БА́СЕРМАН (Bassermann) Альберт
(7.9.1867, г. Мангейм, Германія — 15.5.1952),
нямецкі акцёр. Сцэн. дзейнасць пачаў у гар. т-ры Базеля (1889). Працаваў у буйнейшых т-рах краіны. Акцёр шырокага творчага дыяпазону. Сярод роляў: Гельмер («Нора» Г.Ібсена), Крамптан («Калега Крамптан» Г.Гаўптмана), Лір, Атэла, Мальволіо, Петручыо («Кароль Лір», «Атэла», «Дванаццатая ноч», «Утаймаванне свавольніцы» У.Шэкспіра). З 1915 акцёр-гастралёр. У 1933 эмігрыраваў у Швейцарыю, потым у ЗША. З 1913 здымаўся ў кіно: «Лукрэцыя Борджыя» (Германія), «Рапсодыя ў стылі блюз» (ЗША), «Чырвоныя чаравічкі» (Вялікабрытанія) і інш.
т. 2, с. 340
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАПА́К,
украінскі нар. танец. Узнік у Войску Запарожскім. Бывае сольны, парны, групавы. Уключае скокі, прысядкі, вярчэнні і інш. віртуозныя танц. рухі. Тэмп хуткі. Муз. памер . Пашыраны і на Беларусі, пераважна ў зах. і паўд.-зах. раёнах, мае адметныя рысы: выконваецца звычайна трыма танцорамі, суправаджаецца прыпеўкамі. Жанр гапака выкарыстаны ў творах многіх укр., рус. і інш. кампазітараў: у операх «Чаравічкі» і «Мазепа» П.Чайкоўскага, «Майская ноч» М.Рымскага-Корсакава, «Запарожац за Дунаем» С.Гулак-Арцямоўскага, «Энеіда» М.Лысенкі, балетах «Тарас Бульба» В.Салаўёва-Сядога, «Канёк-Гарбунок» Ц.Пуні, «Гаянэ» А.Хачатурана і інш. Выконваецца і як самаст. муз. п’еса.
т. 5, с. 36
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́ЗАРАЎ Мікалай Аляксандравіч
(25.8. 1905, г. Смаргонь Гродзенскай вобл. — 16.1.1980),
бел. спявак (драм. тэнар). Засл. арт. Беларусі (1954). На оперную сцэну прыйшоў з маст. самадзейнасці. У 1937—61 (з перапынкам) саліст Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Прыроджаная музыкальнасць і артыстызм дазвалялі яму выконваць разнапланавыя партыі: Міхась, Сяргей («Міхась Падгорны», «Алеся» Я.Цікоцкага), Нупрэй («Яснае світанне» А.Туранкова), Мечыслаў («Кастусь Каліноўскі» Дз.Лукаса), Герман, Андрэй, Вакула («Пікавая дама», «Мазепа», «Чаравічкі» П.Чайкоўскага), Князь («Русалка» А.Даргамыжскага), Сабінін («Іван Сусанін» М.Глінкі), Андрэй («Запарожац за Дунаем» С.Гулак-Арцямоўскага), Стэфан («Страшны двор» С.Манюшкі), Хазэ («Кармэн» Ж.Бізэ), Пінкертон («Чыо-Чыо-сан» Дж.Пучыні).
Дз.М.Жураўлёў.
т. 9, с. 98
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІ́ТГАРЦ Ілья Аляксандравіч
(30.3.1893, г. Адэса, Украіна — 3.2.1966),
бел. дырыжор і педагог, кампазітар. Засл. дз. маст. Беларусі (1955). Скончыў Петраградскую кансерваторыю па класах скрыпкі (1916) і тэорыі кампазіцыі (1918). У 1919—26 і 1936—47 муз. кіраўнік у оперных т-рах Палтавы, Ленінграда, Масквы, Ташкента, Пермі, Куйбышава, Фрунзе. У 1926—30 заг. муз. часткі і дырыжор БДТ-2. Як заснавальнік, муз. кіраўнік і гал. дырыжор Бел. студыі оперы і балета (1930—33) падрыхтаваў адкрыццё Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі, быў яго першым дырэктарам, маст. кіраўніком і гал. дырыжорам (1933—36), дырыжорам (1947—51). З 1947 выкладаў у Бел. кансерваторыі (дацэнт з 1949). Пад яго муз. кіраўніцтвам паст. оперы «Кармэн» Ж.Бізэ (1933), «Яўген Анегін» (1933, 1948), «Пікавая дама» (1931) і «Чаравічкі» (1949) П.Чайкоўскага, «Дуброўскі» Э.Напраўніка (1948), «Тоска» Дж.Пучыні (1950), балеты «Князь-возера» (1949) і «Палымяныя сэрцы» (1955) В.Залатарова, «Салавей» М.Крошнера (1950). Гітгарцу-дырыжору былі ўласцівыя тонкая інтуіцыя, імправізацыйны пачатак. Аўтар музыкі да драм. спектакляў.
Літ.:
Смольский Б.С. Белорусский музыкальный театр. Мн., 1963. С. 91—93, 96, 98, 101, 224;
Азгур З. Дырыгент // Літ. і мастацтва. 1993. 26 сак.
т. 5, с. 278
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)