КАНАНА́ДА (франц. canonnade ад canon гармата),

часты і магутны агонь з многіх артыл. гармат.

т. 7, с. 569

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕТРЫМА́ННЕ МАЧЫ́,

міжвольнае выдзяленне мачы ад парушэння функцыі сфінктэраў мачавога пузыра. Часты вынік родавай траўмы (Н.м. пры напружанні ў жанчын), арган. пашкоджанняў ц. н. с., спіннога мозга, заган развіцця мачавых шляхоў, функцыян. парушэнняў у дзяцей (энурэз). Лячэнне тэрапеўт., масаж, фізіятэрапія, у цяжкіх выпадках — хірургічнае.

т. 11, с. 301

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЭ́С, Арэй,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі каварны, вераломны бог вайны дзеля вайны, які нясе гібель і разбурэнне. Сын Зеўса і Геры. Арэса ўяўлялі ў вобразе маладога дужага мужчыны, часам у баявым шлеме. Міф пра Арэса — часты сюжэт у выяўленчым мастацтве (антычныя вазы, фрэскі, статуі Баргезійскага Арэса і Людавізійскага Арэса, карціны С.​Батычэлі, Я.​Тынтарэта, П.​Рубенса, Ж.​Давіда) і інш. У старажытна-рымскай міфалогіі яму адпавядае Марс.

т. 2, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЕ́НА, Алена Прыгожая,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі дачка Зеўса і Леды, жонка цара Спарты Менелая, якая лічылася надзвычайнай прыгажуняй. Паводле міфаў, сын траянскага цара Прыяма Парыс з дапамогай Афрадыты выкраў Алену, што стала зачэпкай Траянскай вайны. Міф пра Алену — часты сюжэт у выяўл. мастацтве (ант. вазы, фрэскі, карціны Я.​Тынтарэта, Ж.​Л.​Давіда), л-ры (Гамер, Эўрыпід, І.​В.​Гётэ), музыцы (К.​В.​Глюк, К.​Сен-Санс, Р.​Штраус) і інш.

т. 1, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕЎРО́ПА,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі багіня земляробства, дачка фінікійскага цара Агенора, сястра Кадма, маці Мінаса, Сарпедона і Радаманфа. Закаханы ў Е. Зеўс пад выглядам быка выкраў яе і пераплыў на Крыт, дзе Е. стала яго жонкай. Культ Е. існаваў у Фінікіі і на Крыце. Выкраданне Е. — часты сюжэт у выяўл. мастацтве (ант. вазапіс, рым. мазаіка, фрэскі ў Пампеях, карціны К.​Ларэна, Рафаэля, Тыцыяна і інш.).

Да арт. Еўропа. Выкраданне Еўропы. Мастак В.​А.​Сяроў. 1910.

т. 6, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́БА, Гебея,

у грэчаскай міфалогіі багіня юнацтва, дачка Зеўса і Геры, сястра Арэса. На Алімпе ў палацы Зеўса на баляваннях багоў выконвала абавязкі віначэрпа (пазней яны перайшлі на Ганімеда). Пасля абагаўлення Геракла Геба стала яго жонкай. Вяселле Гебы і Геракла — часты сюжэт у ант. паэзіі (Сапфо, Піндар, Авідзій), выяўл. мастацтве (рэльефы, творы вазапісу, скульптуры А.​Кановы, Б.​Торвальдсена), у музыцы (оперы Р.​Кайзера, К.​В.​Глюка) і інш. У рым. міфалогіі Гебе адпавядае Ювента.

Геба. Скульптура А.​Кановы. 1801.

т. 5, с. 128

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАНІМЕ́Д,

у грэчаскай міфалогіі сын траянскага цара Троса. За незвычайную прыгажосць яго выкраў Зеўс (паслаў за ім арла ці быў сам у абліччы арла). На Алімпе Ганімед стаў каханкам Зеўса і віначэрпам багоў. Паводле інш. міфаў, Ганімед узнесены на неба ў выглядзе задыякальнага сузор’я Вадалей. Міф пра Ганімеда — часты сюжэт у выяўл. мастацтве (ант. роспісы, малюнак Мікеланджэла, скульптуры Леахара, Б.​Торвальдсена, карціны Карэджа, П.​П.​Рубенса, Рэмбранта і інш.).

Ганімед з арлом. Рымская копія з грэчаскага арыгінала 3—2 ст. да н.э.

т. 5, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРГАНА́ЎТЫ,

у грэчаскай міфалогіі героі паходу па залатое руно, якое ахоўваў дракон. Больш за 50 арганаўты пад кіраўніцтвам Ясона накіраваліся на караблі «Арго» ў Калхіду. З дапамогай чараўніцы Медэі захапілі руно і прывезлі яго ў Грэцыю. Паход арганаўтаў — часты сюжэт у творах ант. і пасляант. мастацтва (рэльеф у Дэльфах, кратэр сярэдзіны 5 ст. да н.э.); ён выкарыстаны ў эпасах Апалонія Радоскага і В.​Флака, драм. трылогіі Ф.​Грыльпарцэра, оперы Л.​Керубіні і інш.

Да арт. Арганаўты. Геракл і арганаўты. Размалёўка кратэра з г. Арвіета. Каля 450 да н.э.

т. 1, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРФЕ́Й,

у грэчаскай міфалогіі фракійскі спявак, сын музы Каліопы. Цудоўнымі спевамі і ігрой на кіфары ён зачароўваў багоў і людзей, утаймоўваў дзікія сілы прыроды. Паводле міфаў, Арфей удзельнічаў у паходзе арганаўтаў, лічыўся заснавальнікам арфічных культаў. Калі раптоўна памерла яго жонка Эўрыдыка, Арфей адправіўся за ёю ў царства мёртвых. Міф пра Арфея — часты сюжэт у выяўл. мастацтве (ант. вазы, фрэскі, карціны П.​Рубенса, Я.​Тынтарэта), л-ры (Авідзій, Вергілій), музыцы (К.​Глюк, Ф.​Ліст, І.​Стравінскі) і інш.

Арфей, які іграе на ліры. Мазаіка. 3 ст.

т. 1, с. 516

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЫЯ́ДНА,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі дачка крыцкага цара Мінаса і Пасіфаі, унучка бога сонца Геліяса. Дапамагла афінскаму герою Тэсею, які забіў Мінатаўра, выбрацца з лабірынта пры дапамозе клубка нітак («нітка Арыядны»). Пакінутая Тэсеем, стала жонкай Дыяніса; вянок, падораны Дыянісам, пасля смерці Арыядны трапіў на неба і прыняў форму сузор’я (сузор’е Паўночная Карона). Міф пра Арыядну — часты сюжэт у выяўленчым мастацтве (антычныя вазы, фрэскі, рэльефы рымскіх саркафагаў, карціны Тыцыяна, Я.​Тынтарэта, А.​Каўфман), літаратуры (Лопэ дэ Вэга, І.​Гундуліч), музыцы (Г.​Ф.​Гендэль, І.​Гайдн, І.​К.​Бах) і інш.

т. 2, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)