МЕ́СА (позналац. missa ад лац. mitto пасылаю, адпускаю),
галоўнае богаслужэнне ў каталіцкай царкве. Уключае чытанне малітваў, песнапенні ў суправаджэнні аргана, заканчваецца абрадам прычашчэння. Паводле рашэння II Ватыканскага сабора (1962—65) дазволена праводзіць М. на нац. мове, прычашчаць недухоўных асоб хлебам і віном, уключаць элементы нац. музыкі, адноўлена агульная малітва ў царкве і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЮ́ТНЫЯ КАШТО́ЎНАСЦІ,
сукупнасць грашовых знакаў замежных дзяржаў, крэдытных і плацежных дакументаў, выражаных у замежных грашовых адзінках, якія выкарыстоўваюцца ў міжнар. разліках. Могуць уключаць: наяўную замежную валюту, плацежныя дакументы (чэкі, вэксалі, траты, акрэдытывы і інш.), замежныя фондавыя каштоўнасці (акцыі, аблігацыі), каштоўныя металы (золата, серабро, плаціна і металы плацінавай групы) у манеце, злітках, ломе і сырым выглядзе, вырабы з каштоўных металаў, жэмчуг, каштоўныя камяні і вырабы з іх. Валютнае заканадаўства ўстанаўлівае для валютных каштоўнасцей спец. абмежаваны рэжым абарачэння на тэр. краіны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗІ́НЫ,
1) шасцічленныя гетэрацыклічныя злучэнні, у цыкле якіх ёсць хоць бы адзін атам азоту. Могуць уключацьінш. гетэраатамы ці быць кандэнсаванымі з інш. цыкламі. Адрозніваюць монаазіны (з адным атамам азоту, напр., пірыдзін, хіналін), дыазіны (з двума атамамі азоту; пірымідзін), трыязіны — цыянуравая кіслата. Азіны — злучэнні з араматычнымі ўласцівасцямі, утвараюць солі з кіслотамі. Вытворныя азіны уваходзяць у састаў нуклеінавых кіслот, вітамінаў групы B, фарбавальнікаў. Выкарыстоўваюцца як тэрапеўт., псіхатропныя сродкі (аміназін, люмінал, сульфадымезін і інш.).
2) Вытворныя гідразіну агульнай формулы RR1C=N—N=CR1R.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРФО́РМАНС, перфоманс (ад англ. performanse выступленне, выкананне, прадстаўленне),
форма сучаснага мастацтва, у аснове якога знаходзіцца дзеянне. У адрозненне ад хэпенінга будуецца па разлічанаму сцэнарыю, аўтарам і выканальнікам якога з’яўляецца сам мастак або група мастакоў. П. можа ажыццяўляцца як непасрэдна перад гледачом, так і ў выглядзе відэа- або кіназапісу. Узнік у авангардысцкіх кірунках 1960-х г. У 1970-я г. пашырыў межы выяўленчага мастацтва. Дазваляе мастакам вобразна рэагаваць на актуальныя сац. ці культ. праблемы, уключаць рэальную прастору ў працэс фарміравання вобразных задум, непасрэдна ўздзейнічаць на свядомасць і паводзіны гледача, часта як састаўны элемент акцыі. На Беларусі П. вядомы з 2-й пал. 1970-х г., сярод бел. перформераў найб. вядомыя А.Вараб’ёў, І.Кашкурэвіч, В.Пятроў, Л.Русава і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАСТРАЭНТЭРАКАЛІ́Т (ад гастра... + энтэракаліт),
вострае або хранічнае запаленне страўнікава-кішачнага тракту жывёл і чалавека. Бывае вынікам харчовых таксікаінфекцый, дзеяння інш.інфекц. і алергічных фактараў, атручэнняў (лек., цяжкімі металамі, моцнымі кіслотамі і шчолачамі, алкагольных), функцыян. недастатковасці органаў стрававання, парушэння абмену рэчываў. Спрыяюць узнікненню гастраэнтэракаліту ахілія, авітамінозы, анемія. У жывёл асн. прычына першаснага гастраэнтэракаліту — ужыванне недабраякасных кармоў, іх забруджанасць раздражняльнымі хім. рэчывамі і расліннымі ядамі. Сімптомы гастраэнтэракаліту залежаць ад пераважнай лакалізацыі запаленчага працэсу ў страўніку (гастрыт), тонкім (энтэрыт) або тоўстым (каліт) кішэчніку: могуць уключаць адрыжкі, пякотку, болі пад лыжачкай і ў жываце, ірвоту з паносам, уздуцці жывата і інш. У цяжкіх выпадках вострага гастраэнтэракаліту адзначаюцца стамляльнасць, павышэнне тэмпературы, сардэчна-сасудзістыя расстройствы, магчымы пераход хваробы ў хранічную форму з рэцыдывамі і абвастрэннямі. Лячэнне: ліквідацыя першапрычын, медыкаментознае, дыетатэрапія, пры неабходнасці — прамыванні страўніка і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВОДААХО́ЎНАЯ ЗО́НА,
тэрыторыя, што мяжуе з акваторыямі рэк, азёр і інш. водных аб’ектаў, дзе ахоўваюцца падземныя і паверхневыя воды або наладжаны асаблівы рэжым гасп. дзейнасці. Водаахоўныя зоны могуць уключаць надпоймавыя тэрасы, берагі, а таксама лагчыны і яры, непасрэдна злучаныя з рачной далінай, лясныя насаджэнні на вадазборах, па берагах рэк і азёр (гл.Водаахоўныя лясы). У водаахоўнай зоне забараняецца выкарыстанне і захоўванне ядахімікатаў, складзіраванне мінер. угнаенняў, размяшчэнне жывёлагадоўчых комплексаў і фермаў, расшырэнне дзейных і буд-ва новых прамысл. прадпрыемстваў, стаянка і абслугоўванне аўтамотатранспарту і інш. віды гасп. дзейнасці. У межах водаахоўнай зоны па берагах вадаёмаў вылучаюцца прыбярэжныя палосы, на тэр. якіх забараняюцца таксама аранне зямлі, выпас жывёлы, выкарыстанне ўгнаенняў, стварэнне месцаў адпачынку. Напр., на Беларусі для зберажэння прыроднага комплексу воз. Нарач вылучана водаахоўная зона ў межах яго вадазборнай плошчы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМААЧЫШЧЭ́ННЕ НАВАКО́ЛЬНАГА АСЯРО́ДДЗЯ,
здольнасць прыроднага асяроддзя раскладаць, уключаць у біятычны кругаварот, засвойваць (асіміляваць) або пераводзіць у індыферэнтны стан забруджвальныя антрапагенныя выкіды, што трапляюць у яго. Уключае працэсы пераносу рэчываў з аднаго асяроддзя ў другое (атм. ападкамі, паветр. плынямі, вадасцёкамі), фільтрацыю вадкіх рэчываў праз глебу і інш. Пры ўключэнні ў біял. кругаварот асн. ролю адыгрываюць сапратрофныя арганізмы (бактэрыі, грыбы, прасцейшыя), шматклетачныя жывёлы-фільтранты; прадуцэнты (зялёныя расліны і хемасінтэзуючыя мікраарганізмы), кансументы (жывёлы). Інтэнсіўнасць С.н.а. залежыць ад буфернай ёмістасці экасістэм, колькасці ультрафіялетавай радыяцыі, сумы актыўных т-р асяроддзя, наяўнасці акісляльнікаў і інш. Буфернасць экасістэм і біясферы ў цэлым значна зменшылася з прычыны вял. намнажэння ў навакольным асяроддзі ксенабіётыкаў (пестыцыдаў, цяжкіх металаў, дэтэргентаў, фенолаў, пластмас і інш.), многія з якіх не ўтылізуюцца натуральным шляхам і негатыўна ўплываюць на арганізмы-дэтаксікатары.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УРАЎНЕ́ННІ МАТЭМАТЫ́ЧНАЙ ФІ́ЗІКІ,
дыферэнцыяльныя, інтэгральныя і інш. ўраўненні, што апісваюць матэм. мадэлі фіз. з’яў; састаўная частка матэматычнай фізікі. Найб. важныя з іх Лапласа ўраўненне; хвалевае ўраўненне; цеплаправоднасці ўраўненне.
Многія з’явы фізікі і механікі (гідра- і газадынамікі, пругкасці. электрадынамікі, оптыкі, тэорыі пераносу, фізікі плазмы, квантавай фізікі, тэорыі гравітацыі і інш.) апісваюцца краявымі задачамі для дыферэнцыяльных ураўненняў. Для поўнага апісання эвалюцыі фіз. працэсаў задаюцца таксама краявыя ўмовы: карціна працэсу ў пэўны момант часу (пачатковыя ўмовы), а таксама рэжым на мяжы асяроддзя, дзе працякае зададзены працэс (гранічныя ўмовы). Краявая задача з зададзенымі пачатковымі і гранічнымі ўмовамі наз. змешанай задачай, толькі з пачатковымі ўмовамі — Кашы задачай, толькі з гранічнымі — гранічнай задачай. Краявыя задачы, што апісваюць рэальныя фіз. працэсы, могуць быць надзвычай складанымі, напр., уключаць сістэмы ўраўненняў вышэйшых парадкаў, нелінейныя ўраўненні і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ТЛАС ГЕАГРАФІ́ЧНЫ,
сістэматызаваны збор геаграфічных картаў. Аб’яднаны агульнай назвай, выкананы па адзінай праграме сродкамі картаграфічнага адлюстравання ў форме цэласнага картаграфічнага твора. Назва дадзена фламандскім картографам Г.Меркатарам (збор картаў; 1595) у гонар Атласа, міфічнага караля Лівіі. Класіфікуюць атласы па тэр. ахопе — атласы геаграфічныя свету, асобных кантынентаў ці буйных частак, краін, асобных абласцей, правінцый і раёнаў, атласы гарадоў; па змесце — агульнагеаграфічныя, тэматычныя (геал., кліматычныя, сельскай гаспадаркі, прам-сці і г.д.); па прызначэнні — навукова-даведачныя, краязнаўчыя, вучэбныя, ваенныя, турысцкія, дарожныя і інш.; па фармаце — настольныя (сумарная пл. больш за 15 м²), сярэднефарматныя (пл. ад 6 да 14 м²), кішэнныя (пл. не больш за 5 м²). Атласы геаграфічныя могуць уключаць тэксты, табліцы, даведачна-статыстычныя звесткі. Першы сістэматызаваны збор картаў склаў стараж.-грэч. географ К.Пталамей (2 ст. нашай эры). Атлас «Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка» выдадзены ў 1958, вучэбны атлас — у 1990 (атлас «Беларуская ССР»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭКТАНІ́ЧНАЯ СТРУКТУ́РА,
форма залягання горных парод, якая заканамерна паўтараецца ў зямной кары і абумоўлена ўздзеяннем тэктанічных сіл. Ахоплівае структуру Зямлі ў цэлым, яе асобныя рэгіёны і невял. ўчасткі. Класіфікуюць Т.с. паводле памеру (маштабу), марфалогіі і генезісу. Адрозніваюць элементарныя структурныя формы (слой, складкі, скід, зрух, насоў і інш.) і Т.с. магматычных цел (дайка, лакаліт, баталіт і інш.), якія могуць уключаць Т.с. меншых памераў — да мікраскапічных. Комплексы элементарных структурных цел групуюцца ў складаныя структурныя формы — антыклінорыі, сінклінорыі, якія ў заканамерным спалучэнні фарміруюць складкавыя сістэмы (горы); на платформах вылучаюць антэклізы, сінеклізы, аўлакагены і інш.Найб. буйныя Т.с., карані якіх паглыблены ў верхнюю мантыю, наз.глыбіннымі структурамі (кантынент. і акіянічныя платформы, акіянічныя, геасінклінальныя і арагенныя рухомыя паясы, а таксама глыбінныя разломы і рыфты). Глыбінныя структуры, якія развіваюцца пераважна ў зямной кары, наз.коравымі структурамі. Т.с. ўтвараюцца пад уздзеяннем тэктанічных рухаў, якія маюць пэўную накіраванасць і гісторыю развіцця, і сіл, што выклікаюць тэктанічныя дэфармацыі і адлюстроўваюць дынаміку працэсу. Структурная геалогія даследуе элементарныя Т.с. і Т.с. магматычных цел малых і сярэдніх форм (да 10 км у папярочніку), петратэктоніка — мікраскапічныя Т.с. магматычных цел, тэктоніка — комплексы структур буйнога маштабу (больш за 100 км).
Літ.:
Белоусов В.В. Структурная геология. 2 изд. М., 1971;