ЦІНКТО́РЫС, Тынкторыс (Tinctoris) Іаханес (Іаан; каля 1435 ці 1445, г. Нівель, Бельгія — да 12.10.1511), франка-фламандскі музычны тэарэтык, кампазітар. З 1472 служыў пры двары неапалітанскага караля Фердынанда I. У сваіх трактатах (захавалася 12) развіваў піфагарэйскае вучэнне пра лічбавую аснову музыкі, выклаў агульныя правілы кантрапункта, пытанні рытму і інш. Аўтар першага ў Еўропе сістэм. муз.-тэрміналагічнага слоўніка «Вызначальнік музычных тэрмінаў» (1474). Сярод твораў месы, матэты, шансон.

т. 17, с. 116

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)