ФЕН (ад грэч. phainō выяўляю, паказваю) у генетыцы, варыяцыя адзнакі, абумоўленая генатыпам, якую нельга падзяліць на састаўныя кампаненты без страты якасці. Адрозніваюць Ф. фізіялагічныя (напр., здольнасць ці няздольнасць чалавека адчуваць смак фенілтыякарбаміду), біяхімічныя (наяўнасць або адсутнасць ферментатыўнай актыўнасці), паводзінскія (напр., выбар рознай аптымальнай т-ры мышамі розных ліній), якасныя (напр., масць жывёлы), колькасныя (напр., вага жывёлы) і інш. У некат. выпадках Ф. кантралюецца адным генам, але часцей — некалькімі (гл. Камплементарнасць, Полімерыя). Генатыпічная абумоўленасць Ф. — фундамент для развіцця фенетыкі.
Р.Г.Заяц.
т. 16, с. 351
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)