РА, Рэ,

у старажытнаегіпецкай міфалогіі і рэлігіі бог сонца. Яго ўяўлялі сокалам, на галаве якога сімвал бажаства — сонечны дыск. Паводле пашыранага міфа Р. ўдзень плыве па нябесным Ніле на барцы Манджэт і асвятляе зямлю, увечары перасаджваецца ў барку Месектэт і сплывае ўніз, у царства нябожчыкаў, дзе плыве па падземным Ніле, а раніцай зноў з’яўляецца на гарызонце. Культ Р. ўзнік, верагодна, ў пач. 3-га тыс. да н.э., у сярэдзіне 3-га тыс. яго пачалі шанаваць як цара і бацьку багоў, творцу сусвету і людзей. Егіп. фараоны прымалі тытул «сын Ра». Пазней Р. атаясамлівалі з Амонам (Амон-Ра), Горам (Ра-Гарахуці) і інш. багамі, над выявамі якіх пачалі змяшчаць сонечны дыск.

Цэнтрам культу Р. быў г. Он (грэч. Геліопаль).

Ра ў вобразе сокала, які нясе сонечны дыск. Малюнак з «Кнігі мёртвых» Анхаі. Каля 1100 да н.э.

т. 13, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)