ФЕН (ад грэч. phainō выяўляю, паказваю) у генетыцы, варыяцыя адзнакі, абумоўленая генатыпам, якую нельга падзяліць на састаўныя кампаненты без страты якасці. Адрозніваюць Ф. фізіялагічныя (напр., здольнасць ці няздольнасць чалавека адчуваць смак фенілтыякарбаміду), біяхімічныя (наяўнасць або адсутнасць ферментатыўнай актыўнасці), паводзінскія (напр., выбар рознай аптымальнай т-ры мышамі розных ліній), якасныя (напр., масць жывёлы), колькасныя (напр., вага жывёлы) і інш. У некат. выпадках Ф. кантралюецца адным генам, але часцей — некалькімі (гл. Камплементарнасць, Полімерыя). Генатыпічная абумоўленасць Ф. — фундамент для развіцця фенетыкі.
Р.Г.Заяц.
т. 16, с. 351
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФЕН (Fenn) Джон Бенет (н. 15.6.1917, Нью-Йорк),
амерыканскі хімік. Чл. Амер. акадэміі мастацтваў і навук (2000). Скончыў Іельскі ун-т (1940). З 1952 у Прынстанскім ун-це (з 1959 праф.), у 1967—87 у Іельскім ун-це. З 1994 праф. ун-та г. Рычманд. Навук. працы па аналіт. хіміі і мас-спектраметрыі. Прапанаваў новы метад іанізацыі арган. малекул распыленнем бялковых раствораў у моцным эл. полі, што дазволіла ідэнтыфікаваць, аналізаваць структуру і вызначыць малекулярныя масы малекул ДНК і бялкоў (1988). Залаты медаль імя Дж.Томсана. Нобелеўская прэмія 2002 (з К.Вютрыхам і К.Танака).
М.М.Касцюковіч.
т. 16, с. 351
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФЕНАГЕНЕ́ТЫКА (ад фен + генетыка),
раздзел генетыкі, што вывучае шляхі рэалізацыі спадчыннай праграмы ў працэсе індывід. развіцця арганізма (антагенезу). Даследуе малекулярныя механізмы ўздзеяння генаў, рэгуляцыю іх актыўнасці і ўзаемадзеяння, ролю спадчыннасці і асяроддзя ў фарміраванні адзнак арганізмаў. Гл. таксама Фен, Фенатып, Фенакопія.
Р.Г.Заяц.
т. 16, с. 351
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФЕНЕ́ТЫКА (ад фен),
раздзел біялогіі, што вывучае паяўленне і размеркаванне генатыпічных варыяцый адзнак (фенаў). Тэрмін прапанаваны рас. генетыкам М.У.Цімафеевым-Расоўскім (1973).
Тэарэт. аснова — закон гамалагічных радоў у спадчыннай зменлівасці. З дапамогай метадаў Ф. вызначаюцца межы папуляцый і іх груп, вывучаецца структура папуляцый, уздзеянне фактараў эвалюцыі, рэканструюецца філагенез відавых форм і інш.
Літ.:
Яблоков А.В. Фенетика: Эволюция, популяция, признак. М., 1980;
Фенетика популяций. М., 1982;
Яблоков А.В., Ларина Н.И. Введение в фенетику популяций. М., 1985.
т. 16, с. 353
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФЕНАТЫ́П (ад фен + тып),
асаблівасці будовы і жыццядзейнасці арганізма, абумоўленыя ўзаемадзеяннем генатыпа з навакольным асяроддзем. Ф. — прыватны выпадак рэалізацыі генатыпа ў канкрэтных умовах, таму ч. генатыпічных магчымасцей не выяўляецца. Напр., у аднаяйцавых блізнят, што маюць аднолькавы генатып, магчымы фенатыпічныя адрозненні, калі блізняты развіваліся ў розных умовах. У працэсе мікраэвалюцыі адбор адбываецца па Ф. асобін. Звычайна ў папуляцыі захоўваюцца асобіны з шырокай нормай рэакцыі, межы якой вызначаюцца генатыпам, або асобіны патрэбнага Ф., які больш жорстка вызначаецца генатыпам. У гэтым выпадку адбор па Ф. пры наяўнасці асобін з розным генатыпам апасродкавана прыводзіць да адбору па генатыпе, што спрыяе замацаванню ў генет. матэрыяле адзнак, карысных для выжывання.
Р.Г.Заяц.
т. 16, с. 353
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)