МАНЕ́ЎР (франц. manoeuvre),

1) арганізаванае і хуткае перамяшчэнне войскаў або флоту з мэтай стварэння найб. выгаднай групоўкі сваіх сіл і сродкаў для выканання баявой задачы. Буйныя тактычныя вучэнні войск або флоту (часам сумесныя) ва ўмовах, блізкіх да баявых, наз. манеўры.

2) Пераноснае — хітрасць, выкрутас, удалы прыём.

3) Перамяшчэнне лакаматываў і вагонаў па станцыйных пуцях для састаўлення цягнікоў, сарціроўкі вагонаў і г.д. 4) Змена напрамку руху (курса, арбіты) судна, самалёта, касм. лятальнага апарата.

т. 10, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЭ́СЦКІ АБЛАСНЫ́ РУ́СКІ ДРАМАТЫ́ЧНЫ ТЭА́ТР.

Існаваў з жн. 1940 да чэрв. 1941 у Брэсце. Створаны з выпускнікоў Дзярж. ін-та тэатр. мастацтва (маст. кіраўнік курса М.​Тарханаў). Адкрыўся ў снежні спектаклем «Любоў Яравая» К.​Транёва. Маст. кіраўнік т-ра Б.​Кульнёў, рэж. В.​Старасціна. Спектаклі вызначаліся высокапрафесійнай рэжысурай, акцёрскім ансамблем, глыбокай псіхал. распрацоўкай характараў: «Мяшчане» М.​Горкага, «Небяспечны паварот» Дж.​Б.​Прыстлі. У 1941 пастаўлены «Слава» В.​Гусева, «Самадуры» К.​Гальдоні, працавалі над гіст. драмай «Мсціслаў Удалы» І.​Прута.

Р.​Б.​Смольскі.

т. 3, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ РАБО́ЧЫ ТЭА́ТР імя Цэнтральнага савета прафесійных саюзаў Беларусі.

Існаваў у 1928—33 у Мінску. Створаны з драм. гуртка бухгалтарскіх курсаў як Бел. рабочы т-р («Наш тэатр»), у 1930 перайменаваны ў т-р імя ЦСПСБ. З мая 1930 працаваў як вандроўны. Дырэктар М.​Красінскі, рэжысёр Ф.​Ждановіч, з 1930 В.​Галаўчынер. Т-р выступаў сярод рабочых пераважна ў аддаленых раёнах. Асн. месца ў рэпертуары займалі актуальныя на той час п’есы: «Босыя на вогнішчы» паводле М.​Чарота, «На стыку» Ц.​Гартнага, «Будні» І.​Гурскага, «Шляхамі рознымі» У.​Стэльмаха, «Гірт з воўчага логу» Я.​Райніса, «Князь Мсціслаў Удалы» І.​Прута, «Стрэл» А.​Безыменскага, «Чынгісбуд» К.​Федзіна, «Слухайце, ныцікі!» А.​Майскага, аперэта «Кухня святасці» Я.​Цікоцкага.

С.​А.​Пятровіч.

т. 2, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІ́ГЕР (сапр. Джанаеў Іван Васілевіч; 2.11.1896, с. Сіндзісар, Паўн. Асеція — 3.5.1947),

асецінскі паэт, літаратуразнавец; класік асецінскай л-ры. Скончыў Паўн.-Асец. пед. ін-т (1930). Літ. дзейнасць пачаў у 1913. Матывы абяздоленага жыцця горцаў-беднякоў, іх спадзяванні — асн. змест яго дарэв. паэзіі. Пафасам рэв. барацьбы, сац. перамен прасякнуты паэмы «Мулдар» (1930), «Гыцы» (1934), «На беразе Церака» (1939). Паводле матываў нар. песень і паданняў напісаны паэмы «Сын Уахатага — удалы Гуйман», «Танец Бадэляты» (абедзве 1935) і інш. Тэме подзвігу асецінскага народа ў Вял. Айч. вайну прысвечана паэма «Чырвонаармеец будзе спавядаць» (1945). Разам з Т.​Епхіевым напісаў драму «Коста» (1939). Лірыка Н. адметная навізной вобразаў, форм і жанраў. Даследчык асецінскага фальклору, нарцкага эпасу, творчасці асецінскіх пісьменнікаў.

Тв.:

Рус. пер. — Избранное. Орджоникидзе, 1978;

Думы Осетии: Стихи и поэмы. М., 1981.

А.​С.​Пухаеў.

т. 11, с. 313

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯРЭ́ЙСКІЯ,

малодшая лінія маскоўскіх вялікіх князёў. Паходзяць ад Дзмітрыя Данскога, прозвішча ад г. Вярэя, які ім належаў. Найб. вядомыя:

Міхаіл Андрэевіч (?—1486), у час вайны за трон Маскоўскага вял. княства паміж звянігарадскім князем Юрыем Дзмітрыевічам і Васілём II падтрымліваў спачатку першага, пасля другога. Разам з Васілём II хадзіў супраць хана Улуг-Мухамеда, у 1471 з Васілём III — на Ноўгарад. Пасля смерці Міхаіла Андрэевіча Вярэйскае княства далучана да Маскоўскай дзяржавы. Васіль Міхайлавіч Удалы (? — каля 1501), удзельнічаў у паходах маскоўскіх войск на Казань (1468, 1469), Ноўгарад (1471), супраць хана Ахмата (1472, 1480). У 1484 з-за пагрозы арышту ўцёк у ВКЛ, дзе атрымаў ва ўладанне Любеч, Койданаў, Усу, Старынкі, Іслач, Валожын, Радашковічы. Соф’я Васілеўна (пасля 1480 — 1549), дачка Васіля Міхайлавіча, выйшла замуж за А.​Гаштольда (да 1506). У 1563 атрымала ад мужа Трабы, Гальшаны і інш., пасля яе смерці ўсе маёнткі адышлі да вял. князя ВКЛ як вымарачныя.

А.П.Грыцкевіч.

т. 4, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)