Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАТГАРМО́Н, паратырын,
бялкова-пептыдны гармон парашчытападобных залоз чалавека і млекакормячых. Складаецца з 84 амінакіслотных астаткаў. Разам з кальцытанінам і вітамінам D рэгулюе абмен кальцыю і фосфару ў арганізме, паляпшае іх перанос праз біял. мембраны. Канцэнтрацыя П. ў крыві ад 0,1 да 0,5 мг/мл. Стымулюе ўтварэнне ў нырках кальцытрыёлу, які ўзмацняе ўсмоктванне кальцыю і фасфатаў у кішэчніку. Гамеастаз кальцыю і фосфару падтрымліваецца адэкватным паступленнем іх у арганізм, а таксама вітаміну D, нармальнай мінералізацыяй гал. назапашвальніка фасфатаў і кальцыю — шкілета. Лішак П. ў арганізме прыводзіць да разбурэння касцявой тканкі, недахоп — да зніжэння колькасці кальцыю ў крыві. Прэпараты П. выкарыстоўваюць у медыцыне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМАФО́С,
канцэнтраванае фосфарна-азотнае мінеральнае ўгнаенне. Атрымліваецца нейтралізацыяй фосфарнай к-ты аміякам. Мае (у %) 9—12 азоту, 35,5—50 засваяльнага пентаксіду фосфару. Высокаэфектыўнае для ўсіх с.-г. культур на любых глебах. Кампанент тукаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫАМАФО́С,
канцэнтраванае фосфарна-азотнае мінеральнае ўгнаенне, а таксама падкормка для жвачных жывёл. Адносіцца да антыпірэнаў. Асн. кампанент — гідраортафасфат амонію (NH4)2HPO4. Атрымліваюць узаемадзеяннем ортафосфарнай к-ты з аміякам. Мае 18—19% азоту і 48—52% засваяльнага пентааксіду фосфару (гл.Амафос).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНВЕ́РТАРНЫ ПРАЦЭ́С працэс ператварэння вадкага чыгуну ў сталь прадзіманнем яго ў канвертары газамі, якія змяшчаюць кісларод, або тэхнічна чыстым кіслародам. Адбываецца без дадатковага награвання, бо ў выніку акіслення прымесей чыгуну (вугляроду, крэмнію, марганцу, фосфару) вылучаецца цяпло, дастатковае для падтрымання металу ў вадкім стане на працягу ўсяго працэсу.
Першым масавым спосабам атрымання вадкай сталі быў бесемераўскі працэс (вынайдзены ў 1856), які даваў невысокую якасць металу і патрабаваў вельмі чыстых па колькасці серы і фосфаружал. руд. Тамасаўскі працэс (вынайдзены ў 1878) дазваляў перапрацоўваць высокафасфарыстыя чыгуны, аднак даваў сталь таксама невысокай якасці. З 1950-х г. атрымаў пашырэнне больш дасканалы і прадукцыйны кіслародна-канвертарны працэс, дзе ўсе аперацыі механізаваны і аўтаматызаваны, а атрыманы метал стаў раўнацэнны мартэнаўскай сталі, выплаўленай у мартэнаўскай печы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТАРАДЫЯГРА́ФІЯ (ад аўта... + радыяграфія),
метад рэгістрацыі і вывучэння размеркавання радыеактыўных рэчываў у аб’ектах, якія даследуюцца; разнавіднасць радыяграфіі. Выяўляецца пры накладанні на аб’ект адчувальнага да радыеактыўнага выпрамянення фотаматэрыялу. Выкарыстоўваецца ў эксперым. фізіцы, тэхніцы, біялогіі, медыцыне і інш.
Да арт.Аўтарадыяграфія: аўтарадыяграма (адбітак), якая паказвае размеркаванне фосфару-32 у лісце памідора.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫПІРЭ́НЫ (ад анты... + грэч. pyr агонь),
рэчывы або сумесі, якія зніжаюць гаручасць матэрыялаў арган. паходжання (драўніны, пластмасаў, тканін і інш.). Падзяляюцца на інертныя і актыўныя (уступаюць у хім. рэакцыю з матэрыяламі). Найб. пашыраны гідраксід алюмінію, злучэнні бору, фосфару (фасфаты), хлор- і бромвытворныя аліфатычных і араматычных вуглевадародаў. Выкарыстоўваюць як растворы для прамочвання матэрыялаў, у саставе фарбаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІТРАФО́С, нітрафасфат,
падвойнае грануляванае комплекснае ўгнаенне. Асн. кампаненты — амонію нітрат NH4NO3 і дыгідраортафасфат NH4H2PO4; мае 21—23% азоту і да 20% (у пераліку на P2O5) фосфару. Вельмі гіграскапічны, раствараецца ў вадзе. Атрымліваюць раскладаннем канцэнтрату апатыту ці фасфарытаў азотнай к-той з далейшай нейтралізацыяй растворам аміяку. Выкарыстоўваюць на глебах усіх тыпаў як асн. і прыпасяўное ўгнаенне і для падкормкі розных с.-г. культур.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛКІЛФАСФА́ТЫ,
паверхнева-актыўныя рэчывы аніённай прыроды, ROPO(OM)2 і (RO)2POOM, дзе R — алкіл, M — метал, амоній. Пастападобныя рэчывы крэмавага колеру, растваральныя ў вадзе, маюць высокую мыйную ўласцівасць, устойлівыя пры t да 220 °C, біяраскладальныя да 90%. Атрымліваюць узаемадзеяннем вышэйшых спіртоў ці монаалкілполіэтыленгліколяў з пентаксідам або трыхлораксідам фосфару і наступнай нейтралізацыяй прадуктаў шчолачамі ці аміякам. Выкарыстоўваюцца [пераважна алкілфасфаты, у якіх R=CnH2n+1; CnH2n+1(OC2H4)m (n=6-20; m=4 і 6), M — калій, натрый, амоній] як эмульгатары, кампаненты мыйных і ачышчальных сродкаў, тэкстыльна-дапаможных рэчываў (антыстатыкаў, замаслівальнікаў і інш.).