ІМПЕРАТЫ́Ў (ад лац. imperativus уладны, катэгарычны, загадны),
безумоўнае, катэгарычнае патрабаванне, загад, закон. Імператыўныя выказванні з’яўляюцца прадметам логікі норм. У філасофіі І.Канта — усеагульны маральны закон, якім ён імкнуўся замяніць усе ант. нормы адной (катэгарычны І.). Кант разумеў катэгарычны І. як нешта першапачаткова ўласцівае розуму, вечнае і нязменнае. Выключныя нормы, што неабходна прымаць пры пэўных абставінах, у этыцы ён называў гіпатэтычным І. Паводле дыялектычнага матэрыялізму, мараль, як і ўсё на свеце, гістарычна развіваецца і змяняецца, і ў ёй не можа быць нязменных патрабаванняў і законаў.
В.М.Пешкаў.
т. 7, с. 211
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСПАРАДЖЭ́ННЕ ў праве,
1) адно з правамоцтваў уласніка рэчаў, якое дазваляе ўключаць яго ў эканам. абарачэнне праз ажыццяўленне такіх распараджальных здзелак, як купля-продаж, пастаўка, дарэнне і інш. У выніку актаў Р. маёмасцю ажыццяўляецца яе адчужэнне, перадача ў часовае валоданне ці карыстанне інш. асобе, у залог, здача на захоўванне і г.д. Р. вызначае юрыд. лёс рэчаў, г.зн. або спыняецца, або прыпыняецца на яе права ўласнасці.
2) Адзін з відаў падзаконных актаў: уладны акт органа кіравання ў рамках яго кампетэнцыі, што мае абавязковую сілу для фіз. і юрыд. асоб, якім Р. адрасавана. Можа быць агульнага, працяглага або разавага дзеяння для канкрэтнага выпадку.
т. 13, с. 359
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)