МЕТЭАРО́ГРАФ
(ад метэа... + ...граф),
самапісная аэралагічная прылада для рэгістрацыі ціску, т-ры і вільготнасці ў свабоднай атмасферы. Уключае барограф, тэрмограф і гігрограф у адной прыладзе. Паказчыкі метэаралагічных элементаў сінхронна запісваюцца на адной стужцы, надзетай на барабан, які прыводзіцца ў рух гадзіннікавым механізмам або ветраком ці прапелерам. Пры дапамозе бараметрычнай формулы з запісу на стужцы вызначаюцца вышыні, якія адпавядаюць розным момантам пад’ёму, і лічбавыя значэнні метэаралагічных элементаў на гэтых вышынях. Падымаюць М. на шарах-зондах, самалётах, аэрастатах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)