РА, Рэ,

у старажытнаегіпецкай міфалогіі і рэлігіі бог сонца. Яго ўяўлялі сокалам, на галаве якога сімвал бажаства — сонечны дыск. Паводле пашыранага міфа Р. ўдзень плыве па нябесным Ніле на барцы Манджэт і асвятляе зямлю, увечары перасаджваецца ў барку Месектэт і сплывае ўніз, у царства нябожчыкаў, дзе плыве па падземным Ніле, а раніцай зноў з’яўляецца на гарызонце. Культ Р. ўзнік, верагодна, у пач. 3-га тыс. да н.э., у сярэдзіне 3-га тыс. яго пачалі шанаваць як цара і бацьку багоў, творцу сусвету і людзей. Егіп. фараоны прымалі тытул «сын Ра». Пазней Р. атаясамлівалі з Амонам (Амон-Ра), Горам (Ра-Гарахуці) і інш. багамі, над выявамі якіх пачалі змяшчаць сонечны дыск.

Цэнтрам культу Р. быў г. Он (грэч. Геліопаль).

Ра ў вобразе сокала, які нясе сонечны дыск. Малюнак з «Кнігі мёртвых» Анхаі. Каля 1100 да н.э.

т. 13, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІПАКРА́Т (Hippokratēs; 460 да н.э., в. Кос, Грэцыя — каля 370 да н.э.),

старажытнагрэчаскі ўрач, рэфарматар антычнай медыцыны, матэрыяліст. Мед. адукацыю атрымаў пад кіраўніцтвам бацькі Геракліда; у якасці вандроўнага ўрача (перыядэўта) наведаў М. Азію, Лівію, узбярэжжа Чорнага м., быў у скіфаў, азнаёміўся з медыцынай народаў Пярэдняй Азіі і Егіпта. У сваіх працах, якія ляглі ў аснову развіцця клінічнай медыцыны, адлюстраваны ўяўленні пра цэласнасць арганізма, індывідуальны падыход да хворага і яго лячэння, паняцце пра анамнез, вучэнне пра этыялогію, прагноз, тэмперамент і інш. Кіраваўся пры лячэнні 4 прынцыпамі: прыносіць карысць і не шкодзіць; супрацьлеглае лячыць супрацьлеглым; дапамагаць прыродзе і, захоўваючы асцярожнасць, шанаваць хворага. Гіпакрат быў выдатным хірургам: распрацаваў прынцыпы лячэння ран, пераломаў, вывіхаў, фістул, спосабы выкарыстання павязак (шапка Гіпакрата) і інш. З імем Гіпакрата стасуецца ўяўленне пра высокае маральнае аблічча і прыклад этычных паводзін урача. Гіпакрата называюць «бацькам медыцыны».

Літ.:

Рожанский И.Д. История естествознания в эпоху эллинизма и Римской империи. М., 1988.

т. 5, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧЭ́РБЕРЫ, Херберт Чэрберы (Herbert Cherbury) Эдвард (3.3.1583, Эйтан-он-Северн, графства Шропшыр, Вялікабрытанія — 20.8.1648), англійскі філосаф, гісторык, паэт, грамадскі дзеяч; заснавальнік англ. дэізму. Ірл. (1624) і англ. (1629) пэр. Вучыўся ў Оксфардскім ун-це. У 1618—22 пасол у Францыі. У час грамадз. вайны 1642—46 у Англіі выступаў на баку раялістаў, але ў 1644 быў вымушаны капітуляваць. У гал. філас. працы «Пра ісціну» (1624) сцвярджаў, што вечная і універсальная ісціна даступная пазнанню, бо кожны чалавек надзелены Богам прыроджанымі псіхічнымі здольнасцямі, правільнае развіццё якіх прыводзіць да спасціжэння «агульных ідэй». Распрацаваў вучэнне пра «натуральную рэлігію розуму», у аснове якой ляжаць 5 «агульных ідэй»: існуе вышэйшае быццё; яго трэба шанаваць; дабрадзейнае жыццё — гал. форма шанавання; чалавек атрымлівае збаўленне праз раскаянне; пасля смерці кожнага чакае ўзнагарода ці пакаранне. На яго думку, ісціна («агульныя ідэі») была ўласціва раннім формам рэлігіі да часу спекуляцый на рэліг. ідэях з боку духавенства («Пра рэлігію язычнікаў», апубл. 1663). Аўтар «Аўтабіяграфіі» (1624, апубл. 1764), гіст. працы «Жыццё і цараванне караля Генрыха VIII» (1649), паэт. кн. «Выпадковыя вершы» (апубл. 1665) і інш. Рэліг.-філас. ідэі Ч. разглядалі П.​Гасендзі, Р.​Дэкарт; яго вучэнне паўплывала на станаўленне кембрыджскай школы платанізму і шатландскай школы ў філасофіі.

Н.​Г.​Кісялёва.

т. 17, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЁТКА (сапр. Пашкевіч Алаіза Сцяпанаўна; 15.7.1876, фальварак Пешчын, цяпер Шчучынскі р-н Гродзенскай вобл. — 17.2.1916),

бел. паэтэса-рэвалюцыянерка. Скончыла Віленскае 7-класнае вучылішча В.​Прозаравай (1901). Настаўнічала ў вёсцы. У 1902—04 вучылася на курсах П.​Лесгафта, у 1904 здала экстэрнам экзамены за курс Аляксандраўскай жан. гімназіі ў Пецярбургу. Вярнуўшыся ў Вільню, працавала фельчарам у Нова-Вілейскай бальніцы. Адна з заснавальнікаў і кіраўнікоў Беларускай сацыялістычнай грамады. Арганізоўвала рэв. рабочыя гурткі, пісала вершы, якія распаўсюджваліся як рэв. пракламацыі, выступала з прамовамі па-беларуску на мітынгах і сходах. У 1905 была дэлегаткай ад віленскіх работніц на з’ездзе жанчын у Маскве, актыўна ўдзельнічала ў рэв. маніфестацыях у Вільні, у падзямеллі бальніцы трымала шапірограф. Каб пазбегнуць суд. адказнасці, у канцы 1905 эмігрыравала ў Галіцыю (тады ў складзе Аўстра-Венгрыі). Жыла ў Львове, вучылася на філас. ф-це Львоўскага ун-та. У 1906 у Жоўкве (каля Львова) у друкарні базыльянскага Манастыра надрукавала зб-кі рэв. вершаў «Хрэст на свабоду» і «Скрыпка беларуская». Нелегальна прыязджала на радзіму, удзельнічала ў выданні газ. «Наша доля», у 1-м яе нумары надрукавала апавяд. «Прысяга над крывавымі разорамі». Захварэла на сухоты і выехала ў Закапанэ (Польшча). У 1908—09 жыла ў Кракаве, вучылася на гуманіт. аддз. Ягелонскага ун-та, была чл. рэв. арг-цыі моладзі ун-та «Спуйня» («Згуртаванасць»): Дзеля атрымання навук. ступені выканала працу «Батлейкі на Беларусі і іх сувязь з польскай драматычнай літаратурай». У 1911 выйшла замуж за С.​Кайрыса і вярнулася на радзіму. З тэатрам І.​Буйніцкага як актрыса ездзіла па Беларусі. У 1912 у Вільні, Нова-Вілейцы і Лідзе арганізавала некалькі тайных бел. школ. У 1914 у Мінску заснавала і рэдагавала 1-ы бел. часопіс для дзяцей і моладзі «Лучынка». У час 1-й сусв. вайны сястра міласэрнасці ў тыфозным салдацкім бараку ў Вільні.

Пісаць пачала ў 1902 пад уплывам Ф.​Багушэвіча. У «Каляднай пісанцы на 1904 год» і «Велікоднай пісанцы» (абедзве 1904) надрукавала вершы «Мужыцкая доля», «Мужык не змяніўся», «Нямаш, але будзе», «Музыкант беларускі», прасякнутыя спачуваннем цяжкай долі селяніна. Шырока карысталася нар.-песеннай сімволікай (вобразы музыкі, скрыпкі, дудкі). Для твораў перыяду рэвалюцыі 1905—07 характэрны публіцыстычная завостранасць, рэв. пафас, прамоўніцкія інтанацыі, метафарычнасць і алегорыя. Вершы «Мора», «Хрэст на свабоду», «Вера беларуса» і інш. сталі хрэстаматыйнымі. Упершыню ў бел. паэзіі стварыла вобраз рабочага («Пад штандарам»). Асобны перыяд у яе творчасці складалі вершы 1908—14, дзе пераважалі матывы грамадз. журбы і смутку, тугі па радзіме, выявілася засяроджанасць на долі адзінокага чалавека, зварот да фалькл. вобразаў («З чужыны», «Грайка», «На магіле», «На чужой старонцы», «Арлы-брацця, дайце скрыдлы», «Сірацінка», «Вясковым кабетам», «Гаданне» і інш.). Ц. адна з пачынальніц бел. прозы. Яе апавяданні прасякнуты гуманізмам, спачуваннем да чалавека працы, непрыняццем несправядлівасці («Навагодні ліст», «Зялёнка», «Міхаська», «Асеннія лісты», «Лішняя»). Выступала як публіцыст (арт. «Наша народная беларуская песня», «Як нам вучыцца», «Папараць-кветка» і інш.), нарысіст («Успаміны з паездкі ў Фінляндыю», «З дарогі»), даследчыца гісторыі бел. нар. т-ра (брашура «Праграма для збірання матэрыялаў аб батлейках на Беларусі», Вільня, 1910). Звярталася да моладзі з заклікам шанаваць родную мову, рыхтаваць сябе да грамадскай работы («Да вясковай моладзі беларускай», «Шануйце роднае слова!», «Аб душы маладзёжы»). Аўтар «Першага чытання для дзетак беларусаў» (1906). Помнікі Ц. пастаўлены ў г. Шчучын, г.п. Астрына і ў в. Шастакоўцы Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл.

Тв.:

Творы. Мн., 1976;

Выбр. творы Мн., 2001.

Літ.:

А. [Навіна А.] Памяці «Цёткі»: (У гадаўшчыну смерці // Гоман. 1917. 6 лют.;

Хлябцэвіч Я. Цётка // Полымя 1924. №3;

Арабей Л. Цётка. Мн., 1956;

Яе ж. Стану песняй. Мн., 1977;

Бярозкін Р. Постаці. Мн., 1971.

Л.​Л.​Арабей.

Цётка.

т. 17, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЯТЫ́Я БЕЛАРУ́СІ,

рэальныя гістарычныя асобы, якія, паводле паданняў, за сваю адданасць рэлігіі надзелены здольнасцю рабіць цуды, за што пасля смерці былі ўшанаваны царквой. У 1984 усталявана святкаванне Сабора беларускіх святых у 1-ю нядзелю пасля св. Тройцы (Сёмухі). У Сабор увайшлі 15 святых. Міна Полацкі(?—1116), епіскап полацкі. У час яго епіскапства прыняла пострыг Ефрасіння Полацкая. Ушаноўваецца правасл. царквой як адзін з першых архіпастыраў, які спрыяў распаўсюджванню хрысціянства на Беларусі. Дзень памяці 3 ліпеня; Марцін Тураўскі (?—1150), манах. Вядомы са «Сказання пра Барыса і Глеба» (канец 11 — пач. 12 ст.). Жыў адзін у пустыні. Калі захварэў, у келлю з’явіліся св. пакутнікі Барыс і Глеб і дапамаглі яму. Блажэннага пакутніка Тураўскага сталі шанаваць адразу пасля смерці. Дзень памяці 10 ліпеня; Расціслаў Мсціславіч (1100-я г. — 1167), князь смаленскі і кіеўскі. Заснаваў у Смаленску самастойную епіскапію. Дзень памяці 27 сакавіка; Ефрасіння Полацкая (каля 1101—1167); Дыянісій Полацкі(? — 1182), епіскап полацкі, манах Кіева-Пячэрскай лаўры. Лічыцца, што з яго бласлаўлення на св. зямлю адправілася Ефрасіння Полацкая, ён быў ініцыятарам яе кананізацыі. Дзень памяці ў 3-ю нядзелю пасля Пяцідзесятніцы; Кірыла Тураўскі (каля 1130 — каля 1182); Лаўрэнцій Тураўскі (каля 1113 — пасля 1190), манах. У 1182—94 узначальваў тураўскую кафедру. Праславіўся глыбокай верай і адданасцю царкве, сваёй здольнасцю вылечваць людзей. Дзень памяці 11 лютага; Елісей Лаўрышаўскі (?—1250), сын вял. князя ВКЛ Траняты, займаў высокую пасаду пры двары вял. князя ВКЛ Міндоўга. Потым пайшоў у пустэльню і разам з правасл. манахам заснаваў каля Новагародка лаўру. Мошчы яго тварылі цуды. Дзень памяці 5 лістапада; Сімяон Полацкі (1220—89), епіскап полацкі. Паходзіў з полацкіх князёў. Раздаў шмат угоддзяў цэрквам і манастырам; быў дабрадзейны да жабракоў, сірот, няшчасных і пакрыўджаных. Дзень памяці 6 лютага; Віленскія пакутнікі Іаан, Антоній і Яўстафій (?—1347). Дні памяці 27 красавіка і 26 ліпеня; Юльянія Альшанская (?—1550), дачка правасл. магната Рыгора Альшанскага. Культ Юльяніі Альшанскай адыграў значную ролю ва ўмацаванні рэліг. свядомасці правасл. жыхароў Беларусі. Дні памяці 6 ліпеня і 11 кастрычніка; Соф’я Слуцкая (1585—1612), апошняя княгіня з роду слуцкіх князёў Алелькавічаў, нашчадкаў вял. князя ВКЛ Альгерда. Дзякуючы дзейнасці княгіні Слуцк яшчэ пры яе жыцці меў асаблівае значэнне ў рэліг. жыцці Беларусі, быў цвярдыняй праваслаўя. Дзень памяці 1 красавіка; Афанасій Брэсцкі (каля 1595—15.9.1648); Макарый Канеўскі (1606—78), ігумен пінскі, загінуў пакутніцкай смерцю, абараняючы праваслаўе. Дні памяці 26 мая і 20 верасня; Гаўрыіл Беластоцкі (1684—90), дзіця; паводле падання, быў выкрадзены мясц. арандатарам, тайна вывезены ў Беласток і закатаваны. Заступнік хворых і гаротных дзяцей. Дзень памяці 3 мая; Георгій Каніскі (1717—95); Праведны Іаан Кармянскі (1893—1917), іераманах, вызначаўся дабрынёй, міласэрнасцю і празорлівасцю. Мошчы знаходзяцца ў Пакроўскай царкве ў в. Карма Добрушскага р-на. Дні памяці 31 мая і 9 верасня.

У Сабор не ўвайшлі асобы, пра якіх не захавалася дастаткова звестак або якія жылі на землях, што не ўваходзяць у тэр. сучаснай Беларусі. Але без іх немагчыма ўявіць сабе гісторыю бел. царквы: св. пакутнік Макарый, мітрапаліт кіеўскі; Меркурый, воін смаленскі; прападобныя Аўрамій і Яфрэм смаленскія; свяціцель Кіпрыян, мітрапаліт кіеўскі, літоўскі, маскоўскі і ўсяе Русі і інш. Нараджэннем або служэннем сваім апасродкавана з Беларуссю звязаны роўнаапостальскі Мікалай Японскі, свяціцель Ціхан, патрыярх маскоўскі, дабраверны князь Цімафей-Даўмонт і інш. 28.10.1999 на пасяджэнні Сінода Бел. правасл. царквы здзейснена кананізацыя «ў ліку мясцоваўшаноўваемых святых 23 новапакутнікаў», клірыкаў Мінскай епархіі 1-й пал. 20 ст. Дзень памяці 28 кастрычніка.

З каталіцкіх святых на Беларусі ўшаноўваюць Казіміра (5.10.1458—4.3.1484), сына караля Польшчы і вял. кн. ВКЛ Казіміра IV Ягелончыка, патрона Вільні і Гродзенскай рымска-каталіцкай епархіі, апекуна зямель ВКЛ. Дзень памяці 4 сакавіка; Андрэя Баболю (30.11.1591—16.5.1657); Ю.А.Каліноўскага (1.9.1835—15.11.1907); М.М.Кольбе (8.1.1894—14.8.1941). Да уніяцкіх святых прылічаны Іасафат Кунцэвіч (1580—12.11.1623).

Літ.:

Мельников А.А. Путь непечален: Ист. свидетельства о святости Белой Руси. Мн., 1992;

Акафист святому мученику младенцу Гавриилу Заблудовскому. Белосток, 1993;

Святыя зямлі Беларускай // Беларускі праваслаўны каляндар, 1994. Мн., 1993;

Рэлігія і царква на Беларусі: Энцыкл. давед. Мн., 2001.

А.​А.​Мельнікаў.

т. 14, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)