Фокусная адлегласць 1/19, 209, 398; 6/375; 7/195 (іл.)

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

фокусная адлегласць

т. 16, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПТЫ́ЧНАЯ СІ́ЛА,

фізічная велічыня, якая характарызуе пераламляльную здольнасць аптычнай сістэмы. Абазначаецца D. Аптычная сіла лінзы D = n/F, дзе n — паказчык пераламлення асяроддзя, у якім знаходзіцца лінза, F — фокусная адлегласць. Аптычная сіла збіральных аптычных сістэм дадатная, рассейвальных — адмоўная. Для сістэмы з дзвюх лінзаў D = D1 + D2 — dD1D2, дзе d — адлегласць паміж заднім гал. фокусам першай лінзы і пярэднім гал. фокусам другой. Адзінка аптычнай сістэмы дыяптрыя.

т. 1, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́НЗА (ням. Linse ад лац. lens сачавіца),

празрыстае для светлавых прамянёў цела, якое абмежавана дзвюма пераламляльнымі паверхнямі (крывалінейнымі або крывалінейнай і плоскай) і мае вось або плоскасць сіметрыі. Найб. пашыраны Л. са сферычнымі паверхнямі. Яны прызначаны для пераўтварэння формы светлавога пучка і з’яўляюцца асн. элементам аптычных сістэм (напр., Аб’ектыў, Акуляр).

Адрозніваюць збіральныя і рассейвальныя Л. Збіральная пераўтварае пучок паралельных прамянёў у пучок, які сыходзіцца ў адным пункце F′ (гал. фокусе Л.). Такая Л. ўтварае сапраўдны відарыс аб’екта, калі ён знаходзіцца перад фокусам Л., і ўяўны — калі аб’ект размешчаны паміж фокусамі і Л. (гл. Лупа). Рассейвальная Л. пераўтварае пучок паралельных прамянёў у пучок, што разыходзіцца, і заўсёды ўтварае ўяўны відарыс аб’екта. Асн. характарыстыкі Л. — фокусная адлегласць і аптычная сіла, якія характарызуюць яе пераламляльную здольнасць. Калі таўшчыня Л. значна меншая за радыусы крывізны пераламляльных паверхняў, яна наз. тонкай. Аптычная сіла Д і фокусная адлегласць 𝑓​1 тонкай Л. вызначаюцца формулай Д = ​1/𝑓​1 = (n−1) (​1/r1−​1/r2), дзе n — паказчык пераламлення матэрыялу Л., r1 і r2 — радыусы крывізны яе паверхняў; для выпуклай адносна аб’екта паверхні r>0, для ўвагнутай r<0. Адлегласці ад аптычнага цэнтра Л. да аб’екта (x) і яго відарыса (x′) звязаны паміж сабой формулай Л.: 1/x1 − 1/x = 1/ƒ′ (адлегласці ад Л. ўздоўж ходу светлавога праменя лічацца дадатнымі, супраць ходу — адмоўнымі). Гл. таксама Аберацыі аптычных сістэм, Відарыс аптычны, Павелічэнне аптычнае.

А.​І.​Болсун.

т. 9, с. 268

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКУЛЯ́Р (ад лац. ocularis вочны),

частка аптычнай прылады (мікраскопа, тэлескопа і інш.), накіраваная да вока назіральніка. Прызначаны для разглядання павялічанага відарыса, створанага аб’ектывам або абарачальнай сістэмай. Асн. характарыстыкі: фокусная адлегласць, якая вызначае павелічэнне ўсей аптычнай сістэмы; адлегласць да выхадной зрэнкі (ад апошняй паверхні акуляра да відарыса, створанага акулярам); вугал поля зроку. Асн. тыпы простых акуляраў: Гюйгенса (17 ст.) і Рамсдэна (18 ст.). У складаных акулярах за кошт павелічэння колькасці лінзаў і выкарыстання несферычных (напр., парабалічных) паверхняў вугал зроку даводзіцца да 90—100°.

Да арт. Акуляр: a — акуляр Гюйгенса; b — акуляр Рамсдэна; Л1, Л2 — лінзы; Д — дыяфрагма; F — пярэдняя факальная плоскасць; В — вока.

т. 1, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІПЕ́РБАЛА,

цэнтральная крывая 2-га парадку; адно з канічных сячэнняў, уяўляе сабой мноства пунктаў плоскасці, рознасць адлегласцей ад якіх да двух пэўных пунктаў (фокусаў гіпербалы) пастаянная (па модулі). Кананічнае ўраўненне гіпербалы ў прамавугольнай сістэме каардынат: x​2/a​2 − y​2/b​2 = 1, дзе a, b — даўжыні паўвосяў, b​2 = c​2 − a​2, c — фокусная адлегласць гіпербалы (гл. Аналітычная геаметрыя). Мае 2 бясконцыя галіны, сіметрычныя адносна гал. восяў Ox і Oy (сапраўднай, ці факальнай, і ўяўнай); 2 асімптоты y = ±bx/a. Пры a = b гіпербала наз. раўнабочнай і яе ўраўненне мае выгляд x​2 − y​2 = a​2; яе асімптоты ўзаемна перпендыкулярныя, і калі іх прыняць за восі каардынат, то ўраўненне набудзе выгляд xy = a​2/2 (графік адваротнай прапарцыянальнасці).

Гіпербала: F1, F2 — фокусы (рознасць адлегласцей F2M − F1M = const)

т. 5, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСА́ЖНЫ ІНСТРУМЕ́НТ,

астраметрычная прылада для вызначэння момантаў праходжання нябесных свяціл праз вертыкал пры іх сутачным руху. Вынайдзены ў 1689 О.Ромерам.

Стацыянарны П.І. складаецца з астр. трубы (дыяметр -18 см, фокусная адлегласць -2 м) з гарыз. воссю вярчэння даўжынёй каля 1 м, якая ўстаноўлена на слупах-фундаментах. У службе часу выкарыстоўваюцца П.і. пераноснага тыпу. У факальнай плоскасці аб’ектыва знаходзіцца акулярны мікрометр з сеткай верт. і гарыз. ніцей. Візірная лінія П.і. ўстанаўліваецца ў плоскасці мерыдыяна — для атрымання з назіранняў прамога ўзыходжання зорак і папраўкі гадзінніка, ці першага вертыкала — для вызначэння схілення зорак і шыраты месца назірання (гл. Нябесныя каардынаты). Моманты перасячэння відарысам зоркі верт. ніцей рэгіструюцца хранометрам. Пры фотаэл. рэгістрацыі хібнасць аднаго вымярэння прамога ўзыходжання зоркі на стацыянарным П.і. складае ±0,015 с, адной папраўкі гадзінніка на пераносным П.і. — ±0,005 с.

Літ.:

Подобед В.В., Нестеров В.В. Общая астрометрия. 2 изд. М., 1982.

Я.​У.​Чайкоўскі.

Пасажны інструмент: 1 — гарызантальная вось; 2 — астранамічная труба; 3 — аб’ектыў; 4 — факальная плоскасць; 5 — акулярны мікраскоп; 6 — сетка ніцей.

т. 12, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБ’ЕКТЫ́Ў,

аптычная сістэма або яе частка, якая стварае сапраўдны адваротны відарыс аб’екта. Створаны аб’ектывам відарыс разглядаецца праз акуляр (звычайна пасля абарачальнай сістэмы) ці фіксуецца на экране, фатагр. плёнцы, фотакатодзе перадавальнай тэлевізійнай трубкі і інш. Бываюць лінзавыя, люстраныя і люстрана-лінзавыя.

Асн. аптычныя характарыстыкі: фокусная адлегласць f; дыяметр уваходнай зрэнкі d; святласіла d/f; вугал (поле) зроку; раздзяляльная здольнасць. Аб’ектывы тэлескапічных сістэм маюць фокусную адлегласць да некалькіх метраў і дыяметр уваходнай зрэнкі ад некалькіх сантыметраў (у геад., вымяральных і падзорных трубах) да некалькіх метраў (у тэлескопах-рэфрактарах), аб’ектывы мікраскопаў — фокусную адлегласць 1,5—40 мм, малафарматных фотаапаратаў — 6—2000 мм (для аматарскай практыкі 28—200 мм). Фатагр. аб’ектывы бываюць нармальныя (вугал зроку 40—50°), шырокавугольныя (больш за 70°), звышшырокавугольныя (больш за 83°, аб’ектывы тыпу «рыбіна вока» больш за 180°), даўгафокусныя (менш за 39°) і звышдаўгафокусныя (менш за 9°). Канструкцыя складаных аб’ектываў дазваляе выправіць храматычную і геам. аберацыі аптычных сістэм. Большасць аб’ектываў — анастыгматы. Аб’ектывы з пераменнай фокуснай адлегласцю (панкратычныя), у якіх плоскасць відарыса і святласіла нязменныя, выкарыстоўваюцца ў кіна- і тэлекамерах, спец. прамянёвастойкія — у лазерных сістэмах. Для павелічэння фіз. святласілы аб’ектывы прасвятляюць (гл. Прасвятленне оптыкі).

В.​В.​Валяўка.

Лінзавыя фатаграфічныя аб’ектывы: 1 — «Трыплет»; 2 — «Індустар»; 3 — «Гіпергон»; 4 — «Арыён»; 5 — «Юпітэр»; б — шырокавугольны аб’ектыў Гіля.

т. 1, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)