мінерал падкласа ванадатаў, водны ванадат калію і урану, K2(UO2)2[VO4]2∙3H2O. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Структура субслаістая. Звычайна зямлістыя масы, зярністыя і парашкаватыя агрэгаты. Колер жоўты да зеленавата-жоўтага. Бляск цьмяны да зямлістага. Цв. 2—2,5. Шчыльн. 5 г/см³. Моцна радыеактыўны. Другасны мінерал, утвараецца ў зоне акіслення асадкавых радовішчаў. Руда ўрану, радыю, ванадыю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНГЛЕЗІ́Т (ад назвы в-ва Англсі ў Англіі),
мінерал класа сульфатаў, сульфат свінцу, Pb[SO4]. Мае 68,3% свінцу. Крышталізуецца ў рамбічнай сінганіі. Крышталі тонка і тоўстатаблітчастыя, прызматычныя; зярністыя і шчыльныя агрэгаты, жаўлакі. Бясколерны, белы, злёгку афарбаваны (шэры, жоўты, буры і інш.). Бляск шкляны да алмазнага, цьмяны. Цв. 3—3,5. Шчыльн. каля 6,4 г/см³. Пераважна гіпергенавы, утвараецца ў зоне акіслення свінцовых рудаў. Свінцовая руда.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЁТЫТ (ням. Goethit — назва ў гонар І.В.Гётэ),
мінерал падкласа гідраксідаў, аксігідраксід жалеза, a=FeOOH. Прымесі марганцу і алюмінію, таксама залішняй адсарбіраванай вады (гідрагётыт). Гётыт разам з гідрагётытам — гал. кампаненты ліманіту. Крышталізуецца ў рамбічнай сінганіі. Крышталі слупкаватыя, ігольчастыя і іх зросткі. Агрэгаты зямлістыя, радыяльна-прамянёвыя, валакністыя. Колер цёмна- ці чырванавата-буры. Бляск алмазны, цьмяны або шаўкавісты. Цв. 5—5,5. Шчыльн. 4—4,3 г/см³. Асадкавы або прадукт выветрывання жалезазмяшчальных мінералаў. Каштоўная жалезная руда.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАКСІ́Т (ад назвы мясцовасці Бо на Пд Францыі, дзе ўпершыню быў знойдзены),
алюмініевая руда, якая складаецца пераважна з гідратаў вокіслаў алюмінію, вокіслаў жалеза (бёміту, гібсіту, гідрагётыту, дыяспару і інш.) і гліністых мінералаў. Агрэгаты шчыльныя (камяністыя), порыстыя, зямлістыя, глінападобныя. Колер белы, шэры, жоўты, чырвоны, чорны. Бляск цьмяны да зямлістага. Цв. 1—3. Шчыльн. 1800—3200 кг/м³. Паходжанне латэрытнае (рэшткавае, ва ўмовах трапічнага і субтрапічнага клімату) і асадкавае. Гал. руда для атрымання алюмінію, выкарыстоўваецца на выраб фарбаў, штучных абразіваў, вогнетрывалых матэрыялаў і інш.Асн. радовішчы ў Аўстраліі, Сурынаме, Гаяне, Бразіліі, Гвінеі, Францыі, Венгрыі, Расіі, ЗША, на Ямайцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛАЎКАНІ́Т (ад грэч. glaukos блакітнавата-зялёны),
мінерал класа сілікатаў, групы гідраслюд, водны алюмасілікат жалеза, магнію і калію (K, H2O) (Fe, Mg, Al)2[(Al, Si)Si3O10](OH)2. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Характэрны тонкакрышт. агрэгаты, круглаватыя зерні. Колер зялёны, розных адценняў. Бляск зямлісты, цьмяны. Цв. 2—3. Шчыльн. 2,2—2,9 г/см³. Утвараецца пры дыягенезе асадкаў, а таксама ў глебах і корах выветрывання. На Беларусі ёсць у адкладах кембрыйскай, ардовікскай, мелавой і палеагенавай сістэм. Выкарыстоўваецца для змякчэння жорсткасці вады, угнаення глеб, як зялёная фарба, а таксама для вызначэння абсалютнага ўзросту горных парод ізатопнымі метадамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІ́НАВАР (ад грэч. kinnabari),
мінерал класа сульфідаў, сульфід ртуці, HgS. Мае 86,2% ртуці. Крышталізуецца ў трыганальнай сінганіі. Крышталі тоўстатаблітчастыя або ромбаэдрычныя.
Агрэгаты тонказярністыя, шчыльныя ці зямлістыя. Колер чырвоны да карычнева-чырвонага. Бляск алмазны ў чыстым мінерале або зямлісты, цьмяны (з прымесямі). Паўпразрысты. Цв. 2,5. Шчыльн. 8—8,2 г/см³. Гідратэрмальнага паходжання. Пашыраны ў выглядзе ўкрапін і жыл паблізу маладых вулканічных парод і гарачых крыніц. Трапляецца ў асацыяцыі з пірытам, марказітам, стыбнітам, сульфідам медзі ў жыльных пародах. Буйныя радовішчы на Украіне, у Іспаніі. Асноўная руда ртуці, таксама сыравіна для вырабу маст. фарбаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́МАН ((Hamann) Іаган Георг) (27.8.1730, г. Кёнігсберг, цяпер г. Калінінград, Расія — 21.6.1788),
нямецкі філосаф-ірацыяналіст, крытык, пісьменнік. Вывучаў у Кёнігсбергу філасофію, багаслоўе, філалогію. Яго «Сібіліны лісткі» (выд. 1819) выкладзены ў форме аракульскіх выслоўяў. У фрагментах «Славутыя думкі Сакрата» (1759) і «Аблокі» (1761) адстойваў прынцыпы веры і непасрэднага пачуцця як асноўныя пры спасціжэнні рэчаіснасці. Лічыў мастацтва вынікам геніяльнай інтуіцыі (фрагмент «Кішэнная эстэтыка», 1761). Крытыкуючы рацыяналізм асветнікаў, у прыватнасці філасофію І.Канта («Метакрытыка пра пурызм розуму», 1784, выд. 1800), развіваў ідэі містычна афарбаванай інтуітывісцкай дыялектыкі. Абсалютызаваў інтуітыўны момант у творчасці і пазнанні (канцэпцыя «непасрэдных ведаў»). Паводле Гамана, розум (развага) індывідуальны, гістарычны, сітуатыўны; не існуе ўсеагульнага «цвярозага розуму» асветніцкай філасофіі, як і кантаўскага «чыстага розуму»; мова — «першы і апошні орган і крытэрый розуму», звязанасць якога з мовай вызначае межы розуму. Яго ўяўленні пра мову, творчасць генія, спрадвечнасць паэзіі зрабілі ўплыў на ням.філас.-эстэт. думку (І.Г.Гердэр, літ. рух «Буры і націску», І.В.Гётэ). За афарыстычны адрывісты і цьмяны стыль, падобны на прароцтвы, празваны Гётэ «паўночным магам».