ФЕНАТЫ́П (ад фен + тып),
асаблівасці будовы і жыццядзейнасці арганізма, абумоўленыя ўзаемадзеяннем генатыпа з навакольным асяроддзем. Ф. — прыватны выпадак рэалізацыі генатыпа ў канкрэтных умовах, таму ч. генатыпічных магчымасцей не выяўляецца. Напр., у аднаяйцавых блізнят, што маюць аднолькавы генатып, магчымы фенатыпічныя адрозненні, калі блізняты развіваліся ў розных умовах. У працэсе мікраэвалюцыі адбор адбываецца па Ф. асобін. Звычайна ў папуляцыі захоўваюцца асобіны з шырокай нормай рэакцыі, межы якой вызначаюцца генатыпам, або асобіны патрэбнага Ф., які больш жорстка вызначаецца генатыпам. У гэтым выпадку адбор па Ф. пры наяўнасці асобін з розным генатыпам апасродкавана прыводзіць да адбору па генатыпе, што спрыяе замацаванню ў генет. матэрыяле адзнак, карысных для выжывання.
Р.Г.Заяц.
т. 16, с. 353
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)