ПІ́САРАВА (Людміла Іванаўна) (н. 29.5.1939, г.п. Руба Віцебскага гарсавета),

бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1976). Скончыла студыю пры Бел. т-ры імя Я.​Коласа (1964), працуе ў гэтым т-ры. Характарная актрыса. Створаныя вобразы вызначаюцца псіхал. абгрунтаванасцю, выразным пластычным малюнкам, дакладнай моўнай характарыстыкай. У камед. ролях ужывае прыёмы гратэску, сатыр. завостранасць, буфанаду. Лепшыя ролі ў бел. і класічным рэпертуары: Казюра («Снежныя зімы» паводле І.​Шамякіна), Ульяна («Трывога» А.​Петрашкевіча), Маці («Парог» А.​Дударава, «...Таму, што люблю...» А.​Паповай паводле п’есы «Дзень карабля»), Цвяткова («Апошняя інстанцыя» М.​Матукоўскага), Матруна («Улада цемры» Л.​Талстога), Кісельнікава («Багна» А.​Астроўскага), Далгова («Касатка» А.​Талстога), Інеса («Каханне не жарты» П.​Кальдэрона), пані Конці («Сола для гадзінніка з боем» О.​Заградніка). Знялася ў кіна- і тэлефільмах «Нядзельная ноч», «Паводка», «Людзі на балоце», «Подых навальніцы».

Т.​Я.​Гаробчанка.

т. 12, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)