старажытнаіталійскія плямёны (гл.Італікі) умбра-оскска-сабельскай галіны. Рассяляліся паміж рэкамі Тыбр, Атэрнус і Аніо. Асн. занятак — земляробства і жывёлагадоўля. Сучасныя гісторыкі лічаць, што С. адыгралі вял. ролю ва ўтварэнні рым. народнасці. У 5—4 ст. да н.э. частка С., якая не ўвайшла ў склад Рым. дзяржавы, вяла барацьбу супраць Рыма і заваявана ім у 290 да н.э. У 268 да н.э. С. атрымалі рым. грамадзянства (без права голасу).
Рана страцілі сваю мову, раманізаваны. На тэр., дзе жылі С., знаходзіўся Сабунім, маёнтак Гарацыя. Стараж. паданне пра выкраданне сабінянак атрымала распаўсюджанне ў творах мастацтва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМНІ́ТЫ (лац. Samnites),
старажытнаіталійскія плямёны умбра-оскска-сабельскай галіны. Жылі ў гарах, займаліся пераважна жывёлагадоўляй. У 5 ст. да н.э., спусціўшыся з гор, частка С. заняла З і ПдЗ Апенінскага п-ва і змяшалася з мясц. насельніцтвам. У 4 ст. да н.э. ўзначалілі саюз плямён (т. зв. Самніцкая федэрацыя). У 2-й пал. 4 — пач. 3 ст. да н.э. вялі войны з Рымам (гл.Самніцкія войны), якія скончыліся падпарадкаваннем С. Падтрымлівалі палкаводцаў Піра і Ганібала ў час іх паходаў супраць Рыма. Змагаліся супраць Рыма ў Саюзніцкай вайне 90—88 да н.э. Амаль поўнасцю знішчаны рым. палкаводцам Л.К.Сулам (1 ст. да н.э.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́РКЕ (Marche),
адм. вобласць у Цэнтр. Італіі, на ПнУ Апенінскага п-ва. Уключае правінцыі Анкона, Пезара і Урбіна, Аскалі-Пічэна, Мачэрата. Пл. 9,7 тыс.км². Нас. каля 1,5 млн.чал. (1997). Гал. горад і порт — Анкона. Рэльеф пераважна горны і ўзгорысты (Умбра-Маркскія Апеніны з найвыш. пунктам г. Веторэ, 2478 м). Раўнінныя ўчасткі на ўзбярэжжы і ў далінах рэк Тронта, Метаўра, Патэнца. Клімат у гарах умераны, на ўзбярэжжы субтрапічны міжземнаморскі. Ападкаў каля 800 мм за год. Развіты сельская гаспадарка і прам-сць. Вырошчваюць пераважна пшаніцу і цукр. буракі. Вінаградарства. Мясная жывёлагадоўля (буйн. раг. жывёла, свінні, авечкі). Шаўкаводства. Рыбалоўства. Гал. галіны прам-сці: нафтаперапр., суднабуд., хім., папяровая, цэм., шаўковая, тытунёвая, керамічная, дрэваапр., харчовая. ГЭС. Транспарт аўтамаб., чыг., марскі. Турызм, на ўзбярэжжы — курортная зона.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІГМЕ́НТЫў хіміі,
тонкадысперсныя афарбаваныя парашкі, нерастваральныя ў вадзе і плёнкаўтваральных рэчывах. Паводле паходжання П. падзяляюць на прыродныя і сінт., паводле складу — на мінер. (неарган.) і арган., паводле колеру — на ахраматычныя (белыя, шэрыя, чорныя) і храматычныя (інш. колераў), паводле прызначэння — на дэкар., ахоўныя, мэтавага прызначэння (сігнальныя, тэрмаіндыкатарныя, бактэрыцыдныя і інш.).
П. неарганічныя — пераважна аксіды, сульфіды і солі пераходных металаў (жалеза, кобальту, хрому і інш.), парашкі каляровых металаў (алюмінію, медзі, цынку, нікелю) і сплаваў (бронзы, латуні), сажа. Прыродныя (напр., жалезны сурык, вохра, умбра) атрымліваюць з мінералаў, сінт. — хім. асаджэннем з водных раствораў і суспензій (напр., кроны), награваннем (напр., аксід хрому Cr2O3 — з хромпіку), рэакцыямі ў паравой ці газавай фазе з наступнай кандэнсацыяй прадуктаў (напр., бялілы). П. арганічныя — найб. пашыраны азапігменты (гл.Азафарбавальнікі), азалакі (нерастваральныя солі азазлучэнняў), трыфенілметанавыя, поліцыклічныя (спец. формы кубавых фарбавальнікаў) і фталацыянінавыя П. (комплексныя злучэнні фталацыяніну). Выкарыстоўваюць для вырабу лакафарбавых матэрыялаў і паліграф. фарбаў, фарбавання неарган. буд. матэрыялаў, пластмас, хім. валокнаў, гумы, паперы, штучнай скуры і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПЕНІ́НЫ, Апенінскія горы (Appennino),
горная сістэма на Апенінскім п-ве ў Італіі. Працягласць каля 1200 км з ПнЗ на ПдУ ад Альпаў да Месінскага праліва. Сярэдневышынныя горы (пераважныя выш. 1200—1800 м), складаюцца з асобных, б.ч. паралельных хрыбтоў і ўзгорыстых перадгор’яў. Выш. да 2914 м (г. Корна). Адзіны невял. ледавік у масіве Гран-Саса-д’Італія. Паводле геал. будовы і рэльефу падзяляюцца на Паўн. Апеніны (Лігурыйскія і Таскана-Эміліянскія), Цэнтр. Апеніны (Умбра-Маркскія і Абруцкія) і Паўд. Апеніны (Неапалітанскія і Луканскія). Пераважаюць параўнальна спадзістыя схілы, сталовыя горы, купалападобныя гранітна-гнейсавыя масівы. У Цэнтр. Апенінах хрыбты скалістыя, са стромкімі схіламі, старажытналедавіковымі і карставымі формамі рэльефу. На Угал. ланцугі Апенінаў суправаджаюцца шырокай паласой узгорыстых перадгор’яў, за якой уздоўж берагоў Адрыятычнага м. ўзвышаюцца вапняковыя плато п-воў Гаргана і Саленціна. Зах. схіл Апенінаў больш стромкі, скідавы; на З ад Цэнтр. Апенінаў шырокая перадгорная паласа з асобнымі невысокімі хрыбтамі, вулканічнымі масівамі (у т. л. Везувій, Флегрэйскія палі), туфавымі плато. Апеніны ўтварыліся ў выніку альпійскага арагенезу. Тэктанічныя працэсы працягваюцца, аб чым сведчаць землетрасенні і вулканічная дзейнасць. Карысныя выкапні: буд. і вырабны камень, ртуць, буры вугаль і лігніт, бітумінозныя сланцы, баксіты, прыродны газ, нафта, тэрмальныя воды. Клімат субтрапічны міжземнаморскі, на ўсх. схілах і ў катлавінах з рысамі кантынентальнага. Ападкаў на зах. схілах 1000—2000 мм за год (у Лігурыйскіх Апенінах да 3000 мм), на ўсх. схілах і ў замкнутых катлавінах 600—800 мм. Сярэдняя т-растудз. каля падножжа гор на Пн 0 °C, на Пд да 11 °C. Сярэдняя т-раліп. на Пн 24 °C, на Пд да 28 °C. У гарах вышэй за 2000 м 180—190 сут за год ляжыць снег. Рэкі мнагаводныя восенню і зімой, найб. Тыбр, Арна. Да выш. 300—500 м на Пн і 600—800 м на Пд на схілах гор палі, сады, вінаграднікі, аліўкавыя насаджэнні, месцамі гаі каменнага і коркавага дубу, алепскай хвоі, пініі, вечназялёныя хмызнякі (маквіс, гарыга); глебы пераважна карычневыя. Да выш. 900 м на Пн і 1000—1200 м на Пд — мяшаныя лясы з дубу, хвоі, каштану і інш., хмызнякі, пусткі; глебы горныя буразёмы і перагнойна-карбанатныя. Вышэй за 900 м на Пн, 1000—1200 м на Пд — букавыя і хвойныя (піхта, хвоя) лясы на горных буразёмах і горных падзолістых глебах. На найб. высокіх хрыбтах (вышэй за 2000—2500 м) участкі субальпійскіх і альпійскіх лугоў. Жывёльны свет збяднелы ў сувязі з дзейнасцю чалавека. Трапляюцца воўк, буры мядзведзь, сарна, лань, дзікабраз, шмат паўзуноў і птушак (беркут і інш.). Земляробства ў горных далінах і катлавінах, каля падножжа гор. Рэкі выкарыстоўваюцца для арашэння і выпрацоўкі электраэнергіі. Турызм.