МЕТЭАРО́ГРАФ (ад метэа... + ...граф),
самапісная аэралагічная прылада для рэгістрацыі ціску, т-ры і вільготнасці ў свабоднай атмасферы. Уключае барограф, тэрмограф і гігрограф у адной прыладзе. Паказчыкі метэаралагічных элементаў сінхронна запісваюцца на адной стужцы, надзетай на барабан, які прыводзіцца ў рух гадзіннікавым механізмам або ветраком ці прапелерам. Пры дапамозе бараметрычнай формулы з запісу на стужцы вызначаюцца вышыні, якія адпавядаюць розным момантам пад’ёму, і лічбавыя значэнні метэаралагічных элементаў на гэтых вышынях. Падымаюць М. на шарах-зондах, самалётах, аэрастатах. М., які перадае свае паказанні ў час пад’ёму з дапамогай радыёсігналаў, наз. радыёзондам.
т. 10, с. 318
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯАСТРАНА́ЎТЫКА (ад бія... + астранаўтыка),
комплекс біял. навук, якія вывучаюць жыццядзейнасць зямных арганізмаў ва ўмовах адкрытай касм. прасторы і пры палётах на касм. лятальных апаратах. Даследаванні праводзіліся з 1930-х г. спачатку на паветр. шарах, потым на ракетах, штучных спадарожніках Зямлі, касм. караблях і станцыях. Вывучаюцца дзеянне экстрэмальных фактараў (бязважкасці, паскарэнняў, вібрацыі, шуму) на жывыя арганізмы, асаблівасці іх рэакцыі, межы ўстойлівасці і цярплівасці, распрацоўваюцца сістэмы медыка-біял. забеспячэння працяглых касм. палётаў і адаптацыі жывых арганізмаў, у т. л. чалавека. Атрыманы новыя фундаментальныя даныя аб ролі гравітацыі ў ажыццяўленні клетачнага дзялення, перадачы генет. інфармацыі, росту і развіцця арганізмаў.
А.С.Леанцюк.
т. 3, с. 166
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)