СПАНДЫЛІ́Т (ад грэч. spondylos пазванок),
запаленне структурных элементаў пазваночніка, пераважна інфекц. характару. Бывае спецыфічны (туберкулёзны — найб. часты, грыбковы, сіфілітычны, ганарэйны, тыфозны і інш.) і неспецыфічны (гнойны, рэўматоідны і інш.). Праяўляецца лакальным болем, павышэннем т-ры цела, слабасцю, павышанай стамляльнасцю і інш. Пры гнойным С. целы пазванкоў паступова разбураюцца, пазваночнік дэфармуецца. Пры працяглым цячэнні туберкулёзнага С. развіваецца горб. Скрыўленне пазваночніка парушае функцыі органаў грудной поласці. Ускладненні: абсцэсы, свішчы і інш. Лячэнне тэрапеўт., хірургічнае.
І.М.Семяненя.
т. 15, с. 97
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)