МІРАЦЫ́ДЫЙ (ад грэч. meirakidion хлопчык),

першая лічынкавая стадыя трэматодаў. Даўж. да 0,3 мм. Цела ўкрыта раснічкамі. Выходзіць з яйца ў вадзе, некат. час плавае, потым пранікае ў цела прамежкавага гаспадара (звычайна малюска) і ператвараецца ў спарацысту (першае паразітычнае партэнагенетычнае пакаленне). У монагенетычных смактуноў падобная лічынка — онкамірацыдый.

т. 10, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІХАЛО́ЎСКІ ((Michałowski) Пётр) (2.7. 1800, г. Кракаў, Польшча — 9.6.1855),

польскі мастак; прадстаўнік рамантызму. Вучыўся малюнку ў М.​Стаховіча, Ю.​Брадоўскага і Ф.​Лампі ў Кракаве (1816—18), жывапісу ў Н.​Т.​Шарле ў Парыжы (1832—33). Удзельнік паўстання 1830—31. Ствараў батальныя і жанравыя сцэны. Творы вызначаюцца дынамічнасцю і экспрэсіўнасцю вобразнага ладу, псіхалагізмам, танальнай напружанасцю, яркімі колеравымі акцэнтамі, смелай і эфектнай манерай пісьма: «Напалеон на кані» (каля 1832—37), «Схватка кірасіраў», «Пераправа артылерыі цераз раку», «Кракусы», «Бітва пад Самасьерай», «Блакітныя гусары», «Блакітны хлопчык», «Конны кірмаш» (усе 1840-я г.) і інш., серыя партрэтаў сялян («Селянін у капелюшы», каля 1846). Аўтар малюнкаў «Араб на кані», «Французскія паштальёны», «Конюх утаймоўвае першэронаў» і інш.

Літ.:

Piotr Michałowski. Warszawa, 1959;

Janoziński J. Piotr Michałowski: Życie i twórczość 1800—1855. Wrocław, 1985.

П.Міхалоўскі. Блакітны хлопчык. 1840-я г.

т. 10, с. 485

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛІ́НА (сапр. Капелян) Клаўдзія Канстанцінаўна

(1.11.1925, в. Блювінічы Брэсцкага р-на — 25.6.1994),

бел. пісьменніца. Скончыла Брэсцкае муз. вучылішча (1953). Працавала настаўніцай спеваў у Брэсце, Віцебску, Мінску. Друкавалася з 1962. Аўтар апавяданняў, казак і аповесцей для дзяцей: кнігі «Хлопчык-пакідайчык» (1970), «Забароненая песня» (1971), «Каляровыя месяцы» (1975), «Маці і сын» (1977), «Крылаты конь» (1989), «Першы раз у першы клас» (1994). Аповесць «Світанак» (1979) прысвечана жыццю зах.-бел. вёскі.

Л.​С.​Савік.

Каліна звычайная.

т. 7, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМЕ́НСКІ (Фёдар Фёдаравіч) (2.9.1836, с. Лясное каля С.-Пецярбурга — 26.8.1913),

рускі скульптар, майстар станковай жанравай скульптуры і партрэта. Скончыў Пецярбургскую АМ (1860), вучыўся ў І.П.Віталі і М.С.Піменава. Пенсіянер АМ у Італіі (1863—69). У 1870—72 жыў у Фларэнцыі, з 1873 у ЗША. Творчасці ўласцівы бытавізм трактоўкі сюжэтаў, часам сентыментальнасць, імкненне да пераадолення адасобленасці акад. пластыкі («Хлопчык-скульптар», «Удава з дзіцем», абодва 1866; «Першы крок», 1872; партрэты Т.​Шаўчэнкі, Ф.​Бруні, абодва 1862).

Ф.Каменскі. Удава з дзіцем. 1866.

т. 7, с. 518

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЗАЛЕ́ЎСКІ (Іван Герасімавіч) (1894, в. Ванілавічы Мастоўскага р-на Гродзенскай вобл. — 7.6.1984),

бел. нар. казачнік. Меў у рэпертуары каля 35 чарадзейных казак, засвоеных вусна і з пісьмовых крыніц. Вельмі арыгінальна кантамінаваў вусныя і кніжныя сюжэты. Адна з лепшых яго казак «Разумны хлопчык» змешчана ў зб. «Чарадзейныя казкі» (ч. 1, 1973) і ў перакладзе на ням. мову ў зб. «Беларускія народныя казкі» (Берлін, 10-е выд. 1980).

Літ.:

Бараг Л.Р. Беларуская казка. Мн., 1969. С. 247.

І.​У.​Саламевіч.

т. 9, с. 505

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІ́НЦБУРГ (Ілья Якаўлевіч) (27.5.1859, г. Гродна — 3.1.1939),

рус. скульптар. Вучыўся ў М.Антакольскага (з 1871) і Пецярбургскай АМ (1878—86). Ствараў жанравыя фігуркі («Хлопчык, які збіраецца купацца», 1886), партрэтныя статуэткі дзеячаў рус. культуры («В.​В.​Верашчагін за работай», 1892). Аўтар надмагілля У.​В.​Стасава (1908), помнікаў М.​В.​Гогалю ў с. Сарочынцы Палтаўскай вобл., (Украіна; 1910), Г.​В.​Пляханаву (1925), Дз.​І.​Мендзялееву (адкрыты ў 1932).

Літ.:

Скульптор Илья Гинцбург: Воспоминания. Статьи. Письма. Л., 1964.

І.Гінцбург. В.​В.​Верашчагін за работай. 1892.

т. 5, с. 251

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ПЛІ ((Copley) Джон Сінглтан) (3.7.1738, г. Бостан, штат Масачусетс, ЗША — 9.9.1815),

амерыканскі жывапісец і мініяцюрыст. Чл. Лонданскай АМ (1779). Буйнейшы амер. партрэтыст каланіяльнага перыяду. З 1774 працаваў пераважна ў Лондане. Зазнаў уплыў англ. партрэтнага жывапісу 17—18 ст. Працаваў у рэаліст. манеры. Сярод твораў: «Сёстры Мэры і Элісбет Роял» (1755—62), «Хлопчык з вавёркай-ляцягай» (каля 1765), «Пол Рэвір» (1765), «Нікалас Бойлстан» (1767), «Дораці Уэндэл Скайнэр» (1772), «Томас Міфлін з жонкай» (1773), «Сям’я мастака» (1780) і інш.

Дж.Коплі. Дораці Уэндэл Скайнер. 1772.

т. 8, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУРЫ́ЛЬЁ ((Murillo) Барталаме Эстэбан) (хрышчаны 1.1.1618, г. Севілья, Іспанія — 3.4.1682),

іспанскі жывапісец. Вучыўся ў Х. дэль Кастыльё ў Іспаніі. Адзін з заснавальнікаў (1660) і першы прэзідэнт Севільскай АМ У ранні перыяд зазнаў уплыў караваджызму, трактаваў рэліг. сцэны як падзеі з нар. жыцця. З 1650-х г. яго жывапісная манера вызначалася вытанчанасцю каларыту, залацістым святлаценем, лірычным ладам кампазіцыі, часам сентыментальнасцю. Сярод твораў: серыі рэліг. карцін для францысканскага кляштара («Францысканскі цыкл», 1645—46), для кляштара капуцынаў («Святыя», 1665), для царквы Санта Марыя ла Бланка («Сон патрыцыя», «Тлумачэнне сна папам Ліберыем» і інш., 1665—66), для капэлы шпіталя Ла Карыдад («Св. Ізабэла Венгерская», «Майсей здабывае ваду са скалы» і інш., 1671—74), для аўгусцінскага кляштара («Св. Фама Вільянуэва раздае міласціну» і інш., 1678) у Севільі, «Прытча пра блуднага сына» (1660—80); карціны «Тайная вячэра» (1640), «Св. сям’я з птушкай» (1640-я г.), «Рэвека і Елеазар» (1650), «Адпачынак на шляху ў Егіпет» (1665—70), «Бязгрэшнае зачацце» (1668) і інш. Ствараў жанравыя сцэны («Хлопчык з садавіной», 1645—54; «Маленькі жабрак», каля 1650; «Хлопчык з сабакам», 1650-я г., і інш.), партрэты («Партрэт рыцара»; аўтапартрэт, каля 1655, і інш.).

Літ.:

Левина И.М. Картины Мурильо в Эрмитаже. Л., 1969.

С.​І.​Пракоп’ева.

Б.Э.Мурыльё. Рэвека і Елеазар. 1650.

т. 11, с. 35

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІМ ХАНДО́ (псеўд. Тан Вон, Тан Гу, Са Нын, Камін, Каса Сахо, Кадза; 1760, Карэя — 1820),

карэйскі жывапісец. Рабіў партрэты, пейзажы і жанравыя кампазіцыі на тэмы нар. жыцця ў традыцыях нац. жывапісу тушшу і вадзянымі фарбамі, выкарыстоўваў вопыт еўрап. мастацтва. Творам уласцівы лінейна-графічная манера, вастрыня жыццёвых назіранняў: «Вадаспад дзевяці драконаў», «Скалы ў моры», «Вяртанне кітайскага навукоўца Му-і», «Месяц над кустамі», «Хлопчык іграе на флейце», 2 альбомы «Пейзажы, ажыўленыя персанажамі, жывёламі і птушкамі», аўтапартрэт, васьмістворкавая шырма «Групавая выява бессмяротных» і інш.

Кім Хандо. Вадаспад дзевяці драконаў. Канец 18 ст.

т. 8, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАКА́НАВА (Нявена) (н. 12.12.1938, г. Станке-Дзімітроў, Балгарыя),

балгарская актрыса. Нар. арт. Балгарыі (1974). Творчую дзейнасць пачала ў т-ры, у кіно з 1956 (фільм «Дзве перамогі»). Сярод лепшых — ролі гераінь, прасякнутых шчырасцю, парывістых, унутрана значымых. Знялася ў фільмах «Гады кахання» (1957), «Будзь шчаслівая, Ані!» (1961), «Тытунь» (1962, у сав. пракаце «Канец «Нікаціяны»), «Інспектар і ноч» (1963), «Выкрадальнік персікаў» (1964), «Адхіленне» (1967), «Хлопчык адыходзіць» (1972, у сав. пракаце «Вольная птушка»), «Дрэва без каранёў» (1974), «Не зыходзь» (1976), «Тры смяротныя грахі» (1980), «Папярэджанне» (1982), «Выратаванне» (1984) і інш.

т. 7, с. 442

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)