Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́САКА,
вадкасць, якая выцякае з перарэзаных сасудаў драўніны сцёблаў або каранёў жывых раслін пад уплывам каранёвага ціску. Мае солі, амінакіслоты, бялкі, цукры, цытакініны і інш. За вегетац. перыяд у некат. дрэў выцякае 50—150 л П., у травяністых раслін (напр. у гарбуза) — 4—5 л. Найб. П. ў дрэў напрадвесні; у ёй да 8% цукру. Веснавую П. ўжываюць як напітак (бярозавы, кляновы сок).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕНТО́ЗЫ,
простыя цукры, у малекуле якіх 5 атамаў вугляроду (C5H10O5).
Бясколерныя крышталі, добра раствараюцца ў вадзе, дрэнна ў спірце, не раствараюцца ў эфіры. П. — арабіноза і ксілоза ўваходзяць у склад гліказідаў і поліцукрыдаў раслін, камедзяў, слізей, сапанінаў; рыбоза і 2-дэзоксірыбоза — у склад нуклеазідаў, нуклеатыдаў і нуклеінавых кіслот. Рыбоза таксама прымае ўдзел у біясінтэзе нуклеатыдаў, пентозафасфатным цыкле, з’яўляецца прамежкавым прадуктам фотасінтэзу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САПАНІ́НЫ,
арганічныя безазоцістыя рэчывы, у якіх цукры злучаны з вытворнымі стэрынаў. Ўтрымліваюцца гал. чынам у раслінах, знойдзены таксама ў тканках ігласкурых.
Аморфныя, бясколерныя ці жаўтаватыя рэчывы, добра раствараюцца ў вадзе (растворы пеняцца, як мыла). Уваходзяць у састаў лек. прэпаратаў расл. паходжання (напр., кара мыльнага дрэва, салодка), якія ўжываюцца як адхарквальная і мачагонныя сродкі. Некат. С. выкарыстоўваюцца ў вытв-сці стэроідных гармонаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛОЧНАКІ́СЛЫЯ БАКТЭ́РЫІ,
узбуджальнікі малочнакіслага браджэння. Развіваюцца на складаным пажыўным асяроддзі. Трапляюцца ў малацэ і малочных прадуктах, на раслінах і раслінных рэштках, у кішэчніку чалавека і жывёл.
Бясспоравыя грамстаноўчыя палачкі і кокі. Факультатыўныя анаэробы. Гомаферментатыўныя М.б. расшчапляюць цукры пераважна да малочнай к-ты і выкарыстоўваюцца ў вытв-сці кісламалочных прадуктаў, малочнай кіслаты, гетэраферментатыўныя ўтвараюць таксама воцатную к-ту, спірты, эфіры, удзельнічаюць у працэсах сіласавання кармоў, квашанні капусты, выкарыстоўваюцца ў вытв-сці дэкстранаў (для заменнікаў плазмы крыві). Гл. таксама Лактабацылы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАКЛАЖА́Н (Solanum melongena),
шматгадовая агароднінная расліна сям. паслёнавых. Дзікарослы вядомы ў Індыі, дзе ўведзены ў культуру да нашай эры У Еўропе разводзілі пераважна як лек. расліну, з 18 ст. спажываюць у ежу. Вырошчваюць у тропіках і субтропіках; на Беларусі найбольш у паўд. раёнах Брэсцкай і Гомельскай абласцей.
Выш. да 1 м. Лісце простае, авальнае, зялёнае з фіялетавым адценнем. Кветкі фіялетавыя, пазушныя, адзіночныя або ў гронках. Плады — ягады, грушападобныя, круглыя або цыліндрычныя, фіялетавыя, жоўтыя з карычневымі палосамі, зялёныя, белыя; маюць цукры, бялкі, дубільныя рэчывы, вітаміны C, B1, PP. Цепла- і вільгацелюбівая расліна. У культуры аднагадовая, вырошчваецца расадай. У адкрыты грунт высаджваюць у канцы мая — пач. чэрвеня.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЯКІ́, ганабобель,
дурніцы (Vaccinium uliginosum),
від кветкавых раслін з роду ягаднік сям. верасовых. Пашыраны ва ўмераных і халодных зонах Паўн. паўшар’я. На Беларусі трапляецца ўсюды на сфагнавых балотах і ў забалочаных хваёвых лясах разам з багуном, утварае зараснікі.
Невял. разгалінаваны лістападны кусцік выш. да 1 м з прамымі галінкамі. Лісце цвёрдае, эліптычнае, шаравата-шызае, чаргаванае. Кветкі дробныя, белыя з ружовым адценнем, па 1—3 на канцах леташніх парасткаў. Плод — сакаўная сінявата-чорная ягада з шызым воскападобным налётам. Лек. (добры проціцынготны і вяжучы сродак, садзейнічае вывядзенню з арганізма радыенуклідаў), харч. (ягады кісла-салодкія, ядомыя, маюць цукры, дубільныя рэчывы, фенолы, вітаміны і інш.), кармавая і меданосная расліна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЦЫКЛІ́ЧНЫЯ ЗЛУЧЭ́ННІ, аліфатычныя злучэнні,
арганічныя злучэнні, у якіх атамы вугляроду звязаны паміж сабой у адкрытыя лінейныя ці разгалінаваныя ланцугі. Ацыклічныя злучэнні з простымі сувязямі паміж атамамі вугляроду адносяцца да насычаных злучэнняў, з адной ці некалькімі двайнымі або трайнымі вуглярод-вугляроднымі сувязямі — да ненасычаных злучэнняў. Пад уздзеяннем каталізатараў і высокіх т-р адбываюцца хім. ператварэнні паміж насычанымі і ненасычанымі ацыклічнымі злучэннямі, а таксама паміж ацыклічнымі злучэннямі і аліцыклічнымі злучэннямі. Практычнае значэнне мае ператварэнне ацыклічных злучэнняў у араматычныя (гл.Араматызацыя). Да ацыклічных злучэнняў належаць вуглевадароды і іх вытворныя (спірты, кіслоты, эфіры, аміны і інш.), тлушчы і вугляроды (цукры, крухмал, клятчатка і інш). Асн. крыніца ацыклічных злучэнняў — нафта, прыродны газ, прадукты расліннага паходжання.