Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУКАШЭ́ВІЧ (Аляксей Сцяпанавіч) (3.6. 1924, в. Чарнавосава Крупскага р-на Мінскай вобл. —13.11.1943),
Герой Сав. Саюза (1944). У Вял.Айч. вайну з крас. 1942 разведчык-падрыўнік партыз. атрадаў імя Сяргея і 28-га, якія дзейнічалі на тэр. Круглянскага, Талачынскага і Крупскага р-наў. Пусціў пад адхон 9 эшалонаў праціўніка, двойчы псаваў лінію сувязі са стаўкай ням. галоўнакамандавання. Трапіўшы ў засаду, цяжка паранены Л. апошняй процітанкавай гранатай падарваў сябе і ворагаў, што наблізіліся да яго. Помнік Л. ў в.Ухвала Крупскага р-на.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРЫ́САЎСКАЯ ВО́ЛАСЦЬ, Барысаўскае староства,
дзяржаўнае ўладанне ў ВКЛ у 14—18 ст. Займала ўсх.ч. сучасных Барысаўскага і паўд.ч. Крупскага р-наў. Напачатку воласць уваходзіла, верагодна, у Друцкае княства, у 15 — 1-й пал. 16 ст. — у Віленскае ваяводства. Даход з воласці ішоў на службовыя расходы віленскага ваяводы. У пач. 16 ст. частка тэр. воласці ў выніку велікакняжацкіх падараванняў ператварылася ў прыватныя маёнткі. Пазней Барысаўская воласць ператворана ў староства, якое перадавалася ва ўмоўнае ўладанне буйным феадалам. Першымі старостамі былі віленскія ваяводы М.Радзівіл Чорны і М.Радзівіл Руды, потым знаходзілася ва ўмоўным уладанні нашчадкаў апошняга. Паводле адм. рэформы ВКЛ 1565—66 большая ч. староства ўвайшла ў Аршанскі павет, астатняя, на правым беразе р. Бярэзіна, — у Менскі павет. У 17 ст. некат. маёнткі Барысаўскай воласці вылучыліся ў самаст. ўладанні, засталося каля 50 нас. пунктаў, найбуйнейшымі з якіх у 18 ст. былі г. Барысаў і мяст. Барань, Лошніца, Нача, Нёманіца, Ухвала. У 18 ст. староства трымалі Агінскія, потым зноў Радзівілы. З 1793 у Рас. імперыі. У 1798 са складу староства вылучаны ў якасці павятовага цэнтра Барысаў, а само яно ў колькасці 8 тыс. душ мужчынскага полу падаравана ў прыватную ўласнасць М.Радзівілу.