ПАРАТГАРМО́Н, паратырын,
бялкова-пептыдны гармон парашчытападобных залоз чалавека і млекакормячых. Складаецца з 84 амінакіслотных астаткаў. Разам з кальцытанінам і вітамінам D рэгулюе абмен кальцыю і фосфару ў арганізме, паляпшае іх перанос праз біял. мембраны. Канцэнтрацыя П. ў крыві ад 0,1 да 0,5 мг/мл. Стымулюе ўтварэнне ў нырках кальцытрыёлу, які ўзмацняе ўсмоктванне кальцыю і фасфатаў у кішэчніку. Гамеастаз кальцыю і фосфару падтрымліваецца адэкватным паступленнем іх у арганізм, а таксама вітаміну D, нармальнай мінералізацыяй гал. назапашвальніка фасфатаў і кальцыю — шкілета. Лішак П. ў арганізме прыводзіць да разбурэння касцявой тканкі, недахоп — да зніжэння колькасці кальцыю ў крыві. Прэпараты П. выкарыстоўваюць у медыцыне.
А.А.Арцішэўскі.
т. 12, с. 91
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)