У́МБРЫЯ (Umbria),
адм. вобласць у Цэнтр. Італіі, на Апенінскім п-ве. Уключае правінцыі Перуджа і Тэрні. Пл. 8,4 тыс. км². Нас. каля 830 тыс. чал. (2000). Адм. цэнтр — г. Перуджа. Рэльеф горны і ўзгорысты. На У. — Умбра-Маркскія Апеніны (выш. да 2478 м). Клімат міжземнаморскі, у гарах умераны. Ападкаў каля 800 мм за год. Гал. р. Тыбр; Тразіменскае возера. Прам-сць: чорная і каляровая металургія, электраэнергетыка (каскад ГЭС Ле-Мармарэ на р. Веліна і інш.), машынабудаванне (цяжкае), хім., лёгкая (тэкст., гарбарна-абутковая, трыкат., швейная), харч., керамічная. Рамёствы (карункі, вышыўка, вырабы з металу). У сельскай гаспадарцы пераважае земляробства. Вырошчваюць пшаніцу, вінаград, аліўкі. Гадуюць свіней, буйн. раг. жывёлу, авечак. Транспарт чыг. і аўтамабільны, міжнар. турызм.
т. 16, с. 231
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)