пластычная апрацоўка рэльефу мясцовасці, пры якой ён набывае скульпт. формы. У Л.с. вызначаюць эстэтызацыю прыродных форм рэльефу дадзенай мясцовасці з свядомай падкрэсленасцю найб. характэрных маляўнічых асаблівасцей ландшафту. Дазваляе фарміраваць рэльеф штучна, утвараць насыпныя ўзгоркі, тэрасы, схілы і інш. Пашырана ў многіх краінах Еўропы, ЗША і інш.Гл. таксама Ландшафтны дызайн.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕТЭРАКА́РПІЯ (ад гетэра... + грэч. karpos плод), разнаплоддзе,
генетычна абумоўленая ўласцівасць некаторых відаў кветкавых раслін фарміраваць на адной асобіне рознатыповыя генератыўныя зачаткі (дыяспоры), розныя па марфалогіі і фізіял. уласцівасцях, прыстасаваннях да пашырэння. Неаднароднымі бываюць цэлыя плады (у складанакветных, лебядовых, некаторых крыжакветных) або іх часткі — мерыкарпій, членікі (у парасонавых, агурочнікавых, часткі крыжакветных). Плады могуць займаць рознае становішча ў межах суквецця. Гетэракарпія характэрна пераважна для аднагадовых і эфемерных відаў пустынь, паўпустынь, пустазелля. У флоры Беларусі тыповы прадстаўнік гетэракарпных раслін — наготкі лекавыя, у суквеццях якіх развіваюцца плады, прыстасаваныя да разнясення жывёламі або ветрам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЕРЦЫ́ЙНЫ РАЗЛІ́К,
метад вядзення гаспадаркі шляхам сувымярэння ў грашовай форме затрат і вынікаў гасп. дзейнасці. Асн. мэта — атрыманне максімуму прыбытку пры мінім. затратах. У адрозненне ад гаспадарчага разліку К.р. прадугледжвае абавязковае атрыманне прыбытку і рэнтабельнасці, дастатковай для далейшага гаспадарання. Пры К.р. суб’екты гаспадарання маюць права размяркоўваць атрыманую выручку ад рэалізацыі прадукцыі (работ, паслуг), фарміраваць і выкарыстоўваць вытв. фонды, самастойна знаходзіць крыніцы пашырэння вытв-сці, выпускаць акцыі, аблігацыі і інш. Суб’екты фін. адносін нясуць эканам. адказнасць за вынікі сваёй дзейнасці, выкананне абавязацельстваў перад пастаўшчыкамі, спажыўцамі, дзяржавай, банкамі; фін. адносіны прадпрыемстваў вызвалены ад дробнай рэгламентацыі з боку дзяржавы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ АСАЦЫЯ́ЦЫЯ ГІСТО́РЫКАЎ (БАГ),
грамадская навуковая арг-цыя. Створана 5.2.1993 у Мінску на Усебеларускай канферэнцыі гісторыкаў. Аб’ядноўвае вучоных гісторыкаў, выкладчыкаў і настаўнікаў гіст. дысцыплін, бібліятэчных, музейных, архіўных работнікаў, краязнаўцаў. Мае на мэце садзейнічаць развіццю фундаментальных даследаванняў па гісторыі Беларусі і ўсеаг. гісторыі, пашыраць гіст. адукаванасць грамадства, папулярызаваць і распаўсюджваць гіст. веды, фарміравацьнац.гіст. свядомасць насельніцтва Беларусі. Удзельнічае ў каардынацыі навук. даследаванняў у галіновых навук. установах Беларусі і ВНУ, у рабоце па павышэнні кваліфікацыі кадраў гіст. навукі, садзейнічае публікацыі вынікаў навук. даследаванняў, праводзіць навук. канферэнцыі, супрацоўнічае з органамі дзярж. улады і кіравання. Складаецца з індывід. і калект. членаў. Вышэйшы орган БАГ — з’езд, які склікаецца раз у 3 гады. Кіруючы орган — рада. У перыяд паміж з’ездамі і пасяджэннямі рады дзейнасць БАГ накіроўвае прэзідыум.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«САЮ́З ВЫРАТАВА́ННЯ»,
тайная паліт. арганізацыя дзекабрыстаў у 1816—17. Паводле статута (1817) наз. «Таварыства сапраўдных і верных сыноў Айчыны». Заснавальнікі: А.М. і М.М.Мураўёвы, М.І. і С.І.Мураўёвы-Апосталы, С.П.Трубяцкой, І.Дз.Якушкін, М.С.Лунін, Ф.П.Шахаўской, П.І.Песцель. Налічваў каля 30 чалавек. Мэта «С.в.» — ліквідаваць прыгонніцтва, увесці канстытуц. манархію шляхам ваен. перавароту. Чл. «С.в.» павінны былі пашыраць склад т-ва, займаць важнейшыя ваен. і цывільныя пасады, фарміраваць грамадскую думку, асабліва сярод перадавога дваранства. «Саюз» падзяляўся на 3 ступені — «баляры», «мужы» і «браты», быў арганізаваны на прынцыпах глыбокай канспірацыі і строгай дысцыпліны. У «С.в.» вылучыліся радыкальная і памяркоўная плыні. Разыходжанні ў пытаннях тактыкі, непадрыхтаванасць да рашучых дзеянняў прывялі да самароспуску «С.в.» і заснавання ў 1818 т-ва«Саюз працвітання».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАСТЫ́ЧНАЯ ХІРУРГІ́Я, аднаўленчая хірургія,
раздзел хірургіі, які распрацоўвае метады аднаўлення формы і функцыі тканак і органаў чалавека. Выкарыстоўваюць пры прыроджанай паталогіі, цяжкіх траўмах. Пашырана на вонкавых скурных покрывах цела (гл.Касметыка), у сківічна-тварнай хірургіі (гл.Рынапластыка), страўнікавым тракце, у практалогіі, уралогіі.
П.х. вядома са стараж. часоў (асабліва скурная пластыка). Напр., у Індыі ажыццяўлялі пластыку носа ласкутом, выкраеным са скуры ілба або шчакі. У Расіі яе асновы залажылі У.П.Філатаў (скурная пластыка) і М.І.Пірагоў (касцявая пластыка). На Беларусі значны ўклад у П.х. зрабілі А.С.Арцюшкевіч, Ц.Е.Гніларыбаў, Я.Б.Ешэ, Г.У.Кручынскі, У.М.Падгайскі, А.П.Чудакоў. Метады П.х. распрацоўваюцца ў Бел.мед. акадэміі паслядыпломнай адукацыі. Напр. укараненне мікрахірургіі сасудзістых анастамозаў дазволіла перамяшчаць фрагменты скурных акраўкаў разам з падскурнай клятчаткай і мышцамі, каб фарміраваць цэлыя органы; трансплантацыя органаў і тканак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАКЦЫ́НЫ,
група імунапрэпаратаў з мікраарганізмаў, што выкарыстоўваюцца для стварэння актыўнага спецыфічнага набытага імунітэту людзей і жывёл з мэтай прафілактыкі і лячэння інфекц. і паразітарных хвароб. Уводзяць вакцыны (вакцынацыя, імунізацыя, прышчэпкі) праз рот, дыхальныя шляхі, на скуру, пад скуру, у мышцы і інш. Упершыню вакцыны выкарыстаў у 1796 англ. ўрач Э.Джэнер, які прышчэпліваў людзям для папярэджання ад захворвання натуральнай воспай воспу каровы (адсюль назва).
Адрозніваюць вакцыны інактываваныя карпускулярныя, жывыя карпускулярныя, хім. і анатаксіны. Інактываваныя вакцыны рыхтуюць з мікраарганізмаў, забітых фіз. (награванне) і хім. метадамі, жывыя вакцыны — са спецыяльна аслабленых культур мікраарганізмаў, якія не здольны выклікаць захворванне, але могуць фарміраваць імунітэт. Хім. вакцыны — рэчывы, вылучаныя з бактэрыяльных клетак, маюць асн. кампаненты, якія ствараюць імунітэт. Вакцыны могуць быць прыгатаваны з узбуджальнікаў адной інфекцыі — монавакцыны або ў выніку камбінацыі двух і болей узбуджальнікаў (асацыіраваныя вакцыны). Прынцып прыгатавання і класіфікацыя вакцын супраць хвароб жывёл не адрозніваюцца ад медыцынскіх. Вакцыны выкарыстоўваюць для прафілактыкі і лячэння больш як 20 інфекц. хвароб жывёл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВІНТЫЛІЯ́Н Марк Фабій (Marcus Fabius Quintilianus; каля 35, г. Калагурыс, цяпер Калаора, Іспанія — каля 96),
старажытнарымскі тэарэтык аратарскага мастацтва, педагог. Быў адвакатам, настаўнікам рыторыкі. Адкрыў першую дзярж. рытарскую школу. За вял.пед. заслугі ўпершыню ў гісторыі Стараж. Рыма атрымаў тытул ганаровага консула. Сярод яго вучняў быў Пліній Малодшы. З твораў К. захавалася толькі праца «Institutio oratoria» («Пра адукацыю аратара», 12 кніг, каля 95) — практычны дапаможнік для ўсебаковага навучання аратара з дзіцячага ўзросту. Паводле К., дзіця трэба выхоўваць ад моманту нараджэння. Пачынаць навучанне раіў да 7 гадоў, адначасова фарміраваць мараль і густ дзіцяці. Лічыў, што ўсе дзеці, за рэдкім выключэннем, надзелены здольнасцю вучыцца. Ад настаўнікаў патрабаваў грунтоўнай адукацыі, высокіх маральных якасцей. Гал. абавязкам настаўніка лічыў прывіццё любові да навучання, таму прапаноўваў заахвочваць вучняў пахвалой, узнагародамі. Заклікаў выхоўваць у дзіцяці дабрыню, асуджаў цялесныя пакаранні, выступаў за грамадскі характар навучання і інш.Пед. ідэі К. набылі асаблівую папулярнасць у эпоху Адраджэння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПАЗІ́ЦЫЯ (ад лац. oppositio проціпастаўленне, пярэчанне),
1 супраціўленне, нязгода, процідзеянне, проціпастаўленне адных поглядаў, палітыкі інш. поглядам, палітыцы.
2) Агульная назва партый, арг-цый, грамадскіх рухаў і аб’яднанняў, дзейнасць і погляды якіх проціпастаўлены поглядам большасці або пануючай думцы. Існуе ў парламентах, партыях. Парламенцкая апазіцыя складаецца з партый і паліт. груп, якія не маюць большасці месцаў у парламенце і не ўдзельнічаюць у фарміраванні ўрада. Па шэрагу пытанняў выступае супраць палітыкі ўрада, з крытыкай яго дзеянняў. Можа фарміраваць ценявы кабінет міністраў на выпадак прыходу да ўлады. Унутрыпартыйная апазіцыя — парт. групоўкі, якія па некаторых прынцыповых пытаннях палітыкі партыі выступаюць са сваім пунктам гледжання і праграмай дзеяння, супрацьстаяць прынятаму большасцю курсу партыі, яе кіраўніцтву. Можа разглядацца як аснова для ўтварэння новай партыі. Апазіцыя — неабходная ўмова мірнага, здаровага развіцця грамадства. У бел. парламенце ўпершыню пра стварэнне апазіцыі абвешчана ў 1990 на 1-й сесіі Вярх. Савета Беларусі, дзе ў апазіцыі да палітыкі ўрада выступілі Бел.нар. фронт «Адраджэньне», Аб’яднаная дэмакр. партыя Беларусі, Бел.сац.-дэмакр. грамада і інш. Прадстаўнікі апазіцыі прымаюць удзел у заканатворчым працэсе, прапануюць шляхі ўмацавання суверэнітэту, незалежнасці дзяржавы, паглыблення рыначных адносін, духоўнага адраджэння і кансалідацыі нацыі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УРБАЭКАЛО́ГІЯ (ад лац. urbanus гарадскі + экалогія),
прыкладная навук. дысцыпліна, што вывучае ўзаемадзеянне і ўзаемаўплыў дзейнасці чалавека і прыродных фактараў, працэсаў у гарадах, зонах іх уплыву, сістэмах рассялення. Тэрмін «У.» ўзнік у 2-й пал. 20 ст. ў сувязі з узмацненнем экалагічных праблем у гарадах, выкліканых нерацыянальнай гасп. дзейнасцю чалавека. Арыентавана на аздараўленне і паляпшэнне якасных характарыстык гар. асяроддзя, забеспячэнне экалагічнай раўнавагі антрапагенных і прыродных кампанентаў асяроддзя ў межах урбанізаваных тэрыторый (гл.Урбанізацыя). З мэтай памяншэння забруджвання наваколля ў гарадах распрацоўваецца комплекс тэхнал., тэхн., планіровачных, юрыд. і інш. мерапрыемстваў. Сярод планіровачных мерапрыемстваў вядучая роля належыць фарміраванню водна-зялёных сістэм гарадоў (гл. таксама Ахова атмасферы, Ахова водаў). Асн. метадалагічныя падыходы У. — экалагічны і ландшафтны. Экалагічны падыход разглядае прыроду і грамадства ва ўзаемадзеянні і ўзаемаабумоўленасці, прадугледжвае арыентацыю горадабуд. вырашэнняў на забеспячэнне ўстойлівага развіцця паселішчаў і аптымізацыю экасістэм. Ландшафтны падыход у горадабудаўніцтве заключаецца ва ўліку структуры, устойлівасці, асаблівасцей функцыянавання прыродных і антрапагенных ландшафтаў, што дазваляе фарміраваць новыя культ. ландшафты, адметныя высокімі эстэт. і экалагічнымі вартасцямі. Для ацэнкі якасці гар. асяроддзя здзяйсняецца экалагічны маніторынг.
Літ.:
Чистякова С.Б. Охрана окружающей среды. М., 1988;
Реймерс Н.Ф. Природопользование: Словарь-справ. М., 1990;
Градостроительство и территориальная планировка: Понятийно-терминол. словарь. Мн., 1999.