УСТА́ВА, ухвала,
спецыяльны прававы акт ВКЛ у 16 ст., прысвечаны асобным пытанням цывільнага, крымін. і працэсуальнага права, а таксама дзярж. кіраванню краіны. Мела сілу закона. Паводле сцвярджэння гісторыка М.Н.Ясінскага ў працы «Устаўныя земскія граматы Літоўска-Рускай дзяржавы» (Кіеў, 1889), назва акта адрознівалася ў залежнасці ад суб’екта заканадаўства: акт, які прымаў вял. князь, наз. «ўстава», акт, што прымаў сойм — «ухвала». У. наз. таксама пісьмовыя распараджэнні ваявод пра ўстанаўленне цэн на пэўныя харч. тавары, віно, прыправы і рамесныя вырабы, што ўвозіліся з-за мяжы. Гэтыя своеасаблівыя прэйскуранты выдаваліся ў кожным ваяводстве звычайна двойчы на год, яны абвяшчаліся і вывешваліся на рынках і ў інш. людных месцах.
т. 16, с. 269
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)