АНЕ́КСІЯ (ад лац. annexio далучэнне),
захоп адной дзяржавай часткі або ўсёй тэрыторыі інш. дзяржавы, а таксама гвалтоўнае ўтрыманне народнасці ў межах чужой дзяржавы. Анексія — грубае парушэнне міжнар. права. Статут ААН дэкларуе права нацый на самавызначэнне і абавязвае членаў ААН устрымлівацца ад анексіі.
т. 1, с. 365
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАБА́ЦЫЯ ( ад лац. probatio выпрабаванне),
від умоўнага асуджэння ў крымінальным праве ЗША, пры якім асуджаны знаходзіцца пад наглядам спец. органаў на час выпрабавальнага тэрміну, устаноўленага судом. На асуджанага на час П. можа быць накладзены таксама шэраг дадатковых абмежаванняў (напр., не наведваць пэўныя месцы, устрымлівацца ад зносін з пэўнымі асобамі і да т.п.).
т. 12, с. 523
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕНАПАДЗЕ́ННЯ ПРЫ́НЦЫП,
адзін з асноўных прынцыпаў міжнар. права, які азначае недапушчальнасць развязвання вайны або інш. выкарыстання ўзбр. сіл адной дзяржавы супраць другой па якіх бы то ні было меркаваннях эканам. або паліт. характару. Прытрымліваючыся Н.п., дзяржава практычна праводзіць палітыку мірнага суіснавання. Н.п. замацаваны Статутам ААН, які абавязвае ўсе дзяржавы — члены ААН устрымлівацца ў міжнар. адносінах ад пагрозы сілай або яе прымянення супраць тэр. недатыкальнасці або паліт. незалежнасці любой дзяржавы, так і якім-н. іншым спосабам, несумяшчальным з мэтамі міжнар. супольнасці.
І.М.Таніева.
т. 11, с. 285
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)