ІНГАЛЯ́ЦЫЯ (ад лац. inhalare удыхаць),
увядзенне лякарстваў у арганізм удыханнем. Для І. ўжываюць лек. рэчывы ў выглядзе аэразоляў, у якія ўваходзяць мікракрышталі, вадкія, газападобныя часцінкі і паветр. маса. І. бываюць буйнадысперсныя (памер часцінак 10—15 мк) і дробнадысперсныя (памер часцінак 3—10 мк). І. ў выглядзе сухіх, вадкіх, масляных аэразоляў лечаць хваробы дыхальных шляхоў, лёгкіх і скуры; газападобныя рэчывы ў выглядзе аэразоляў выкарыстоўваюць пры вострым ці падвострым стане здароўя чалавека. І. можна генерыраваць аэразолі, зараджаныя дадатным ці адмоўным зарадам (электрааэразолі для лячэння вегетатыўнай дысфункцыі, гіпертаніі і інш.). Для забеспячэння І. масавых кантынгентаў ствараюцца інгаляторыі. Удыханне лек. рэчываў наз. штучнай І., дыханне марскім, лясным ці горным паветрам — прыроднай.
М.А.Скеп’ян.
т. 7, с. 223
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)