ІНСПІРА́ЦЫЯ (ад лац. inspiratio натхненне, навяванне),
1) намова, падбухторванне. Інспіраваны — выкліканы чыім-н. падбухторваннем.
2) І. ў фізіялогіі — удых, удыханне.
т. 7, с. 264
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСПІРА́ЦЫЯ (ад лац. aspiratio удыханне) у медыцыне, 1) пранікненне ў дыхальныя шляхі іншародных целаў пры ўдыханні. Можа прывесці да запалення дыхальных шляхоў (ускладняецца нагнаеннем і гангрэнай), да смерці ад удушша.
2) Адсмоктванне шпрыцам або іншай прыладай вадкасці ці паветра з поласці цела, сустава, нацёкавага гнайніка.
т. 2, с. 42
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СО́НЕЧНЫ ЎДА́Р,
пераграванне арганізма ў выніку прамога дзеяння сонечных прамянёў на галаву. Адрозніваецца ад агульнага перагравання арганізма — цеплавога ўдару. Вылучаюць 3 ступені С.ў.: лёгкая, сярэдняя, цяжкая. Сімптомы: галаўны боль, моташнасць, ірвота, т-ра да 42 °C і вышэй, часты пульс і дыханне, вял. страта вады, солей, парушэнне функцыі нырак, страта прытомнасці, сутаргі. Лячэнне: ахалоджванне цела, цень, удыханне кіслароду, медыкаментознае.
І.М.Семяненя.
т. 15, с. 85
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПАКСІ́Я (ад гіпа... + лац. oxygenum кісларод), анаксія, кіслароднае галаданне, кіслародная недастатковасць,
паніжаная колькасць кіслароду ў тканках арганізма. Пры гіпаксіі зніжаецца насычанасць кіслародам крыві (гіпаксемія). Бывае ў тых, хто падымаецца на вял. вышыню (лётчыкі, альпіністы), пры хваробах органаў дыхання, сардэчна-сасудзістай сістэмы, атручэнні ядамі. Прыкметы: боль галавы, моташнасць, частковая страта здольнасці рэальна ацэньваць абставіны і кіраваць рухамі. Лячэнне: ліквідацыя асн. хваробы, удыханне кіслароду, сардэчныя сродкі.
т. 5, с. 253
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНГАЛЯ́ЦЫЯ (ад лац. inhalare удыхаць),
увядзенне лякарстваў у арганізм удыханнем. Для І. ўжываюць лек. рэчывы ў выглядзе аэразоляў, у якія ўваходзяць мікракрышталі, вадкія, газападобныя часцінкі і паветр. маса. І. бываюць буйнадысперсныя (памер часцінак 10—15 мк) і дробнадысперсныя (памер часцінак 3—10 мк). І. ў выглядзе сухіх, вадкіх, масляных аэразоляў лечаць хваробы дыхальных шляхоў, лёгкіх і скуры; газападобныя рэчывы ў выглядзе аэразоляў выкарыстоўваюць пры вострым ці падвострым стане здароўя чалавека. І. можна генерыраваць аэразолі, зараджаныя дадатным ці адмоўным зарадам (электрааэразолі для лячэння вегетатыўнай дысфункцыі, гіпертаніі і інш.). Для забеспячэння І. масавых кантынгентаў ствараюцца інгаляторыі. Удыханне лек. рэчываў наз. штучнай І., дыханне марскім, лясным ці горным паветрам — прыроднай.
М.А.Скеп’ян.
т. 7, с. 223
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЫЯНІ́ДЫ, цыяністыя солі,
неарганічныя злучэнні, солі сінільнай кіслаты.
Ц. шчолачных і шчолачна-зямельных металаў — іонныя злучэнні, добра раствараюцца ў вадзе. Пры павышанай т-ры Ц. шчолачных і шчолачна-зямельных металаў цалкам гідралізуюцца. Атрымліваюць Ц. шчолачных металаў узаемадзеяннем шчолачаў з HCN, шчолачна-зямельных — абменнымі рэакцыямі і інш. спосабамі. Ц. падгрупы цынку — дыямагнітныя рэчывы. Ц. цяжкіх металаў (акрамя ртуці) не раствараюцца ў вадзе, іх атрымліваюць рэакцыяй хларыдаў, сульфатаў або нітратаў з NaCN або KCN. Утвараюць цыянаты (узаемадзеянне з O2), галагенцыяніды (з Cl, Br, I), нітрылы. Выкарыстоўваюць у гальванатэхніцы для атрымання метал. пакрыццяў, як каталізатары шэрагу хім. працэсаў, у вытв-сці пігментаў, фарбаў і інш. Моцныя яды; удыханне прыводзіць да сардэчнай недастатковасці. ГДК 0,3 мг/м³ у пераліку на HCN.
т. 17, с. 158
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ДМІЙ (лац. Cadmium),
Cd, хімічны элемент II групы перыяд. сістэмы, ат. н. 48, ат. м. 112,41. Прыродны складаецца з 8 стабільных ізатопаў з масавымі лікамі: 106, 108, 110—114, 116. У зямной кары 1,3510−5% па масе, знаходзіцца пераважна ў цынкавых рудах. Адкрыты ў 1817 ням. хімікам Ф.Штромеерам, названы ад грэч. kadmeia — цынкавая руда.
Серабрыста-белы метал, мяккі і коўкі, t 321,1 °C, tкіп 766,5 °C, шчыльн. 8650 кг/м. У паветры пакрываецца тонкай плёнкай аксіду CdO, якая ахоўвае яго ад далейшага акіслення. Узаемадзейнічае з мінер. к-тамі, пры т-ры, вышэйшай за т-ру плаўлення, — з галагенамі і халькагенамі (сульфід CdS, селенід CdSe і тэлурыд CdTe — паўправадніковыя матэрыялы), пры сплаўленні — з фосфарам, мыш’яком і сурмой. Непасрэдна не ўзаемадзейнічае з вадародам, азотам, вугляродам, борам. крэмніем. Атрымліваюць пры перапрацоўцы цынкавых, свінцова-цынкавых і медна-цынкавых руд. Выкарыстоўваюць для кадміравання, як кампанент спец. прыпояў, сплаваў, на выраб стрыжняў для ядз. рэактараў, электродаў для акумулятараў і нармальных элементаў, для атрымання пігментаў, паўправадніковых матэрыялаў, стабілізатараў пластмас. Пара К. і яго злучэнняў таксічная, удыханне яе выклікае рвоту, сутаргі, ГДК 0,1 мг/м³. К. можа назапашвацца ў арганізме чалавека, хранічнае атручванне прыводзіць да анеміі і разбурэння касцей, ГДК у пітной вадзе 0,01 мг/л.
А.П.Чарнякова.
т. 7, с. 406
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРЭ́ННЕ тытуню,
адна з найбольш распаўсюджаных шкодных прывычак чалавека — удыханне дыму тлеючага тытуню; від бытавой наркаманіі. Тытунь завезены Х.Калумбам у Іспанію і Партугалію з Амерыкі ў канцы 15 ст.; выкарыстоўваўся як дэкар. расліна, пазней — для К. У 16 ст. распаўсюдзіўся ў Францыі (падараваны каралеве як лек. сродак паслом у Партугаліі Ж.Ніко — адсюль «нікацін»); у Расію завезены ў пач. 17 ст. К. праследавалася ўладамі ў Англіі, Італіі, Расіі і інш. краінах. Пётр I дазволіў продаж тытуню і наклаў пошліну на карысць дзяржавы. Да сярэдзіны 19 ст. К. стала бытавой заганай.
Цвёрдая ч. тытунёвага дыму складаецца з дзёгцю і інш. пухлінагенных рэчываў, газавая мае ў сабе аксіды вугляроду, нікацін, альдэгіды, эфіры, фенолы, сінільную к-ту і інш. Вуглевадароды ў тытунёвым дыме могуць правакаваць развіццё ракавых пухлін, радыеактыўны палоній-210 садзейнічае з’яўленню хранічных бранхітаў, злаякасных пухлін лёгкіх, мачавога пузыра, страўніка, нырак і інш. Таксічнасць тытунёвых вырабаў вызначаецца колькасцю нікаціну (0,7—2,5%). Паступовае атручэнне арганізма пры К. вядзе да заўчаснага развіцця захворванняў, скарачае працягласць жыцця у сярэднім на 5—7 гадоў, зніжае фіз. і інтэлектуальныя здольнасці чалавека; тытунёвы дым шкодны для навакольных; найб. небяспечнае К. для дзяцей і падлеткаў, пры цяжарнасці. Лячэнне: псіхатэрапія і псіхапрафілактыка, медыкаментознае.
А.М.Петрыкаў.
т. 9, с. 56
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)