МЕРКА́ТАР [Mercator, лацінізаванае прозвішча Крэмера (van Kremer)] Герард (5.3.1512—2.12.1594), фламандскі картограф. Па заканчэнні ун-та ў Лувене займаўся вырабам дакладных аптычных прылад і выданнем картаў. У 1552 эмігрыраваў у Дуйсбург (Германія). Прапанаваў новыя прынцыпы пабудовы картаў, у т. л. некалькі картаграфічных праекцый, з якіх найб. вядома цыліндрычная роўнавугольная праекцыя карты свету (1569). Яе выкарыстоўваюць пры складанні картаў, дзе патрэбна дакладнае адлюстраванне вуглоў. Даследаваў зямны магнетызм і вылічыў каардынаты магнітнага полюса. Асн. праца — зборнік карт еўрап. краін, названых «Атласам» (1595).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРТЭ́ЛІЙ (Ortelius, Oertel) Абрахам (4.4.1527, Антверпен — 28.6.1598), фламандскі картограф і выдавец, адзін з заснавальнікаў картаграфічнай навукі. Каля 1547 заснаваў уласную фірму. Выдаў зб. «Агляд шара зямнога» («Theatrum orbis terrarum». Антверпен, 1570), які фактычна стаў першым геагр. атласам, змяшчаў 53 карты асобных краін з дэталёвымі апісаннямі (у т. л.бел. зямель), бібліягр. даведкі на 87 картографаў. «Агляд...» неаднаразова дапаўняўся і перавыдаваўся ў 17 — пач. 18 ст. У 1592 адкрыў у сваім антверпенскім доме музей, да канца жыцця займаўся гісторыка-геагр. даследаваннямі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРЫ́ЖСКАЯ ШКО́ЛА,
1) мастацкая школа франц. кніжнай мініяцюры, якая існавала ў 14—15 ст. пры дварах караля Карла V, герцагаў Бургундскага і Берыйскага (т.зв. франка-фламандскі стыль). Вызначалася вытанчанасцю малюнкаў і лінейных арнаментаў, каліграфічнасцю. Сярод майстроў Ж.Арлеан, А.Баневё, Ж.Малуэль, браты Лімбург і інш. 2) Умоўная назва інтэрнац. кола мастакоў, якія працавалі ў Парыжы пераважна ў 1910—20-я г. (М.Кіслінг, А.Мадыльяні, Ж.Пасхін, Х.Суцін, І.Фудзіта, М.Шагал і інш.).
Да арт.Парыжская школа. Браты Лімбург. Ілюстрацыя да «Раскошнага часаслова герцага Берыйскага». Каля 1416.
бельгійскі кампазітар, гісторык музыкі, муз. дзеяч. Чл. Каралеўскай акадэміі Бельгіі (з 1882). Скончыў Брусельскую кансерваторыю (1855, клас Ф.Ж.Фетыса). Адзін з найб. яркіх прадстаўнікоў фламандскага кірунку ў бельг. музыцы, апіраўся на фламандскі фальклор і традыцыі ням.муз. культуры. Арганізатар (1867) і дырэктар (да 1901) Фламандскай муз. школы ў Антверпене (з 1898 Каралеўская фламандская кансерваторыя); правёў рэформу муз. адукацыі. Сярод твораў: Рэквіем (1863), араторыі «Люцыфер» (1866), «Шэльда» (1868), кантаты «Забіванне Авеля» (1856), «Рубенс» (1877). Аўтар кніг і артыкулаў па гісторыі бельг. музыкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАСКЕ́Н ДЭПРЭ, Жаскін дэ Прэ (Josquin Desprez, Josquin des Pres; каля 1440, каля г. Сен-Кантэн, Францыя — 1521 або 1524),
франка-фламандскі кампазітар; адзін з буйнейшых поліфаністаў эпохі Адраджэння. Быў царк. пеўчым, у т. л. саборнай капэлы ў Мілане, папскай капэлы ў Рыме (1486—99); прыдворным музыкантам Людовіка XII. У апошнія гады жыцця настаяцель сабора ў Кандэ-сюр-л’Эско. Прадстаўнік нідэрландскай школы, ён абагульніў яе дасягненні, садзейнічаў спрашчэнню поліфанічнага стылю шляхам вызвалення муз. тканіны ад кантрапунктычнай ускладненасці. Аўтар мес, матэтаў, свецкіх песень, інстр. п’ес і інш. У Амстэрдаме выдадзены Поўны збор яго твораў у 12 тамах (1921—69).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРА́ЎЭР, Броўвер (Brouwer) Адрыян (1605 ці 1606, г. Аўдэнардэ, Бельгія — 1.2.1638), фламандскі жывапісец. Майстар быт. жанру і пейзажа. Прадстаўнік дэмакр. кірунку ў мастацтве фламандскага барока. Вучыўся ў Бруселі. У 1621 пераехаў у Галандыю, з 1631 у Харлеме, у 1631 жыў у Антверпене. Пісаў пераважна сцэны з нар. побыту («Бойка сялян у час гульні ў карты», «Сцэна ў шынку», «Курцы», «Горкі напітак», усе каля 1630—38). Карціны вызначаюцца гратэскавасцю вобразаў, сарказмам, тэмпераментам, манумент. і ўраўнаважанай кампазіцыяй. Сярод пейзажаў: «Дзюны», «Пейзаж з усходам месяца» і інш. Браўэр — адзін з лепшых каларыстаў 17 ст.
Я.Ф.Шунейка.
А.Браўэр. Бойка сялян у час гульні ў карты. 1630-я гады.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́КЕГЕМ (Ockeghem, Okeghem) Іаханес (Жан) дэ (каля 1425, г. Дэндэрмондэ, Бельгія — 1495), франка-фламандскі кампазітар, дырыжор; віднейшы прадстаўнік нідэрландскай шкалы. Вучыўся ў метрызе (муз. школе, дзе рыхтавалі пеўчых) сабора Нотр-Дам у Антверпене. З 1452 1-ы капелан і капельмайстар франц. каралеўскага двара, з 1456 адначасова каралеўскі саветнік і казначэй абацтва Сен-Мартэн у Туры. Прадстаўнік поліфаніі строгага стылю, узбагаціў тэхніку скразной імітацыі, зацвердзіў паўнагучнае 4-галоссе хар. стылю a cappella. Аўтар мес (захавалася 10), матэтаў (у т. л. 36-галосы матэт «Хвала госпаду» — спалучэнне чатырох 9-галосых канонаў, якія прыпісваюць О.), шансон. Для яго твораў характэрны формы на cantus firmus (трывалы напеў), у якасці якога выкарыстоўваў і свецкія песні. Кампазіцыі будаваў на матэм. разліках.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАН (польск. łan ад ням. Lehn лён),
зямельная мера ў сярэдневяковай Еўропе, якая адпавядала поўнаму сял. надзелу, абкладзенаму павіннасцямі. У асобных краінах выкарыстоўваліся нац. назвы Л. (манс у Францыі, гайда ў Англіі, гуфа ў Германіі, бол у Даніі, гак у Інфлянтах і інш.). Напачатку Л. складаў тэр.сял. гаспадаркі не менш за 3 маргі. Пазней (у Польшчы з 13 ст.) адзінкай вымярэння была плошча зямлі, якая апрацоўвалася. Найб. былі пашыраны Л. фламандскі (16,7—17,5 га) і Л. франконскі (або тэўтонскі; 22,6—25,8 га). У 16 ст. ў ВКЛ пашырылася валока, якая паходзіла ад рыжскага Л., вядомага з 13 ст. (складаўся з 30 маргоў). Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай 1772, 1793, 1795 Л. выкарыстоўваўся разам з новымі зямельнымі мерамі, у т. л.дзесяцінай, у Рас. імперыі.
Літ.:
Dunin-Wąsowicz A. Pomiary gruntu w Koronie w XVI—XVIII wieku. Warszawa, 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІО́РДАНС ((Jordaens) Якаб) (19.5.1593, г. Антверпен, Бельгія — 18.10.1678),
фламандскі жывапісец. Прадстаўнік барока. З 1607 вучыўся ў Антверпене ў А. ван Норта. У творчасці захоўваў сувязі з традыцыямі нідэрл. мастацтва 16 ст., выкарыстоўваў дасягненні М.Караваджа і П.П.Рубенса, з якім супрацоўнічаў у 1620—40. Раннім работам уласцівы выразна простанародны характар вобразаў, шчыльна згрупаваных на пярэднім плане, буйныя выпуклыя формы, асвятленне, якое падкрэслівае яркія колеры («Святая сям’я», каля 1615; «Пакланенне пастухоў», каля 1617; «Алегорыя Плоднасці» («Услаўленне Памоны»), каля 1622]. У 1620—30-х г. адлюстроўваў сялянскія і бюргерскія тыпажы, якія вылучаліся цяжкаважкасцю фігур, сакавітасцю дэталей, рысамі грубаватага жыццярадаснага гумару: «Сатыр у гасцях у селяніна», пач. 1620-х г.; «Псяр і яго зграя», 1635; «Выхаванне Юпітэра», 1635—40; «Бабовы кароль», 1638—40). Познія творы на рэліг. сюжэты — у рамках рэліг. эстэтыкі барока з рысамі бурлівай патэтыкі і маст. перагрувашчанасці («Шэсце на Галгофу» і інш.). Рабіў малюнкі і кардоны для шпалераў («Гісторыя Аляксандра», «Серыя фламандскіх прымавак»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭЙК ((Dyck) Антоніс ван) (22.3.1599, г. Антверпен, Бельгія — 9.12.1641),
фламандскі мастак. Вучыўся ў Амстэрдаме (1609—10). Сярод ранніх твораў (да 1618) партрэты і карціны на рэліг. і міфалагічныя сюжэты («Я.Вермёлен», «Распяцце св. Пятра», «Юпітэр і Антыёпа»). Працуючы памочнікам П.П.Рубенса, зазнаў яго ўплыў («Іаан Хрысціцель і Іаан Евангеліст», 1618). У канцы 1620 — пач. 1621 мастак англ. караля Якава I. Творы гэтага часу («Сямейны партрэт», «Ф.Снейдэрс з жонкай», «Св. Марцін») вызначаліся імкненнем да стварэння адухоўленага вобраза, цікавасцю да эмацыянальнага і інтэлектуальнага жыцця чалавека. З канца 1621 жыў у Італіі, дзе выпрацаваў і давёў да дасканаласці тып барочнага параднага партрэта («Кардынал Г.Бентывольё»), У партрэтах генуэзскай знаці («Маркіз А.Дж.Брыньё-ле-Сале і яго жонка Пааліна Адорна», «Дама з дзяўчынкай») адчуваецца ўплыў венецыянскай школы жывапісу. У 1627—32 жыў у Антверпене; з 1630 прыдворны мастак эрцгерцагіні Ізабелы. У гэты перыяд стварыў лепшыя працы: партрэты Марыі Луізы дэ Тасіс, жывапісца П.Снаерса, серыя афортаў «Іканаграфія». Рэліг. кампазіцыям 1620-х г. уласціва пэўная аднастайнасць («Адпачынак на шляху ў Егіпет», «Мадонна дэль Разарыо», «Аплакванне Хрыста»), З 1632 у Лондане, прыдворны мастак Карла I. У творах таго часу («Карл I на паляванні», «Конны партрэт Карла I», «Дзеці Карла I», «Дж.Сцюарт, герцаг Рычмандскі», «Ф.Уортан») акцэнтаваў увагу на вытанчаным арыстакратызме вобразаў. Апошнім працам характэрна сухасць каларыту, стандартнасць.