КАСА́Ч (Павел Мікалаевіч) (20.11.1887, в. Рогава Маладзечанскага р-на Мінскай вобл. — 7.12.1977),

бел. дзеяч самадзейнага мастацтва, кампазітар. Засл. дз. культуры Беларусі (1957). Скончыў Магілёўскі пед. ін-т (1938). Творчы шлях пачаў у капэле Дз.Агрэнева-Славянскага ў 1907. У 1912—56 настаўнічаў. У 1946 арганізаваў хор студэнтаў у Нясвіжскім пед. вучылішчы, у 1952—64 узначальваў хор сельскага клуба в. Лявонавічы (Нясвіжскі р-н Мінскай вобл.), які пад яго кіраўніцтвам дасягнуў значнага выканальніцкага майстэрства, атрымаў званне народнага. Аўтар шэрагу песень (у т. л. «Хораша вясною ходзіцца», «Мой Нёман», «Беларусь мая», «Цімох», «Выйдзі, дзяўчына», «Кланялася жыта»), апрацовак бел. нар. песень («Жніўная», «Ой, сівы конь бяжыць» і інш.).

т. 8, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЕ́РДЭЛЬ (Леанід Ісакавіч) (н. 14.8.1933, г. Крывы Рог Днепрапятроўскай вобл., Украіна),

бел. кампазітар. Скончыў Крыварожскі горна-рудны ін-т (1956), Бел. кансерваторыю (1968, кл. А.​Багатырова). Працаваў у Крыварожскім НДІ мех. апрацоўкі чорных металаў. З 1963 канцэртмайстар Мінскага пед. ін-та і дзіцячага хору Бел. тэлебачання і радыё. З 1968 выкладчык Маладзечанскага муз. вучылішча, з 1974 — Рэсп. школы-інтэрната па музыцы і выяўл. мастацтве. Аўтар музыкі для дзяцей і юнацтва, якая вызначаецца меладызмам і прастатой апрацовак бел. нар. песень для дзіцячага, мяшанага і жаночага хароў. Сярод твораў: сімфонія, кантаты «Размова з сынам» (абедзве 1968), «Рознакаляровая зямля» (1975), араторыя «Дзень добры, родны край» (1983), сюіта для дзіцячага хору і нар. арк. «Беларускія карцінкі» (1981), харавы цыкл «У заапарку» (1979—87), вак.-харэагр. кампазіцыя «Нам хораша жыць» (1983); балады для хору і сімф. арк. «Лаўскі бой» (1982) і «Песня лясных волатаў» (1987) і інш.; музыка для спектакляў. З 1990 жыве за МЯЖОЙ.

І.​М.​Шмелькіна.

т. 14, с. 251

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЛАКО́ЎСКІ (Аляксей Мікалаевіч) (24.12.1913, в. Кулакі Салігорскага р-на Мінскай вобл. — 9.4.1986),

бел. пісьменнік. Засл. работнік культ. Беларусі (1974). Скончыў Мінскі настаўніцкі ін-т (1939). Працаваў у прэсе. У 1953—58 гал. рэдактар час. «Маладосць», з 1965 нам. адказнага сакратара, адказны сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі. З 1977 дырэктар Літ. музея Я.​Купалы. Друкаваўся з 1932. Людзям пасляваен. вёскі прысвяціў першы зб. апавяданняў «Сад» (1947), маладым рабочым — аповесць «Гартаванне» (1948). Складаныя гасп. і духоўныя праблемы вёскі, чалавек працы, яго клопаты і турботы, багаты ўнутр. свет у зб-ках «Новыя сустрэчы» (1950), «Хораша ўзыходзіць сонца» (1952), «Незабыўнае рэха» (1956) і аповесці «Тры зоркі» (1963). Значнасцю грамадскай праблематыкі, высокім этычным пафасам, маст. дасканаласцю вылучаецца аповесць «Нявестка» (1956). Аповесці «Тут я жыву...» (1960), «Расце мята пад акном» (1966), зб-кі «Першае чаканне» (1965), «Родныя шыроты» (1978), раман «Васількі» (1979) адлюстроўваюць жыццё горада з першых пасляваен. гадоў. Вайна ў яе суровым і мужным абліччы ў рамане-дылогіі «Расстаёмся ненадоўга» (1953—54) і «Сустрэчы на ростанях» (1961—62), рамане «Сцежкі зведаныя і нязведаныя» (1972), аповесцях «Да ўсходу сонца» (1957), «Твой шлях перад табою» (1965), «Дзе каму жыць» (1971), «Маршрут ад Клічава» і «Хлебарэз» (абедзве 1983). У аповесці «Дабрасельцы» (1958) моцна выявіўся сатыр. пачатак. Яго творам уласцівы асаблівая ўвага да бытавой дэталі, паказ сацыяльна і грамадска значнага праз штодзённыя людскія клопаты, турботы, у яркіх быт. карцінах і характарах і ўзаемаадносінах. Зрабіў літ. запіс кнігі В.​І.​Казлова «Людзі асобага складу» (1952). На бел. мову перакладаў творы рус., укр., узб. і інш. пісьменнікаў. Дзярж. прэмія Беларусі 1986.

Тв.:

Зб. тв. Т. 1—4. Мн., 1970—71;

Выбр. тв. Т. 1—2. Мн., 1984;

Белы Сокал: Аповесці. Мн., 1985;

Тры зоркі: Аповесці. Мн., 1988.

Літ.:

Гусак С.А. Аляксей Кулакоўскі. Мн., 1967;

Пашкевіч Н. На шырокіх шляхах жыцця. Мн., 1965. С. 265—349;

Канэ Ю. Дзень сённяшні. Мн., 1962. С. 185—220;

Герцовіч Я. Творчае крэда. Мн., 1970. С. 118—150;

Андраюк С. Пісьменнікі. Кнігі Мн., 1997. С. 143—153.

С.​А.​Андраюк.

А.М.Кулакоўскі.

т. 8, с. 571

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)