ВІ́СЛІЦКА-ПЕТРАКО́ЎСКІЯ СТАТУ́ТЫ 1346—47, Статуты Казіміра Вялікага, помнік сярэдневяковага польск. права. Выдадзены польск. каралём Казімірам III Вялікім асобна для Малой і Вялікай Польшчы. Велікапольскі статут (34 арт.) прыняты на феад. з’ездзе ў Петракове ў 1346, малапольскі статут (59 арт.) зацверджаны на з’ездзе ў Вісліцы ў 1347. Абодва напісаны па латыні. Складзены на аснове польск. звычаёвага права. Адлюстравалі намеры каралеўскай улады ліквідаваць феад. раздробленасць, уніфікаваць права, умацаваць манархію. У 1420-я г. выдадзены Поўны збор статутаў Казіміра Вялікага. У канцы 14 ст. статуты пашыраны на Галіччыну, якая ўвайшла ў склад Польшчы.
т. 4, с. 197
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КСЕРКС I (стараж.-перс. Хшаяршан, грэч. Xerxēs; ? — 465 да н.э.),
старажытнаперсідскі цар [486—465 да н.э.]. З дынастыі Ахеменідаў. Сын Дарыя I (гл. Дарый) і Атосы, дачкі Кіра ІІ. Задушыў паўстанне егіпцян (486—484 да н.э.). Пасля пачатку ў 482 паўстання вавіланян разбурыў г. Вавілон, а Вавілонію ператварыў у перс. сатрапію (правінцыю). Няўдачы К. ў грэка-персідскіх войнах (паражэнні каля Саламіна ў 480, Мікале ў 479, Платэяў у 479) аслабілі магутнасць Ахеменідаў дзяржавы. Каб умацаваць цэнтралізацыю дзяржавы, правёў рэліг. рэформу. Забіты ў выніку дварцовай змовы.
т. 8, с. 543
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́НГЛА-ШАТЛА́НДСКАЯ У́НІЯ 1707,
пагадненне аб саюзе Англіі і Шатландыі, заключанае паміж іх парламентамі. Прадугледжвала аб’яднанне дзвюх краін у адзіную унітарную дзяржаву (Вялікабрытанію) з агульным 2-палатным парламентам (513 дэпутатаў ад Англіі, 61 — ад Шатландыі). У Шатландыі захоўвалася традыц. сістэма мясц. самакіравання, судаводства і адукацыі; уводзілася аднолькавая з Англіяй сістэма падаткаабкладання, ліквідаваліся ўсе мытныя бар’еры і інш. Спец. артыкулы пацвярджалі прэсвітэрыянскі лад шатл. царквы. Пагадненне ініцыіравала Англія, каб умацаваць дынастычную унію з Шатландыяй, якая пахіснулася пасля смерці караля Вільгельма III (1702). Унія спрыяла стварэнню адзінай брыт. дзяржавы, паскорыла развіццё капіталізму ў Шатландыі.
У.Я.Калаткоў.
т. 1, с. 347
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІМЕРЭЦІ́НСКАЕ ЦА́РСТВА, Імерэты,
феад. дзяржава на тэр. Грузіі ў 15—19 ст. Утворана ў канцы 15 ст. Сталіца — г. Кутаісі. З 1555 падпарадкавана Турцыі, плаціла ёй даніну нявольнікамі або грашамі і натурай. Гісторыя І.ц. характарызавалася міжусобіцамі (асабліва ў 17 ст.) і росквітам гандлю рабамі. Цар Саламон I [1752—84] здолеў умацаваць царскую ўладу. Ён забараніў гандаль рабамі, імкнуўся да аб’яднання Зах. Грузіі. У 1757 пасля шматгадовай вайны з туркамі атрымаў перамогу, у 1758 заключыў ваен. саюз з царом Картлі Іракліем ІІ. Паводле Кючук-Кайнарджыйскага міру 1774 адменена даніна Турцыі. З 1804 пад пратэктаратам Расіі. З 1811 Імерэцінская вобл. Расіі.
т. 7, с. 209
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЕСЯ́ТЫ З’ЕЗД КП(б)Б.
Адбыўся 3—10.1.1927 у Мінску. Прысутнічала 278 дэлегатаў з рашаючым і 226 з дарадчым голасам ад 30 995 чл. і канд. у чл. партыі. Парадак дня: справаздачы ЦК КП(б)Б — паліт. і арганізац. (А.І.Крыніцкі, М.М.Галадзед), ЦКК КП(б)Б (В.А.Радус-Зяньковіч); даклады ЦКК ВКП(б) (Я.Х.Петэрс), Рэвіз. камісіі КП(б)Б (А.А.Чарнушэвіч); вынікі гасп. будаўніцтва ў БССР і далейшыя задачы (Я.А.Адамовіч); выбары ЦК, ЦКК і Рэвіз. камісіі КП(б)Б. З’езд падвёў вынікі работы КП(б)Б за 1926. ухваліў паліт. лінію і практычную дзейнасць ЦК КП(б)Б. Прапанаваў ураду БССР умацаваць мат.-тэхн. базу саўгасаў, стварыць фонд для крэдытавання калектыўных гаспадарак. Аналізуючы ход культ. будаўніцтва, з’езд патрабаваў у правядзенні нац. палітыкі ажыццяўляць беларусізацыю, павялічыць асігнаванні на нар. асвету, згуртаваць вакол партыі інтэлігенцыю, умацоўваць і павышаць парт. кіраўніцтва друкам. Даручыў ЦК рашуча змагацца з ідэйнымі ўхіламі, паслядоўна ажыццяўляць курс на індустрыялізацыю, прапанаваў умацаваць кіруючую ролю партыі ва ўсіх галінах сацыяліст. будаўніцтва. Выбраў ЦК КП(б)Б з 62 чл. і 43 канд. у чл., ЦКК КП(б)Б з 37 чл. і 11 канд. у чл., Цэнтр. рэвіз. камісію КП(б)Б з 7 чл.
Літ.:
X съезд Коммунистической партии (большевиков) Белоруссии: Стеногр. отчет. Мн., 1927;
Коммунистическая партия Белоруссии в резолюциях и решениях съездов и пленумов ЦК. Т. 1. 1918—1927. Мн., 1983.
А.І.Яфімчык.
т. 6, с. 107
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМАСА́ЦЫЯ (польск. komasacja),
ліквідацыя цераспалосіцы звядзеннем сялянскіх зямель у адзін участак з наступным выхадам на хутары; састаўная частка агр. рэформы ў Польшчы, абвешчанай сеймам у 1919. Праводзілася паводле закону ад 28.12.1925 «Пра парцэляцыю, камасацыю і асадніцтва» з мэтай умацаваць у Зах. Беларусі заможнае сялянства як апору польск. ўрада. Закон абавязваў памешчыкаў прадаваць сялянам і асаднікам участкі зямлі па 15 га у Польшчы і па 26 га у Зах. Беларусі і Зах. Украіне. З 1 млн. га зямлі, прададзенай у 1926—30 памешчыкамі, 90% купілі заможныя сяляне і асаднікі. Бяднейшым сялянам даставаліся горшыя землі. Расходы на К. цалкам клаліся на сялян. Правядзенне К. асабліва паскорылася ў гады эканам. крызісу 1929—30. Як і ўся агр. рэформа, К. ўзмацніла сац. размежаванне зах.-бел. вёскі.
І.П.Хаўратовіч.
т. 7, с. 505
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНАСТЫ́РСКІЯ СЯЛЯ́НЕ,
сяляне, якія жылі і працавалі на зямлі, што належала манастыру, былі ўласнасцю пэўнага манаскага ордэна або манастыра. Былі часткай царк. сялян. Уласнасцю манастыроў яны станавіліся ў выніку падараванняў манастырам вял. князямі, магнатамі і шляхтай зямельных надзелаў разам з сялянамі. На Беларусі М.с. з’явіліся, верагодна, у 12 ст. разам з заснаваннем першых правасл. манастыроў. Колькасць М.с. пачала рэзка павялічвацца з 15 ст., калі на тэр. ВКЛ стала адкрывацца шмат каталіцкіх манастыроў, пачаўся рост манастырскіх уладанняў. Адзінай сістэмы падаткаабкладання ў манастырах не існавала. У пэўных выпадках манастыр дапамагаў сялянам умацаваць сваю гаспадарку, але часам адбывалася рэзкае павелічэнне павіннаснага ўціску, каб выправіць цяжкае эканам. становішча манастыра або атрымаць прыбытак. У манастырах, дзе было ўведзена правіла складаць інвентары і ўставы, сяляне звычайна выконвалі толькі вызначаныя ў іх павіннасці.
В.Ф.Голубеў.
т. 10, с. 62
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МОНАФЕЛІ́ТЫ (ад мона... + грэч. thelēma воля),
прыхільнікі рэліг.-філас. вучэння, якое склалася ў 7 ст. ў Візантыі. Было кампрамісам паміж артадаксальнай догмай, прынятай на Халкідонскім саборы, і монафізіцтвам. Паводле вучэння М., Хрыстос валодаў дзвюма прыродамі (чалавечай і божай), але адной воляй і адной «энергіяй» (богачалавечай), і самастойнасць чалавечай волі Хрыста знікла ў выніку яе паглынання божай воляй. Найб. вядомыя М.: Сергій, патрыярх канстанцінопальскі (610—638), Кір, епіскап Фасіса, Феодар, епіскап Фарана (Сінайскі п-аў). Улады Візантыі падтрымлівалі вучэнне М., бо разлічвалі з яго дапамогай умацаваць свае пазіцыі ў па-монафізіцку настроенага насельніцтва ўсх. правінцый, у 638 яго афіцыйна ўхваліў імператар Іраклій. Аднак М. былі асуджаны як ерэтыкі на Латэранскім (648) і Канстанцінопальскім (680—681) саборах. Пасля разгрому М. усталявалася містычнае вучэнне пра 2 прыроды і 2 волі Хрыста.
т. 10, с. 518
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСТА́ЛЬСКІ (Аляксандр Дзмітрыевіч) (28.11.1856, Масква — 17.12.1926),
рускі кампазітар, хар. дырыжор, фалькларыст. Вучань П.Чайкоўскага і С.Танеева. Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1893). З 1887 выкладчык, з 1910 дырэктар маскоўскага Сінадальнага вучылішча, у 1907—10 рэгент Сінадальнага хору. У 1918—23 кіраўнік нар. харавых акадэмій у Маскве і Петраградзе. З 1922 праф. Маскоўскай кансерваторыі. Буйнейшы дзеяч рус. хар. культуры. У культавых творах імкнуўся адрадзіць стараж. формы знаменнага спеву, умацаваць сувязі царк. музыкі з сял. песенным мастацтвам. Сярод твораў: оперы «Шэры воўк і Іван-царэвіч» (дзіцячая, 1908), «Клара Міліч» паводле І.Тургенева (паст. 1916); рэквіем «Брацкае памінанне герояў...» (1915); «Сельскія работы ў народных песнях» (4 сшыткі, 1920—22), «Чырвоная Русь», «Песня таварышаў Разіна» для хору і аркестра нар. інструментаў; хары a cappella, апрацоўкі рус. нар. песень; музыка да драм. спектакляў. Аўтар даследаванняў «Асаблівасці народна-рускай музычнай сістэмы» (1923), «Асновы народнага шматгалосся» (1948) і інш.
Літ.:
Мацкевич И.С. А.Д.Кастальский. М., 1969.
т. 8, с. 153
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТА́НТА МІЖЗЕМНАМО́РСКАЯ,
палітычная групоўка Вялікабрытаніі, Аўстра-Венгрыі і Італіі супраць Расіі і Францыі. Аформлена ў 1887 двума сакрэтнымі пагадненнямі: 1-м — паміж Вялікабрытаніяй і Італіяй (12 лют.), Аўстра-Венгрыяй і Вялікабрытаніяй (24 сак.); 2-м — паміж Аўстра-Венгрыяй і Вялікабрытаніяй (12 снеж.), Вялікабрытаніяй і Італіяй (16 снеж.). 1-е пагадненне фармальна захоўвала статус-кво ў басейнах Міжземнага, Адрыятычнага, Чорнага, Эгейскага мораў і на ўзбярэжжы Паўн. Афрыкі, 2-е мела на мэце захаваць становішча, якое існавала на той час у М.Азіі, чарнаморскіх пралівах і ў Балгарыі (Вялікабрытанія імкнулася ўмацаваць свае пазіцыі ў Егіпце, Італія — у Трыпалітаніі і Кірэнаіцы, Аўстра-Венгрыя — на Балканах). Стварэнню Антанты Міжземнаморскай садзейнічаў канцлер Германіі Бісмарк, які разлічваў умацаваць становішча Аўстра-Венгрыі адносна Расіі, далучыць да Траістага саюза 1882 Вялікабрытанію і перашкодзіць збліжэнню Францыі і Італіі. У выніку ўзмацнення ў канцы 19 ст. англа-герм. саперніцтва і аўстра-італьян. супярэчнасцяў Антанта Міжхемнаморская страціла сваю сілу.
т. 1, с. 381
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)