі, Гоцкі, Даманавіцкі, Доўгаўскі, Зажэвіцкі, Капацэвіцкі, Пагосцкі, Першамайскі, Рожанскі, Хорастаўскі, Чапялёўскі, Чыжэвіцкі, Чырванадворскі, Яскавіцкі.
Тэр. раёна знаходзіцца пераважна ў межах Прыпяцкага Палесся, паўн.ч. — на Цэнтральнабярэзінскай раўніне. Паверхня ў асн. нізінная, 70% яе на выш. 135—150 м, 30% — на выш. 150—180 м, найвыш. пункт 182 м (на ПнУ ад в. Акцябр). Агульны нахіл з Пн на Пд. Карысныя выкапні: калійныя і каменныя солі, торф, буд. пяскі, пясчана-жвіровы матэрыял, гліны і суглінкі. Сярэдняя т-растудз. -6,1 °C, ліп. 18,1 °C. Ападкаў 600 мм за год. Вегетац. перыяд 194 сут. Найб.р. Случ з прытокам Морач, Лань. Салігорскае вадасховішча на р. Случ. Меліярац. каналы: Даманавіцкі, Крывічынскі, Сівельга, Сітня. Пераважаюць глебы с.-г. угоддзяў: тарфяна-балотныя (29,4%), дзярнова-падзолістыя (28,6%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (20,8%), дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (13,7%). Пад лесам 42,2% тэр. раёна. Лясы пераважна хваёвыя, чорнаальховыя, бярозавыя, дубовыя Каля 20% лясоў — штучныя насаджэнні, пераважна хваёвыя. Пад балотамі 2% тэрыторыі. Найб. балоты: Грычына-Старобінскае, Капацэвіцкае. У межах раёна заказнікі мясц. значэння: біял. — Ленінскі, Чырвонаслабодскі, гідралагічны — Святое возера, мікразаказнік па мядзведжай цыбулі (чарамшы) каля в. Савецкая Морач. Ахоўныя тарфянікі: Баравая, Белае балота, Воўчае, Вялікае, Вял. Мох, Вялічкавіцкае, Клініцкае, Лань, Чырвоны Шлях Помнікі прыроды мясц. значэння: паркі «Лістападавічы» і «Пагост», ельнік «Залужжа» ў Старобінскім лясніцтве, клён вастралісты ў в. Заўшыцы, дуброва ў Яскавіцкім, 2 дубровы і 2 участкі з насаджэннямі дубу чырвонага ў Лістападавіцкім лясніцтвах.
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 120,4 тыс.га, з іх асушаных 63,3 тыс.га. На 1.1.2001 у раёне 29 калгасаў, 1 саўгас, 24 фермерскія гаспадаркі, птушкафабрыка «Салігорская», с.-г. прадпрыемства «Зажэвічы». Сельская гаспадарка спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі, свіна-, птушка- і рыбагадоўлі, буракаводстве. Вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, бульбу, цукровыя буракі, лён, агародніну, рапс. Прам-сць: дрэваапр. (спальныя матрацы, мэбля, спружынныя блокі, вырабы з драўніны), паліўная (торфабрыкет), харч. (цэльнамалочныя вырабы, кансервы пладова-агароднінныя. сокі), кааператыўная (хлебабулачныя і каўбасныя вырабы, безалкагольныя напіткі). Лясгас (піламатэрыялы, паркет), рыбгас «Чырвоная Слабада» (карп). Па тэр. раёна праходзіць чыгунка Салігорск—Слуцк—Асіповічы і аўтадарогі Слуцк—Мікашэвічы, Чырвоная Слабада—Глуск і інш. У раёне 23 сярэднія, 11 базавых, 2 пачатковыя школы, муз. школа, школа мастацтваў, санаторная школа-інтэрнат, дзіцяча-юнацкая спарт. школа, 2 дамы дзіцячай творчасці, рэгіянальны цэнтр прафес. навучання, 8 школ-садкоў, 20 дашкольных устаноў, 3 дамы культуры, 30 клубаў, 11 клубаў-бібліятэк, 6 клубаў сац.-культ. паслуг, 38 б-к, 6 бальніц, 6 амбулаторый, 29 фельч.-ак. пунктаў. Два краязнаўчыя музеі працоўнай і баявой славы ў в. Хорастава і Чапялі. Помнікі архітэктуры — Свята-Пакроўская царква (пач. 19 ст.) у в. Чыжэвічы. Выдаецца газ. «Шахцёр».