Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎЧЫ́НА,
шкура, знятая з авечкі. У залежнасці ад якасці аўчыну выкарыстоўваюць на кажухі, паўкажушкі (аўчына грубашэрсных і паўгрубашэрсных авечак; найлепшая кажуховая аўчына з раманаўскай пароды авечак), на футра (з авечак танкарунных і паўтанкарунных парод). Аўчыну можна імітаваць пад дарагое футра — выдры, нутрыі, коціка. З астатняй аўчыны вырабляюць скуру для абутку, адзення, галантарэі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРНАСТА́Й
(Mustela erminea),
млекакормячая жывёла сям. куніцавых атр. драпежных. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Амерыцы. Жыве каля вадаёмаў, на балотах, у лесе, зарасніках кустоў, лесастэпе. На Беларусі нешматлікі від, трапляецца ўсюды (падвід гарнастай сярэднярускі).
Даўж. цела да 38 см, хваста да 12 см, маса да 260 г.Футра кароткае, мяккае, густое. Летам спіна і бакі буравата-рыжыя, брушка белае з лімонна-жоўтым адценнем, зімой — снежна-белыя. Кончык хваста чорны. Корміцца пераважна дробнымі мышападобнымі грызунамі. Гнёзды ў норах, дуплах, ламаччы, пад тарпамі саломы. Нараджае да 18 дзіцянят (у сярэднім 4—8). Каштоўнае футра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБРУ́ЙСКАЯ ФУ́ТРАВАЯ ФА́БРЫКА.
Засн. ў 1960 у г. Бабруйск, у 1963—75 рэканструявана і расшырана. Дзейнічаюць цэхі швейных вырабаў, галаўных убораў, вырабаў з пушніны. Асн. прадукцыя (1995): вырабы з футра (пласціны, галаўныя ўборы, каўняры) і верхняе адзенне (паліто, паўпаліто, курткі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРБА́РНАЯ, ФУ́ТРАВАЯ І АБУТКО́ВАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
галіна лёгкай прамысловасці, спецыялізаваная на выпуску натуральных і штучных скур, скураных тавараў, спілаку, футра і вырабаў з яго, пашыве абутку. У 1995 на Беларусі дзейнічала 140 прадпрыемстваў галіны. Гл.Гарбарная прамысловасць, Футравая прамысловасць і Абутковая прамысловасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́РСАВАЯ ТКАНІ́НА,
тканіна з ворсам з аднаго боку. Ворс утвараюць густа размешчаныя вертыкальныя канцы паразразаных дадатковых нітак ворсавай асновы (асноваворсавыя тканіны) ці ворсавага ўтку (уточнаворсавыя тканіны). Ворсавая тканіна з асн. ворсам — плюш, аксаміт, штучнае футра, дываны, уточнаворсавыя — паўаксаміт, пліс, вельвет.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБЛАВУ́ХАбел. мужчынскі галаўны ўбор, зімовая шапка-вушанка з аўчыны або заечага, лісінага, вавёрчынага ці трусінага футра, пацягнутая зверху сукном. Да асновы яе прышывалі 4 крылы (вушы), пярэдняе і задняе падымалі і звязвалі зверху, бакавыя апускалі ці падвязвалі пад падбародкам. Насілі да пач. 20 ст.