Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
АСМАЛО́ЎСКАЯ (Зоя Васілеўна) (н. 1.3.1923 г. Орша),
бел. актрыса. Засл.арт. Беларусі (1982). Скончыла Бел.тэатр.-маст.ін-т (1952). З 1954 у Дзярж.рус.драм. т-ры Беларусі. Створаныя ёю вобразы вылучаюцца вострым адчуваннем характарнай адметнасці і эмац. стану, арганічным жыццём у вобразе. Сярод роляў: Зорына («Брэсцкая крэпасць» К.Губарэвіча), Ульяна («Трывога» А.Петрашкевіча), Валянціна («Зоркі на ранішнім небе» А.Галіна), Понсія («Дом Бернарды Альбы» Ф.Гарсія Лоркі), Селія («Дурнічка» Лопэ дэ Вэгі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДБЯРЭ́СКІЯ,
шляхецкі род герба «Газдава» ў ВКЛ. Родапачынальнік полацкі баярын Яцка Сенькавіч (? — пасля 1520) быў жанаты з сястрой кн. Сямёна Ямантавіча-Падбярэскага Ульянай. Пасля смерці бяздзетнага князя (1540) Ульяна адсудзіла маёнтак Падбярэззе ў Аршанскім пав. і інш. ўладанні на карысць сваіх сыноў Рыгора і Івана Яцкавічаў. З іх Рыгор (1510? — пасля 1585) атрымаў пры падзеле з братам Падбярэззе і Бачэйкава і пачаў ужываць прозвішча П. Яго нашчадкі неаднаразова займалі павятовыя пасады, пераважна ў Аршанскім пав. З іх найб. вызначыўся Рыгор Казімір (1620? — 77), сын Аляксандра, ротмістр казацкай харугвы ВКЛ з 1643, удзельнік Лоеўскай бітвы 1649 з укр. казакамі, вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67, ваявода смаленскі з 1667. Існаваў іншы род П., якія карысталіся гербам «Тарнава» змененая.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЕ́НЧАНКА (Рыма Фёдараўна) (н. 26.6.1935, г. Орша Віцебскай вобл.),
бел. актрыса, педагог. Засл. арт. Беларусі (1968). Сястра А.Ф.Маленчанкі. Скончыла БДУ (1957). У 1955—93 працавала ў Бел. т-ры юнага гледача. У 1965—74 выкладала ў Бел.тэатр.-маст. ін-це, з 1975 (з перапынкам) — у Бел. ун-це культуры. На сцэне выконвала ролі травесці, драматычныя, характарныя. Ёй уласцівы тонкі псіхалагізм, мяккая стрыманая манера выканання. Ролі ў дзіцячым рэпертуары: Сунічка («Прыгоды Чыпаліна» паводле Дж.Радары), Чырвоная Шапачка (аднайм. твор Я.Шварца), Хлапчыш-Благіш («Хлапчыш-Кібальчыш» паводле А.Гайдара) і інш. Сярод роляў у класічным рэпертуары: Агнія («Мінулася кату масленіца» А.Астроўскага), Марыя Антонаўна («Рэвізор» М.Гогаля), Аркадзіна («Чайка» А.Чэхава). З інш. роляў: Ульяна Паўлаўна («Экзамен на восень» І.Шамякіна), Марутка («Марутка» С.Алексіевіч), Дзятлічыха («Подых навальніцы» паводле І.Мележа), Долі (.«Галасы травы» Т.Капотэ). Выступае з монаспектаклямі. Займаецца канцэртнай дзейнасцю. У праграме творы рус. і бел. паэтаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МСЦІСЛА́ЎСКІЯ, Лугвенавічы,
княжацкі род у ВКЛ, адгалінаванне Альгердавічаў. Паходзяць ад сына Альгерда Лугвена, які атрымаў Мсціслаўскае княства. З яго нашчадкаў: Юрый (1395?—1458?),
сын Лугвена. Князь мсціслаўскі. Уваходзіў у раду вял. князёў Вітаўта і Свідрыгайлы. З 1432 некалькі разоў быў запрошаны служылым князем у Ноўгарад. Удзельнічаў у феад. войнах у ВКЛ, у выніку паражэнняў неаднаразова пазбаўляўся Мсціслаўскага княства. Яраслаў Фёдар (1411—1.9.1435), сын Лугвена. Загінуў у бітве пад Вількамірам, дзе змагаўся на баку Свідрыгайлы супраць Жыгімонта Кейстутавіча. Іван (? — да 1489), сын Юрыя. Валодаў Мсціславам, Цяцерынам, Княжыцамі, Паповай Гарой, Дрокавам і інш., магчыма, Магілёвам. Яго дачка Ульяна выйшла замуж за кн. М.І.Заслаўскага (гл. ў арт.Заслаўскія), якому адышла частка Мсціслаўскага княства і які разам з нашчадкамі пачаў наз. князем М. Яго сын Фёдар у 1526 з’ехаў у Маскву, дзе род М. згас у 1622.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСТРАБРА́МСКІ АБРА́З МА́ЦІ БО́ЖАЙ,
адна з гал. хрысціянскіх святыняў у Літве і на Беларусі. Захоўваецца ў Вострай браме (сучасная літ. назва Аўшрас Варту) у Вільні. Ушаноўваецца каталіцкай і правасл. цэрквамі. Уяўляе сабой паясную выяву Дзевы Марыі без дзіцяці, намаляваную на фоне месяца тэмперай на дубовай дошцы.
Найб. вядома т.зв. карсунская версія паходжання абраза, якая ў 1839 надрукавана Т.Нарбутам і пазней распрацавана царк. гісторыкамі. Паводле яе, абраз прывезены ў Вільню вял.кн.ВКЛ Альгердам у 1363 з Корсуні (Херсанес, цяпер у межах г. Севастопаль) пасля паспяховага паходу ў Крым. Вял. княгіня Ульяна, правасл. хрысціянка, аддала абраз у заснаваны ёю манастыр св. Тройцы. У канцы 15 ст., калі Вільню абнеслі мурам, абраз паставілі над Медніцкай (Вострай) брамай. Калі манастыр св. Тройцы стаў уніяцкім, капліца над брамай разам з абразом перайшла пад апеку кармелітаў, для якіх у 1621 падканцлер Стафан Пац і віленскія бурмістры Дубовічы заснавалі кляштар непадалёку ад Медніцкай брамы. Існуе таксама легенда, што прататыпам для абраза паслужыла Барбара Радзівіл, незвычайная прыгажосць і драматычны лёс якой зрабілі яе легендарнай асобай. Стыль жывапісу і тэхнал. асаблівасці сведчаць, што абраз, што існуе цяпер, намаляваны ў 1-й трэці 17 ст. невядомым мастаком, які добра ведаў усх.-правасл. іканапіс і жывапіс Паўн. Еўропы. Адметнае шанаванне абраза пачалося ў канцы 17 — пач. 18 ст. У кнігах пра цудатворныя абразы 1650—87 вастрабрамскі абраз яшчэ не называецца. Першы запісаны цуд — уваскрэсенне памерлай дзяўчынкі — адносіцца да 1671. Шырокую славу абраз набыў у 1702 пасля паражэння шведаў, якія спрабавалі яго папсаваць. Найб. ўражанне на жыхароў горада зрабілі шматразовыя выратаванні абраза ў час пажараў Вільні 1706, 1748—49, 1754. У 1756 надрукавана песня пра абраз як абаронцу Вільні, тады ж уведзена ўрачыстае святкаванне Апекі Маці Божай. У шанаванні Вастрабрамскай Маці Божай аб’ядналіся рыма-католікі і уніяты, імшы служыліся па лац. і грэчаскім абрадах. Вострая брама стала самым святым месцам Вільні. У 19 ст. Вастрабрамская Маці Божая стала лічыцца патронкай зямель б.ВКЛ (Літвы і Беларусі), культ абраза набыў патрыятычны сэнс, прапагандыстам яго стала інтэлігенцыя. У 1852 надрукавана першая анталогія вершаў, прысвечаных абразу. З’явіліся шматлікія копіі абраза, у т. л. В.Ваньковіча для касцёла ў Парыжы, распаўсюдзіліся медальёны з яго выявай. 2.7.1927 на абраз урачыста накладзены залатыя кароны. Копіі абраза ёсць у многіх храмах Беларусі і Літвы. Свята абраза па правасл. календары 26 снежня па ст.ст.