АПВЕ́ЛІНГ

(ад англ. up наверх + well хлынуць),

падыманне водаў з глыбіняў у верхнія слаі акіяна, мора. Выклікаецца ўстойлівымі вятрамі, што зганяюць паверхневыя воды ў адкрытае мора, на месца якіх падымаюцца воды слаёў, што ляжаць ніжэй, а таксама пасатнымі і ўсх. памежнымі цячэннямі ў Атлантычным, Ціхім і інш. акіянах. Асабліва актыўны ў прыбярэжных зонах, дзе вада падымаецца з глыбіняў 100—300 м. Агульная пл. пастаяннага апвелінгу складае 1млн. км² пры сярэдняй вертыкальнай скорасці падняцця водаў 1 м/сут. З цыркуляцыяй акіянскіх водаў у працэсе апвелінгу звязваюць утварэнне некаторых радовішчаў карысных выкапняў (напр., фасфарытаў), размяшчэнне багатых прамысл. раёнаў акіяна.

т. 1, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́ЙЗЕР

(ісл. geysir ад geysa хлынуць),

крыніца, якая перыядычна выкідвае гарачую ваду і пару да выш. 20—40 м і больш. Пашыраны ў абласцях сучаснага ці нядаўняга вулканізму. Мае выгляд невял. конусаў, спадзістых паглыбленняў, катлавінак, ям з трубка- ці шчылінападобнымі каналамі. Адрозніваюць рэгулярныя гейзеры, працягласць цыкла якіх амаль пастаянная, і нерэгулярныя, са зменлівым цыклам. Існуюць у ЗША (найб. ў Йелаўстонскім нац. парку гейзер Стары Служака, выш. вывяржэння 42 м), Расіі (Даліна Гейзераў на Камчатцы, найб. Велікан, 40 м), Ісландыі, Канадзе, Новай Зеландыі, Японіі, Кітаі. Вадзяная пара і гарачая вада гейзера выкарыстоўваюцца для ацяплення будынкаў, цяпліц, на геатэрмальных электрастанцыях.

т. 5, с. 134

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)