БІЯАСТРАНА́ЎТЫКА

(ад бія... + астранаўтыка),

комплекс біял. навук, якія вывучаюць жыццядзейнасць зямных арганізмаў ва ўмовах адкрытай касм. прасторы і пры палётах на касм. лятальных апаратах. Даследаванні праводзіліся з 1930-х г. спачатку на паветр. шарах, потым на ракетах, штучных спадарожніках Зямлі, касм. караблях і станцыях. Вывучаюцца дзеянне экстрэмальных фактараў (бязважкасці, паскарэнняў, вібрацыі, шуму) на жывыя арганізмы, асаблівасці іх рэакцыі, межы ўстойлівасці і цярплівасці, распрацоўваюцца сістэмы медыка-біял. забеспячэння працяглых касм. палётаў і адаптацыі жывых арганізмаў, у т. л. чалавека. Атрыманы новыя фундаментальныя даныя аб ролі гравітацыі ў ажыццяўленні клетачнага дзялення, перадачы генет. інфармацыі, росту і развіцця арганізмаў.

А.С.Леанцюк.

т. 3, с. 166

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)