СВЯТЛАСІ́ЛА,

фізічная велічыня, роўная адносінам асветленасці відарыса прадмета, утворанага аптычнай прыладай, да яркасці прадмета; характарыстыка аптычнай прылады. Часам за С. прымаюць лікавае значэнне адноснай адтуліны — адносін дыяметра найб. дыяфрагмы аб’ектыва да яго фокуснай адлегласці. Для аб’ектыва С. прымаецца роўнай τS/f2, дзе τ < 1 — каэфіцыент прапускання аб’ектыва, залежны ад страт, звязаных з адбіццём святла і паглынаннем святла, S — плошча адтуліны апертурнай дыяфрагмы, f — фокусная адлегласць аб’ектыва.

т. 14, с. 276

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)